Саюдзіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мемарыяльная шыльда на будынку Акадэміі навук Літвы на праспекце Гедзіміна (літ.: Gedimino g. 3), у якім, паводле надпісу, у 1988 годзе была выбраная Ініцыятыўная група «Літоўскага руху за перабудову» і затым праводзіліся паседжанні яго Сойму.

«Саюдзіс» (літ.: Sąjūdis — Рух) — літоўскі грамадска-палітычны рух, які ў 1988—1990 узначаліў працэс аднаўлення незалежнасці Літвы. Першапачатковая назва «Літоўскі рух за перабудову» (літ.: Lietuvos Persitvarkymo Sąjūdis), пасля — «Літоўскі рух» (літ.: Lietuvos Sąjūdis).

Ва ўмовах абвешчанай у СССР перабудовы і галоснасці ў ЛітССР у 1987 сталі ўзнікаць першыя незалежныя ад улад аб'яднанні — дыскусійныя клубы, экалагічныя арганізацыі, таварыствы аховы помнікаў гісторыі і культуры. Значную ролю ў актывізацыі грамадскіх настрояў згуляў Літоўскі фонд культуры, створаны як рэспубліканскае аддзяленне Савецкага фонду культуры (май 1987), і створаныя пад яго эгідай нацыянальна-культурныя аб'яднанні. Дадатковым штуршком паслужыла таксама ўзнікненне ў Эстоніі Народнага фронту (красавік 1988).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя Саюдзіса пачалася з утварэння (3.6.1988) Ініцыятыўнай групы Літоўскага руху за перабудову (ЛРП) (Lietuvos Persitvarkymo Sąjūdžio Iniciatyvinė grupė; LPS) на сходзе каля 500 прадстаўнікоў тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігенцыі ў вялікай зале Акадэміі навук Літвы. У ініцыятыўную групу ЛРП увайшло 35 вядомых дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, журналістыкі (у т.л. Казімірас Антанавічус, Зігмас Вайшвіла, філосаф Бронюс Гензяліс, музыказнавец Вітаўтас Ландсбергіс, паэт Юсцінас Марцінкявічус, Рамуальдас Озалас, пісьменнік Вітаўтас Пяткявічус, Казімера Прунскене, пісьменнік і перакладчык Віргіліюс Чэпайціс, кінарэжысёр Арунас Жэбрунас, архітэктар Альгімантас Насвіціс і інш.), 17 з іх былі членамі КПСС.

На прадпрыемствах і ва ўстановах арганізоўваліся групы падтрымкі ЛРП. У Саюдзісе ўдзельнічала каля 180 тыс. чалавек. Устаноўчы з'езд ЛРП адбыўся ў Вільнюсе (22—23.10.1988). На з'езд групамі падтрымкі ЛРП было абрана 1 027 дэлегатаў ад усіх раёнаў ЛітССР. Дэлегаты з'езду былі прадстаўнікамі каля 1 000 груп падтрымкі. У з'ездзе ўдзельнічаў 1 021 зарэгістраваны дэлегат; у якасці гасцей і ганаровых гасцей прысутнічалі вядомыя рэфарматарскімі поглядамі члены ЦК КПЛ, грамадзяне Вільнюса і інш. гарадоў СССР. На з'ездзе былі зачытаныя праграмныя даклады па найважных кірунках дзейнасці ЛРП, прынятыя праграма і статут, сфарміраваныя кіравальныя органы — Сойм ЛРП, які, у сваю чаргу, сфарміраваў Раду Сойма ЛРП з 35 чалавек, куды ўвайшла большасць членаў першапачатковай Ініцыятыўнай групы.

Афіцыйна арганізацыя была зарэгістраваная 16.3.1989. ЛРП выпускала самвыдатаўскі інфармацыйны бюлетэнь «Саюджыа жыніос» (літ.: «Sąjūdžio žinios» — «Весткі руху»), які множыўся капіравальнымі апаратамі, і легальную газету «Атгімімас» (літ.: «Atgimimas» — «Адраджэнне»). Пасля некалькіх нумароў на літоўскай мове газета «Атгімімас» пачала выходзіць таксама і на рускай мове («Адраджэнне»), затым стала выходзіць самастойная газета ЛРП на рускай «Согласие». Саюдзіс шырока выкарыстаў у эмблематыцы арганізацыі, ейных выданняў і ў агітацыйных матэрыялах нацыянальную сімволіку — колеры нацыянальнага сцяга, герб Віціс, знак Калюмнаў.

