Пральная машына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пральня «Атлант» (2006 г., Мінск)

Пральная машына (пральня) — машына для механічнага мыцця, паласкання і адціскання бялізны. Перамешванне бялізны і задзейнічанне раствору для жвавага кругавароту ажыццяўляецца вярчальным лопасцевым дыскам або барабанам. Дыск замацоўваецца ў дно або сценку бака і прыводзіцца ў рух электрарухавіком, які ўключаецца таймерам. Перфараваны барабан, у якім мыецца бялізна, адваротна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Віды: 1) малагабарытная пераносная без адціскання; 2) з ручным адцісканнем; 3) паўаўтаматычная 2-бакавая з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адціскання; 4) аднабакавая барабанная; 5) аўтаматычная з праграмным кіраваннем. Побытавая звычайна змяшчае да 5 кг сухой бялізны. Камунальная — да 200 кг[1].

З 2003 года мінскі завод «Атлант» пачаў выпуск пральных машын у Беларусі.

Ручная пральня (2012 г., Чэхія)

Распрацоўка[правіць | правіць зыходнік]

Платныя пральні-аўтаматы (2004 г.)

У студзені 1752 года англійскі «Джэнтэльменскі часопіс» змясціў выяву пральнай машыны. У 1766 годзе нямецкі доктар багаслоўя Якаб-Хрыстыян Шэфер  (ням.) (1718—1790) апублікаваў у Рэгенсбургу (Свяшчэнная Рымская імперыя; цяпер зямля Баварыя, Германія) дызайн «зручнай і высокавыніковай пральнай машыны». У 1782 годзе Генры Сіджыр атрымаў англійскі патэнт на пральню з вярчальным барабанам. У 1791 годзе ў Англіі выдалі патэнт на пральна-адціскальную машыну. У 1790-я гады Эдуард Бітэм паспяхова гандляваў «запатэнтаванымі пральнымі млынамі» ў Англіі. 28 сакавіка 1797 года Натаніел Брыгс са штата Нью-Гэмпшыр (ЗША) запатэнтаваў механізм для мыцця бялізны. У 1843 годзе Джон Торнбул  (англ.) з Сэнт-Джона (брытанская калонія Нью-Брансуік; цяпер Канада) запатэнтаваў «пральню адзення з адціскальнымі каткамі». У 1858 годзе Гамільтан Сміт з Пітсбурга (штат Пенсільванія, ЗША) запатэнтаваў вярчальную пральную машыну. У 1850-я гады ў Заходняй Еўропе і ЗША з’явілася пральнае машынабудаванне[2]. 1 мая 1862 года Рычард Ленсдэйл з Пендлтана (графства Ланкашыр, Англія; цяпер графства Вялікі Манчэстэр) паказаў запатэнтаваную «вярчальную пральную машыну з каткамі для адціскання» на Міжнароднай выстаўцы  (англ.) ў Лондане. У красавіку 1884 года ў Нью-Ёрку (ЗША) з’явіліся платныя пральні-аўтаматы. У 1900 годзе немец Карл Мілі прыстасаваў для мыцця драўляную кадушку з лопасцямі. У лістападзе 1904 года ў Дэ-Мойне (штат Аява, ЗША) пачаўся продаж электрычных пральных машын. 11 мая 1909 года Олівер Вудра з Ньютана (акруга Джаспер, штат Аява, ЗША) атрымаў патэнт № 921195 на электрапральню.

Зноскі

  1. Пральная машына // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пятровіч Пашкоў. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 552. — 560 с. — ISBN 985-11-0198-2.
  2. Дзве даты 28 сакавіка // Звязда : газета. — 28 сакавіка 2012. — № 59 (27174). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • "Пральныя машыны" [руская]. ЗАТ «Атлант». 2016. Праверана 21 верасня 2016. {{cite news}}: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |trans_title=, |separator=, |month=, і |coauthors= (даведка) Архівавана 26 чэрвеня 2017.