Помнік героям Айчыннай вайны 1812 года (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Помнік героям Айчыннай вайны 1812 года
Адноўлены помнік героям Айчыннай вайны 1812 года
Адноўлены помнік героям Айчыннай вайны 1812 года
55°29′08″ пн. ш. 28°46′02″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Полацк Плошча Свабоды
Архітэктар Антоніа Адаміні
Першае згадванне 1835
Будаўніцтва 18481850 гады
Стан Адноўлены ў 2010 годзе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Помнік героям Айчыннай вайны 1812 года (ранейшая назва: Помнік ва ўспамін Айчыннай вайны 1812 года) — адзін з дзесяці помнікаў 2-га класа, створаных па праекце архітэктара Антоніа Адаміні, якія планавалася ўстанавіць у месцах баёў часоў вайны 1812 года.

Узведзены ў 1850 годзе ў цэнтры Полацка на Корпуснай плошчы (сучасная плошча Свабоды) ва «ўспамін Айчыннай вайны 1812 года».

Помнік выкананы ў візантыйскім стылі.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

15 лістапада 1835 года расійскі імператар Мікалай I зацвердзіў даклад міністра фінансаў пра ўскладанне на Санкт-Пецярбургскі Аляксандраўскі ліцейны завод адліўкі і пастаноўкі 16 помнікаў, прызначаных да збудавання на месцах бітваў 1812 года, якія былі падзелены па велічыні, афармленню і важнасці на тры класы: 1-га класа — адзін помнік, 2-га класа — 10 і 3-га класа — 5. Затым заказ быў перададзены Луганскаму ліцейнаму заводу.

25 красавіка 1846 года з Санкт-Пецярбурга на Луганскі ліцейны завод былі адпраўлены мадэлі для Полацкага помніка.

Выніковы праект[правіць | правіць зыходнік]

Конкурс на лепшы праект помніка выйграў архітэктар з Санкт-Пецярбурга Антоніа Адаміні, італьянец швейцарскага паходжання. У 1834 годзе ён кіраваў працамі па ўстанаўленні Александрыйскага слупа на Палацавай плошчы ў Санкт-Пецярбургу.

Падрыхтоўчыя працы[правіць | правіць зыходнік]

У 1836 годзе ў Віцебскую губерню быў камандзіраваны падпалкоўнік Якаўлеў, афіцэр Генеральнага штаба, з мэтай выбару месца для ўстанаўлення помніка. Якаўлеў рэкамендаваў устанавіць помнік на плошчы супраць кадэцкага корпуса. Справаздача падпалкоўніка была зацверджана Мікалаем I.

Выраб помніка[правіць | правіць зыходнік]

Адказным за ўзвядзенне падмурка для Полацкага помніка і доміка для інваліда пры ім быў прызначаны ў 1846 годзе старшыня Віцебскай казённай палаты.

Непасрэднае кіраўніцтва працамі ажыццяўляў архітэктар тытулярны саветнік Фіксен.

У красавіку 1847 года пачалася адліўка першых частак Полацкага помніка на Луганскім ліцейным заводзе.

25 чэрвеня 1848 года адбылася ўрачыстая закладка падмурка помніка.

Праз 22 месяцы пасля пачатку адліўкі на Луганскім заводзе прыступілі да папярэдняй зборкі помніка. Пазалота частак Полацкага помніка ажыцяўлялася гальванапластычным метадам і была скончана 10 снежня 1849 года.

Заключны этап[правіць | правіць зыходнік]

10 мая 1849 года часткі помніка пачалі адгружаць з Луганскага завода для адпраўкі ў Полацк. Да месца зборкі 1985 частак помніка былі дастаўлены да 9 снежня 1849 года.

Французская гармата каля Помніка героям Айчыннай вайны 1812 года

Да 1 мая 1850 года Полацкі помнік быў сабраны. Заставалася толькі ўстанавіць пазалочаныя часткі. 16 чэрвеня 1850 года абоз з пазалочанымі часткамі помніка прыбыў у Полацк.

5 жніўня 1850 года майстар Броўкін з камандай майстравых з 11 чалавек пасля выканання ўсіх прац па ўстаноўцы помніка ў Полацку вярнуўся на Луганскі чыгуналіцейны завод.

