Пфальц-Цвейбрукенская дынастыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік заснавальніку дынастыі
Карлу X Густаву ў Мальмё

Пфальц-Цвейбрукенская дынастыя (шведск.: Pfalziska ätten, Pfalziska huset) — шведская каралеўская дынастыя, якая кіравала ў 1654—1720 гадах.

З'яўлялася адной з галін паўднёвагерманскага роду Вітэльсбахаў (Баварыя, Пфальц). У 1410 годзе са старэйшай галіны роду, якая кіравала ў курфюрстве Пфальц, вылучылася лінія пфальцграфаў Зімернскіх. У 1453 годзе ад яе ў сваю чаргу вылучылася лінія пфальцграфаў Цвейбрукен-Нойбургскіх.

У 1579 годзе нашчадак заснавальніка гэтай лініі ў пятым пакаленні пфальцграф Цвейбрукенскі Іаган I (1550—1604) ажаніўся з Магдаленай Юліх-Клеўскай (1553—1633). Трэці сын ад гэтага шлюбу пфальцграф Іаган Казімір (1589—1652) атрымаў у спадчыну ад бацькі маленькае княства Клебург у Эльзасе і стаў заснавальнікам лініі пфальцграфаў Цвейбрукен-Клебургскіх. У 1615 годзе ён ажаніўся з дачкой шведскага караля Карла IX Катарынай.

Ад гэтага шлюбу нарадзіліся старэйшая дачка Крысціна Магдалена Пфальц-Цвейбрукен-Клебургская, а таксама сыны Карл Густаў (1622—1660) і Адольф Іаган (1629—1689). Першы з іх у 1649 годзе быў прызначаны спадчыннікам шведскага прастола, які ён і заняў у 1654 годзе. Адольф Іаган жа працягнуў пфальцграфскую лінію роду, якая згасла са смерцю яго сына ў 1731 годзе.

Пфальц-Цвейбрукенская дынастыя займала шведскі трон на працягу трох пакаленняў. Пасля гібелі ў 1718 годзе Карла XII, які не пакінуў нашчадкаў, на прастол узышла Ульрыка Элеанора (1688—1741), якая ў 1720 годзе адраклася ад кароны на карысць свайго мужа Фрэдрыка I Гесэн-Касельскага (1676—1751). З яе смерцю ў 1741 годзе дынастыя спынілася канчаткова.

Прадстаўнікі дынастыі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Семёнов И. Христианские династии Европы. — М., 2002.
  • Nordisk familjebok. B. 21. Stockholm, 1915.