Нефтыда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нефтыда (грэч.), Небетхет (стар.-егіп. "Спадарыня абіцелі") — у егіпецкай міфалогіі малодшая з дзяцей Геба і Нут. Багіня геліопальскай Энеады.

Малявалася ў вобразе жанчыны з іерогліфам свайго імя на галаве (дом з будаўнічым кошыкам наверсе). Лічылася і шанавалася жонкай Сета, але, мяркуючы па тэкстах, вельмі мала з ім звязана. Яе сутнасць у егіпецкай рэлігійнай літаратуры амаль не раскрыта. У міфалагічных тэкстах, аднак, Нефтыда выступае разам з сястрой Ісідай у містэрыях Асірыса і ва ўсіх памінальных магічных абрадах. Яна разам з Ісідай аплаквае Асірыса, удзельнічае ў пошуках яго цела, ахоўвае яго мумію, стоячы ў падгалоўя яго ложа. Абедзве сястры ля ўсходняга неба сустракаюць памерлага. Нефтыда з'яўлялася спадарожніцай Ра падчас яго начнога плавання па падземных водах.

Паводле «Тэкстаў пірамід», Нефтыда плавае ў начной барцы (Ісіда — у дзённай). Нефтыда, Ісіда і Селкет атаясамляліся з сакаліхамі, таму іх часта выяўляюць на саркафагах у відзе крылатых жанчын, як абаронцаў памерлых. У якасці выявы Нефтыды нярэдка выступала Сешат.