Па дакладзе дэпартамента горных і саляных спраў 18 кастрычніка 1850 года, паводле прадстаўлення Віцебскай казённай палаты, адбылося ўзнагароджанне майстра Броўкіна і трыццаці майстравых Луганскага ліцейнага завода, якія былі ў Полацку для ўстаноўкі помніка.

18 красавіка 1851 года міністр фінансаў за выдатную руплівую службу і працу, аказаныя прабірэрам Луганскага завода, горным інжынерам, штабс-капітанам Філіп’евым, які займаўся залачэннем бронзавага купала помніка, упершыню ўкараніўшы на заводзе падобную тэхналогію, абвясціў яму падзяку.

Адкрыццё помніка[правіць | правіць зыходнік]

Помнік героям Айчыннай вайны 1812 года. Выява пачатку ХХ стагоддзя

Адкрыццё помніка адбылося 26 жніўня (7 верасня1850 года напярэдадні юбілею Барадзінскай бітвы. На цырымоніі прысутнічалі спадчыннік расійскага прастола цэсарэвіч Аляксандр Мікалаевіч, архіепіскап Васіль (Лужынскі), генерал-губернатар Віцебскі, Магілёўскі і Смаленскі, ваенны губернатар Віцебска і Віцебскі грамадзянскі губернатар, губернскі і павятовы правадыры дваранства, у страі кадэты Полацкага корпуса. Адкрыццё суправаджалася хрэсным ходам і ўрачыстым набажэнствам ля падножжа помніка, у якім бралі ўдзел укленчаныя войскі і сам спадчыннік.

Па заканчэнні набажэнства архіепіскап Васіль звярнуўся да кадэтаў:

Да вас зараз звяртаю маё пастырскае слова, юныя гадаванцы Расіі, будучыя воіны рускага цара. Прад тварам яго імператарскай высокасці гасудара спадчынніка, найяснейшага начальніка нашага, які ўзвялічыў сваёй прысутнасцю гэту ўрачыстасць, захавайце назаўжды ў нявінных сэрцах і розумах вашых памяць пра гэту падзею.

— Викентьев, В. П. Полоцкий кадетский корпус. — Полоцк : Х. В. Клячко, 1910. — С. 185—187.

У завяршэнне ўрачыстага мерапрыемства батальён кадэтаў прайшоў міма помніка цырыманіяльным маршам.

Знішчэнне помніка[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя (1931—1932) Полацкі помнік быў знесены «на метал для патрэб I пяцігодкі». Замест помніка ў памяць падзей 1812 года быў збудаваны помнік У. І. Леніну[1].

Апісанне помніка[правіць | правіць зыходнік]

Помнік героям Айчыннай вайны 1812 года на фоне касцёла

Полацкі помнік-капліца ўяўляе сабой васьмігранную ўсечаную піраміду на цыліндрычным пастаменце, увянчаную цыбульным купалам з пазалочаным праваслаўным крыжам. Вакол сярэдняй часткі піраміды размешчана восем пар калон з пазалочанымі двухгаловымі арламі наверсе.

Тэкст на таблічцы помніка: Уверсе:

Битва при Полоцке 5 и 6-го августа и взятие сего города приступом 7-го октября 1812 года

Унізе:

Поражение Удино и Сен-Сира графом Витгенштейном

На процілеглым боку помніка:

Взято в плен неприятеля 4500 ч. Отбито 3 орудия

Характарыстыкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Агульная вышыня збудавання 23,77 м.
  • Агульная вага 110 тон.

Абраз[правіць | правіць зыходнік]

На Полацкім помніку ўстаноўлены выява з выявай святых мучанікаў Сергія і Вакха, памяць якіх праваслаўная царква святкуе 7 кастрычніка (20 кастрычніка), у дзень вырашальнага штурму Полацка.

Эскіз абраза быў падрыхтаваны мастаком А. В. Нотбекам. Да дня асвячэння помніка абраз святых мучанікаў Сергія і Вакха быў не гатовы. Таму на помніку быў часова ўмацаваны абраз Хрыста Збавіцеля, узяты з царквы Полацкага кадэцкага корпуса.

9 красавіка 1852 года абраз святых мучанікаў Сергія і Вакха, дастаўлены з Санкт-Пецярбурга, быў умацаваны на помніку.

