Народная газета

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Народная газета»
Арыгінальная
назва
Народная газета
Тып газета
Заснавана 1990
Мова беларуская
Галоўны офіс
Вэб-сайт ng.by

«Народная газета» — грамадска-палітычная газета. Прапагандысцкае выданне Аляксандра Лукашэнкі з 1995 года[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выдаецца з 2 кастрычніка 1990 года ў Мінску на беларускай і рускай мовах штодзённа. Заснавальнік — адкрытае акцыянернае таварыства «Народная газета». У першай палове 1990-х гадоў з’яўлялася афіцыйнай газетай Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь (законнага парламента). Газета займала ўмераную цэнтрысцкую пазіцыю, імкнучыся адлюстраваць палітычныя погляды большасці грамадзян.

Прызначаны ў 1990 годзе галоўным рэдактарам, Іосіф Сярэдзіч некаторымі публікацыямі хутка настроіў супраць сябе парламенцкую большасць. Першы такі званочак празвінеў у студзені 1991 г., калі «Народная газета» распачала публікацыю твора Ф. Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ». Далей былі рэзкія артыкулы З. Пазняка «Пра Леніна і камуністаў», «О русском империализме и его опасности» і інш. Прасавецкія дэпутаты вінавацілі І. Сярэдзіча ў асабістых амбіцыях[2].

10 сакавіка 1995 года ў газеце быў надрукаваны ліст да прэзідэнта ад імя Здзіслава Вальняровіча, дзе выкладзены радыкальныя настроі аўтара (ім насамрэч была выкладчыца Рэгіна Зімніцкая). 17 сакавіка 1995 г. выйшаў указ прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Аб асобных парушэннях заканадаўства ў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі». Праз публікацыю пад рубрыкай «Пісьмо да Прэзідэнта», што, паводле кіраўніка дзяржавы, заклікала да гвалту і грамадзянскага процістаяння, быў вызвалены ад пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіф Сярэдзіч. Па законе прэзідэнт не меў права вызваляць галоўнага рэдактара ад пасады, бо апошні прызначаўся Вярхоўным Саветам. Аднак ва ўказе ішла гаворка пра «канстытуцыйныя правы прэзідэнта па забеспячэнні стабільнасці, правоў і свабод грамадзянаў». Такія правы кіраўніку дзяржавы фармальна надаваў пункт 1 артыкула 100 прынятай летась Канстытуцыі. Нягледзячы на заклікі апазіцыі, Вярхоўны Савет не адстаяў галоўнага рэдактара ўласнага выдання[2].

17 сакавіка 1995 г. сваім указам Аляксандр Лукашэнка прызначыў галоўным рэдактарам «Народнай газеты» Мікалая Галко[3]. Іосіф Сярэдзіч стварыў новую газету «Народная Воля», першы нумар якой выйшаў 11 ліпеня 1995 г. Тым часам «Народная газета», перайшоўшы на аднабаковае асвятленне грамадскіх падзей, згубіла больш за палову сваіх чытачоў (наклад зменшыўся ад 558,4 тыс. асобнікаў у сакавіку 1995 да 258,1 тыс. у верасні 2005).

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Асвятляе пытанні грамадска-палітычнага, міжнароднага жыцця, праблемы эканомікі, культуры, навукі, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь.

Шмат увагі аддае пытанням маралі і права, адносінам чалавека і грамадства. Публікуе заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-палітычныя, па пытаннях эканомікі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сацыяльных праблемах, спорце.

Шырока выкарыстоўвае лісты чытачоў, пазаштатных аўтараў.

Галоўныя рэдактары[правіць | правіць зыходнік]

  • Іосіф Сярэдзіч (1990—1995)
  • Мікалай Галко (1995—1996)
  • Міхаіл Шыманскі (1996—2004)
  • Уладзімір Андрыевіч (2005—2014)
  • Ігар Савосценка (з 2014)

Зноскі

  1. Wilson 2021, p. 177.
  2. а б nashaniva.by
  3. Взятие СМИ под контроль, нарушение профессиональной самостоятельности редакций(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2022. Праверана 15 красавіка 2013.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]