Саюдзіс сваімі мэтамі абвяшчаў культурнае адраджэнне, дэмакратызацыю, эканамічную самастойнасць рэспублікі, клопат аб ахове навакольнага асяроддзя. Саюдзіс супрацоўнічаў з рэфарматарскім крылом КПЛ на чале з Альгірдасам Бразаўскасам.

Ад лістапада 1988 года ЛРП пачаў займаць усё больш самастойную палітычную пазіцыю, 16.2.1989 кіраўніцтва ЛРП абвясціла, што асноўнай мэтай руху з'яўляецца аднаўленне дзяржаўнай незалежнасці Літвы. ЛРП перайшоў да апазіцыі і канфрантацыі з ЛКП, кіраўніцтва якой па-ранейшаму дэкларавала прыхільнасць да ідэі паступовага рэфармавання і абнаўленні СССР. На выбарах народных дэпутатаў СССР (26.3.1989), з 42 квотавых мандатаў ЛітССР, кандыдаты Саюдзіса атрымалі 36. З'езд народных дэпутатаў СССР яны выкарысталі каб пазначыць імкненне Літвы да незалежнасці (адначасова па іх ініцыятыве была створаная камісія па высвятленні існавання сакрэтных пратаколаў да Дагавору аб ненападзе паміж СССР і Германіяй ад 23.8.1939, г.зв. пакт Молатава — Рыбентропа).

На выбарах у ВС ЛітССР (24.2.1990; дадатковыя галасаванні ў асобных акругах 4.3 і 10.3.1990) кандыдаты Саюдзіса атрымалі 101 мандат з 141. На першым жа паседжанні новаабранага ВС (11.3.1990) быў прыняты Акт аднаўлення незалежнасці Літвы.

З Саюдзіса маюць вытокі некаторыя з сучасных палітычных партый Літвы. Па меры іх фарміравання, узаемнай кампраметацыі праз СМІ і судовых спраў з удзелам колішніх лідараў Саюдзіса (абвінавачванні ў супрацоўніцтве з савецкай дзяржбяспекай В. Чэпайціса, К. Прунскене, В. Ландсбергіса), сыходу актыўных удзельнікаў у іншыя сферы дзейнасці роля Саюдзіса зніжалася. З 1993 года Саюдзіс — адна са шматлікіх грамадскіх арганізацый.

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Вялікая частка груп падтрымкі Саюдзіса на месцах паўстала яшчэ да ўстаноўчага з'езду. Падобна партыйным арганізацыям, частка з іх дзейнічала як тэрытарыяльныя першасныя арганізацыі, частка — як першасныя арганізацыі на прадпрыемствах і ўстановах.

На ўстаноўчым з'ездзе Саюдзіса былі створаныя органы кіравання — Сойм ЛРП (літ.: LPS Seimas; 220 членаў) і Рада Сойма (літ.: LPS Seimo taryba; 35 членаў). Ва ўмовах размежавання з КПЛ патрабавалася ўмацаванне арганізацыйнай структуры, таму першапачаткова калегіяльныя органы Ініцыятыўная група і Сойм ЛРП, члены якіх мелі роўныя правы, былі пераўтвораныя — 25.11.1989 на паседжанні Рады Сойма быў абраны старшыня Вітаўтас Ландсбергіс і створаны пастаянны сакратарыят.

Апроч Рады Сойма ЛРП вялікі ўплыў мелі Вільнюская кардынацыйная рада ЛРП і Каўнаская рада ЛРП. На эвалюцыю палітычнай праграмы Саюдзіса ўплывала іх канкурэнцыя: каўнасцы былі настроеныя больш радыкальна, ці ледзь не з першых дзён патрабуючы заняць бескампрамісную пазіцыю безумоўнага і неадкладнага аднаўлення незалежнасці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Alfred Erich Senn. Lithuania Awakening. — Berkeley: University of California Press, 1990.
  • Георгий Ефремов. Мы люди друг другу. (Литва: будни свободы. 1988-90). — Москва: Прогресс, 1992.