Папялістае святло Месяца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маршрут фатонаў пры папялістым святле: Сонца->Зямля->Месяц->Зямля

Папялістае святло Месяца — з'ява, калі мы бачым Месяц цалкам, хоць Сонцам асветлена толькі яго частка. Пры гэтым неасветленая прамым сонечным святлом частка паверхні Месяца мае характэрны папялісты колер.

Назіраецца незадоўга да і неўзабаве пасля маладзіка (у пачатку першай чвэрці і ў канцы апошняй чвэрці фаз Месяца).

Свячэнне неасветленай прамым сонечным святлом паверхні Месяца ўтвараецца сонечным святлом, рассеяным Зямлёй, а затым другі раз адлюстраваным Месяцам на Зямлю. Такім чынам, маршрут фатонаў папялістага святла Месяца такі: Сонца->Зямля->Месяц->вока назіральніка на Зямлі.

Серп Месяца з папялістым святлом, намаляваны Леанарда да Вінчы ў Лестэрскім кодэксе
Яркі серп — частка, наўпрост асветленая Сонцам. Астатняя частка Месяца асветленая святлом, адлюстраваным ад Зямлі
Папялстае святло Месяца

Прычына гэтай з'явы добра вядомая з часоў Леанарда да Вінчы і Местліна [1], настаўніка Кеплера, якія ўпершыню далі правільнае тлумачэнне папялістага святла. Тлумачэнне Местліна было апублікавана ў 1604 годзе ў сачыненні Кеплера «Astronomiae pars optica», тлумачэнне ж Леанарда да Вінчы, дадзенае на сто гадоў раней, было знойдзена ў яго рукапісах.

Упершыню інструментальныя параўнання яркасці папялістага святла і сярпа Месяца былі зроблены ў 1850 годзе французскімі астраномамі Араго і Лаж'е[2].

Фатаграфічныя даследаванні папялістага святла Месяца ў Пулкаўскай абсерваторыі, праведзеныя Г. А. Ціхавым, прывялі яго да высновы, што Зямля з Месяца мусіць выглядаць як дыск блакітнага колеру, што і пацвердзілася ў 1969 годзе[3]. Г. Ціхаў лічыў важным весці сістэматычныя назіранні папялістага святла. Назірання за папялістым святлом Месяца дазваляюць рабіць выснову пра змену клімата Зямлі[4]. Інтэнсіўнасць папялістага колеру ў пэўнай ступені залежыць ад колькасці воблачнасці на асветленым у дадзены момант баку Зямлі.

Зноскі