Нарвенская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нарвенская культура
Неаліт
Прыклад керамікі
Геаграфічны рэгіён усходняя і паўднёвая Балтыка
Лакалізацыя Беларусь, Літва, Латвія, Расія, Польшча
Датаванне 5000 да н.э. — 3000 да н.э.
Носьбіты індаеўрапейцы
Тып гаспадаркі рыбалоўства, збіральніцтва, паляванне
Пераемнасць
Кундская культура Культура тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, Усвяцкая культура

Нарвенская культура — археалагічная культура ранненеалітычных плямён, якія ў V—IV тыс. да н.э. жылі на тэрыторыі ўсёй Усходняй Прыбалтыкі: на поўдні да ракі Мерач і ракі Прэголя, на паўднёвым усходзе — на поўначы ад Мінска, на ўсходзе — да вярхоўяў Дзвіны, на поўначы — да Фінскага заліва і паўднёвага ўзбярэжжа Ладажскага возера.

Нарвенская культура адносіцца да культур паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў усходнепрыбалтыйскай лясной зоны. Назву атрымала паводле першых даследаваных помнікаў на р. Нарва ў паўночна-ўсходняй Эстоніі. Вылучана ў 1950-х г. Н. М. Гурынай і Л. Яанітсам.

На тэрыторыі Беларусі помнікі нарвенскай культуры распаўсюджаны ў Падзвінні, за выключэннем яго паўднёва-ўсходняй часткі, верхнім Павіллі і верхнім цячэнні р. Бярэзіна (басейн Дняпра) на поўнач ад Мінска. Найважнейшыя стаянкі: Асавец 4, Зацэнне, Сосенка 3.

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Паселішчы размяшаліся на ўзбярэжжах вадаёмаў, пераважна азёрных. Некаторыя з азёр затарфаваліся, а прыбярэжныя стаянкі ператварыліся ў тарфянікавыя (Зацэнне), што спрыяла захаванню вырабаў з арганічных матэрыялаў.

Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з адкрытымі наземнымі агнішчамі, разнастайныя прылады працыі зброя з крэменю, рога і косці, гліняны ляпны посуд, касцяныя ўпрыгажэнні.

З-за беднасці мясцовых запасаў сыравіны крамянёвыя вырабы нешматлікія: лістападобныя чаранковыя наканечнікі стрэл, коп’яў, разцы, скрабкі, нажы, рубячыя інструменты. Касцяныя і рагавыя вырабы прадстаўлены верацёнападобнымі і біканічнымі наканечнікамі стрэл, гарпунамі, кінжаламі, праколкамі, долатамі, цясламі і сякерамі, матыкамі з прасвідраванымі адтулінамі. Упрыгажэннямі, а таксама амулетамі-абярэгамі найчасцей служылі прасвідраваныя або наразныя зубы жывёл.

Ва ўжытку насельніцтва былі шырока адкрытыя прысадзістыя вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі тоўчаных ракавін і валакністых рэштак раслін у цесце, таксама акругладонныя міскі, у т.л. авальныя. Некаторыя пасудзіны пад краем венчыкаў мелі пояс глыбокіх круглых ямак. Знешнія паверхні сценак звычайна аздоблены разрэджанымі паясамі адбіткаў тонкага грэбеня, насечак, наколаў, пракрэсленымі лініямі. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам.

Змены[правіць | правіць зыходнік]

Нарвенская культура, асабліва на паўднёвай і паўдднёва-заходняй перыферыі, адчувала моцныя ўплывы іншакультурных плямён Панямоння і Падняпроўя.

У 2-й палове IV-га тыс. да н.э. ў паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку пачалася актыўная экспансія з усходняй Прыбалтыкі плямён культуры грабеньчата-ямкавай керамікі. На поўначы Беларусі пад іх уздзеяннем нарвенская культура змянілася і паступова трансфармавалася ва ўсвяцкую культуру сярэдняга неаліту.

Нарвенскую культуру звязваюць з прота-балтамі, прамымі продкамі балтаў, на падставе таго, што супадаюць яе паўночныя межы з распаўсюджваннем балцкіх гідронімаў і тапонімаў, што сустракаюцца ў Эстоніі, Фінляндыі, у Пскоўскай і Наўгародскай вобласцях. Нарвенская культура пануе там з сярэдзіны V тыс. да н.э. (4600/4300 г. да н.э.). Пасля таго, як культура грабеньчата-ямкавай керамікі адціснула нарвенскую культуру на поўдзень, ні ў які іншы час балцкія гідронімы не маглі там распаўсюдзіцца, апроч як у час нарвенскай культуры[1][2][3].

Зноскі

  1. Algirdas Girininkas. Baltai prie Suomijos įlankos // Lietuvos archeologija. T. 19. 2000. С. 103—108.
  2. Агеева P.A. Гидронимия балтского происхождения на территории псковских и новгородских земель // Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980, с. 147—152.
  3. А. Ванагас. Максимальный ареал балтской гидронимии и проблема происхождения балтов //Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980, с. 119—123.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чарняўскі, М. М. Нарвенская культура / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: Энцыклапедыя… — С. 126.
  • Чарняўскі, М. М. Нарвенская культура // Археалогія Беларусі: У 4 т. Том 1. Каменны і бронзавы вякі / З. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц [і інш.]. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 422, [2] с. — С