Сан-Сальвадор (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сан-Сальвадор
англ. San-Salvador
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча163 км²
Насельніцтва903 чал.
Шчыльнасць насельніцтва5,54 чал./км²
Размяшчэнне
24°06′ пн. ш. 74°29′ з. д.HGЯO
АрхіпелагБагамскія астравы
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Сан-Сальвадор (востраў) (Багамскія Астравы)
Сан-Сальвадор
Сан-Сальвадор
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сан-Сальвадор (англ.: San Salvador), вядомы таксама як Уотлінгс (англ.: Watlings) — востраў у Атлантычным акіяне ў складзе Багамаў. Відавочна, першы востраў Новага Свету, адкрыты Хрыстафорам Калумбам.

Плошча вострава — 163 км². Насельніцтва — 903 чал. (2010 г.)

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Сан-Сальвадор знаходзіцца ў 309,8 км на паўднёвы ўсход ад Насау, сталіцы Багамскіх Астравоў, і ў 8624,75 км на паўднёвы захад ад Мінска. Прасціраецца прыкладна на 21 км у даўжыню і 8 км у шырыню.

Сфарміраваны каля 2 — 1 млн гадоў таму караламі. Выкапнёвыя каралы часцяком знаходзяць каля Коўкберн-Таўна, галоўнага паселішча на востраве.

Сан-Сальвадор вельмі нізкі. Найвышэйшы пункт — 1,049 м над узроўнем акіяна. Берагі пясчаныя. Шмат пляжаў. Значная частка паверхні занята ўнутранымі лагунамі. Найбольшая з іх мае назву Вялікае возера.

Акіян каля Сан-Сальвадора знакаміты сваёй празрыстасцю (да 150 м бачнасці).

Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага. Востраў знаходзіцца ў зоне ўздзеяння трапічных цыклонаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гуанахані (малюнак 1685 г.)

Старажытная гісторыя вострава Сан-Сальвадор мала вядомая. Мяркуюць, што менавіта яго 12 кастрычніка 1492 г. адкрыў Хрыстафор Калумб. У апісанні вялікага мараплаўца, першы адкрыты ім у Новым Свеце востраў меў вялікую ўнутраную лагуну, прасторную гавань, быў населены міралюбнымі індзейцамі-лукая. Яны называлі сваю малую радзіму Гуанахані. Калумб даў востраву іншае найменне Сан-Сальвадор у гонар збавіцеля.

Сучасны востраў Сан-Сальвадор сапраўды падыходзіць да апісання, пакінутага Калумбам. Аднак існуюць і іншыя астравы-кандыдаты, каб звацца Гуанахані. Дакладны лёс мясцовых індзейцаў не вядомы. Хутчэй за ўсё, пазней яны былі вывезены з вострава іспанцамі ў якасці таннай працоўнай сілы.

У XVIII — пачатку XX стст. востраў афіцыйна называўся Уотлінгс у гонар брытанскага пірата і адміністратара Джона Уотлінга. У 1783 г. быў населены бежанцамі з Паўночнай Амерыкі, якія не прынялі Амерыканскую рэвалюцыю. Яны стварылі плантацыі бавоўны, займаліся рыбалоўствам і гандлем. Значную частку працы выконвалі рабы афрыканскага паходжання. У 1834 г. рабства было адменена, але нашчадкі рабоў да нашых дзён складаюць большасць мясцовых жыхароў.

У 1925 г. востраў быў вызначаны як першая зямля, адкрытая Калумбам, і канчаткова атрымаў назву Сан-Сальвадор.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыйны цэнтр Сан-Сальвадора — Коўкберн-Таўн з’яўляецца адносна невялікім паселішчам з некалькімі сотнямі жыхароў. На поўнач ад яго знаходзяцца міжнародны аэрапорт, марскі курорт і навукова-даследчы цэнтр. У Коўкберн-Таўне працуе марскі порт. Яшчэ два прычалы размешчаны на поўдні і на поўначы Сан-Сальвадора.

Галоўная галіна эканомікі — турызм.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]