Саната

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сана́та (італ.: sonata ад лац. sonare — гучаць) — музычны твор цыклічнай формы (звычайна 3 або 4 часткі) для аднаго або некалькіх інструментаў.

Тэрмін «саната» вядомы з 16 стагоддзя. Гэтым тэрмінам пачалі называць творы, прызначаныя для ігры на музычных інструментах (у процівагу спяванню). На пачатак 17 ст. распаўсюджванне атрымалі музычныя творы для двух ці трох выканаўцаў, напрыклад, трыо-саната для скрыпкі і флейты з акампанементам (звычайна клавішным інструментам). У такім жанры працавалі І. Кунаў, А. Вівальдзі, А. Карэлі і інш. Трэба адзначыць санату для скрыпкі з цалкам выпісанай, шмат распрацаванай партыяй клавіра ў І. С. Баха.

У 17 ст. ўтварылася два тыпы санат: царкоўная саната (sonata da chiesa) і камерная саната (sonata da camera). Для царкоўных санат характэрныя 4-часткавы поліфанічны цыкл з пэўнай паслядоўнасцю тэмпаў-частак (павольна—хутка—павольна—хутка альбо хутка—павольна—хутка—хутка) і сур'ёзнасць музыкі. Камерныя санаты мелі больш кароткіх частак і свабодную паслядоўнасць танцавальных нумароў. Мяжа паміж гэтымі тыпамі санат хутка сціраецца.

Саната канца 18 ст. увабрала ў сябе розныя формы інструментальнай музыкі, класічны квартэт можна лічыць санатай для чатырох інструментаў, класічны канцэрт — санатай для саліруючага інструмента з аркестрам. Слова «саната» ужывалася менавіта да музыкі для фартэпіяна, якое заваёўвала ўсё большую папулярнасць, і для іншых саліруючых інструментаў (з акампанементам ці без яго).

Так у канцы 18 ст. сфармаваўся тып класічнай (састаўной, цыклічнай) санаты з трох-чатырох частак. Ідэал дадзенай формы бачны ў творчасці Ё. Гайдана і В. А. Моцарта. Найбольшай жа вяршыняй у развіцці жанру сталі санаты Л. ван Бетховена. Асабліва гэта тычыцца яго 32 фартэпіянных санат, блізкіх да сімфанічных маштабаў. Сярод найбольш папулярных такія шэдэўры санат, як Патэтычная, Вальдштэйнаўская, Аппассіяната.

У творчасці кампазітараў-рамантыкаў адбывалася ўзбагачэнне і пераасэнсаванне жанру класічнай санаты (пераважна бетховенскага тыпу). Вялікі ўклад у развіццё санаты ўнеслі Ф. Шапэн, Р. Шуман, Ф. Ліст, Ф. Шуберт, І. Брамс, Э. Грыг і інш. У іх творчасці ўзмацнілася тэндэнцыя да шырокай сімфанічнай трактоўкі жанру, паглыбілася кантрастнасць вобразаў. Імкненне да адзінства цыкла прыводзіць да стварэння адначасткавых санат (саната-фантазія «Па чытанні Дантэ» Ф. Ліста).

У канцы 19 — пачатку 20 стст. паўстаюць яркія тэндэнцыі да абнаўлення ў санатах французскіх кампазітараў, такіх як Г. Фарэ, П. Дюка, М. Равэль, К. Дэбюсі, рускіх кампазітараў, такіх як А. М. Скрабін, М. К. Метнер. У 20 ст. саната застаецца адным з вядучых музычных жанраў. Новыя вобразы і сродкі выразнасці істотна змяняюць яе аблічча. Да выдатных узораў сучаснай музыкі належаць санаты C. C. Пракоф'ева (10 для фартэпіяна, 2 скрыпічных), Д. Д. Шастаковіча (2 для фартэпіяна, 2 скрыпічных, віяланчэльныя), П. Хіндземіта (каля 30 санат амаль для ўсіх інструментаў), Б. Бартака (6 санат для розных саставаў). У 1950—1970-х гг. тэрмін «саната», як і ў далёкім мінулым, часам разумеецца толькі як абазначэнне інструментальнай п'есы (саната для віяланчэлі з аркестрам К. Пэндэрэцкага).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Попова Т. Соната — М., 1962;
  • Bagge S., Die geschichtliche Entwicklung der Sonate, Lpz., 1880;
  • Klauwell O., Geschichte der Sonate von ihren Anfängen bis zur Gegenwart, Köln — Lpz., 1899;
  • Brandt E., Suite, Sonate and Symphonie, Braunschweig, 1923; Borrel E., La sonate. P., 1951.