Працы па дапаўненні і рэстаўрацыі[правіць | правіць зыходнік]

Працы 1912 года[правіць | правіць зыходнік]

Увосень 1912 года адбылося святкаванне перамогі над французамі пад Полацкам. У горад прыбылі дэлегацыі палкоў, якія ўдзельнічалі ў баях пад Полацкам. Ад кожнага палка да помніка былі прымацаваны мемарыяльныя дошкі.

Вакол помніка ўзвялі ажурную жалезную агароджу.

Аднаўленне помніка ў 2010 годзе[правіць | правіць зыходнік]

Адноўлены помнік

У ліпені 1988 года ў Полацку пачаўся збор сродкаў на аднаўленне помніка. 18 студзеня 1989 года Полацкі гарвыканкам прыняў рашэнне № 15 «Пра аднаўленне помніка Айчыннай вайны 1812 года ў горадзе Полацку».

Аднак пасля развалу СССР праект аднаўлення быў на час забыты.

У 2006 годзе старшыня Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта У. С. Тачыла звярнуўся з лістом у Парламенцкі Сход Саюза Беларусі і Расіі з просьбай садзейнічаць у аднаўленні помніка. Адказ быў станоўчым. Рашэнне было прынята ў чэрвені 2006 года на трыццатай сесіі Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы, якая праходзіла ў Полацку. У чэрвені 2006 года ў скверы на плошчы Свабоды ў Полацку, у знак будучага аднаўлення помніка, быў пастаўлены сімвалічны камень. Гарадскімі ўладамі была прароблена праца па ўключэнні праекта аднаўлення помніка ў «Комплексную праграму развіцця Полацка на 2008—2012 гады» (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 647 ад 17 снежня 2007 года), падпісаную Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам.

Праект помніка Героям Айчыннай вайны 1812 года ў Полацку быў гатовы ў жніўні 2009 года. 20 жніўня 2009 года праект быў зацверджаны на паседжанні Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве.

Дэталь адноўленага помніка

Адліўкай чыгунных дэталяў займаўся калектыў полацкага завода ААТ «Тэхналіт-Полацк», які ў найкарацейшы тэрмін асвоіў новую для сябе тэхналогію — мастацкае ліццё з чыгуну. Арлоў, медалі, вялікі і восем малых купалаў адлівалі з бронзы на Мінскім скульптурным камбінаце.

Зборка помніка адбывалася з верасня па снежань. Устаноўка помніка была завершана 27 снежня 2009 года. У 2010 годзе помнік быў асвечаны архіепіскапам Полацкім і Глубокскім Феадосіем[2].

Падчас археалагічных раскопак былі выяўлены медная закладная таблічка і гранітная пліта з крыжам, якія перадалі на захоўванне ў фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У кастрычніку 2011 на тэрыторыі аднаго са складскіх памяшканняў Полацка быў знодзены т. зв. стакан — кавалак бела-шэрага граніту памерам прыкладна 50 на 50 см і вышынёй 30 см, на якім і размяшчалася таблічка, каб зберагчы яе ад пашкоджання.[3]

Помнік у фотамастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Фатограф С. М. Пракудзін-Горскі ажыццявіў унікальны фатаграфічны праект «Мясцовасці, звязаныя з успамінамі пра 1812 год», зрабіўшы каляровыя фотаздымкі месцаў, дзе праходзілі баі вайны 1812 года. У Полацку С. М. Пракудзін-Горскі здымаў краявіды горада, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, раку з мошчамі прападобнай Еўфрасінні Полацкай, агароджу Струнскай царквы, інтэр’ер Нікалаеўскага сабора і Полацкі помнік героям Айчыннай вайны 1812 года.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Тарасаў, С. Зруйнаваная памяць муроў // Маладосць. — 1989. — № 3. — С. 124—125.
  2. Помнік вайне 1812 года ў г. Полацку.
  3. Гранитный камень наполеоновских времен найден в Полоцке(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памятник в воспоминание сражений при Полоцке в 1812 году / сост., примеч. и вступ. ст. А. И. Судника. — Полоцк : Полоцк. кн. изд-во, 2010. — 64 с.: ил. — (Наследие Полоцкой земли; вып. 10).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]