Сербалужыцкая літаратура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сербалужыцкая літаратура — літаратура на верхнялужыцкай і нижнялужыцкай мовах або напісаная сербалужыцкімі аўтарамі на іншых мовах. Самым старажытным пісьмовым помнікам на лужыцкай мове, які захаваўся да нашага часу, з'яўляюцца фрагменты так званага сачынення «Magdeburgske glosy», якое датуецца XII стагоддзем. Рэгулярнае выданне друкаваных кніг на лужыцкіх мовах пачалося ў XVI стагоддзі. Існуе корпус «Лужыцкіх моўных помнікаў», выдадзеных на працягу XVI—XVIII стагоддзяў і значна паўплываўшых на развіццё лужыцкіх моў.

XVI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Будзішынская прысяга

Да XVI стагоддзя літаратурная творчасць лужыцкага народа існавала ў асноўным у вуснай форме: напрыклад, гераічныя (Нашы хлопцы з вайны едуць) і царкоўныя спевы. Найстаражытны помнік сербалужыцкага пісьменства — тэкст лацінскага псалма Магдэбургскага рукапіса (Magdeburgske glosy) XII стагоддзя з падрадковым перакладам на старалужыцкую і нямецкую мовы. На думку славіста Г. Шустэра-Шэўца, славянскі пераклад належыць да заходне-ніжнялужыцкага дыялекта.

Гісторыя сербалужыцкай літаратуры бярэ пачатак з часоў Рэфармацыі — XVI стагоддзя. Самым раннім помнікам дзелавога пісьменства з'яўляецца «Будзішынская прысяга» 1532 года. Гэта была прысяга на вернасць уладам, дадзеная лужычанамі пасля атрымання імі права раўнапраўных грамадзян Будзішына. Пазней аналагічныя прысягі з'явіліся і ў іншых гарадах Лужыцы. Важную ролю ў станаўленні пісьменства ў верхне - і ніжнялужыцкіх сербаў у XVI—XVIII стагоддзях выконвалі пераклады Бібліі і іншых рэлігійных тэкстаў. Першыя кнігі былі напісаныя і надрукаваныя пратэстантамі на ніжнялужыцкіх дыялектах: у 1548 годзе Міклаўш Якубіца пераклаў Новы Запавет, у 1574 годзе Альбін Молер выдаў «Малы Катэхізіс».

У 1595 годзе ў свет выйшла першая друкаваная кніга на верхнялужыцкай мове — «Малы катэхізіс» Лютэра, перакладзены Вяцлавам Ворэхам[1][2][3]. У 1707 годзе Юрыем Гаўштынам Светлікам быў выкананы поўны пераклад Бібліі. У XVI—XVII стагоддзях узніклі верхнялужыцкая (у каталіцкім і пратэстанцкім варыянтах) і ніжнялужыцкая пісьмовыя мовы. Шэраг помнікаў сербалужыцкага пісьменства быў напісаны на дыялектах, якія пасля вымерлі. У 1884 годзе лужыцкі фалькларыст Гендрих Ёрдан выявіў рукапіс сачынення «Gregoriusowe kěrlušowe knižki», якое датуецца канцом XVI стагоддзя і ўяўляе сабой ўзор развіцця верхнялужыцкай мовы і яе дыялектаў. Стварэнню адзінай нацыянальнай мовы перашкаджала і тэрытарыяльная раз'яднанасць лужыцкіх сербаў[4]. Лужыцкім пісьменнікам пачатку XVI стагоддзя, які пісаў на латыні, быў выкладчык Кракаўскага і іншых універсітэтаў Еўропы — Ян Рак (пам. 1520). У 1502 годзе ў Страсбургу былі апублікаваныя яго «Песні». Вядома, што Рак напісаў і «Вершы аб Лужыцы». Іншым буйным гуманістам і паэтам быў Каспар Пойкер (пам. 1602). Знаходзячыся ў зняволенні ў Лейпцыгскай турме, Пойкер у 1583 годзе напісаў паэму на латыні «Ідылія радзімы», якая з'яўляеца пераказам хронікі Баутцена яго акругі (апублікавана ў 1594 годзе). Самым вядомым праціўнікам Рэфармацыі XVI стагоддзя быў выкладчык Кракаўскага універсітэта Ян Лужыцкі. У 1560 годзе ён выдаў кнігу палемічнага характару «Гістарычнае апавяданне аб розных прадметах». Каспар Яніцый, які нарадзіўся ў Баўтцэне, напісаў паэму «Твар школы» («Prosopon Scholae»), у якой апісаў нялёгкае становішча школы, зніжэнне якасці адукацыі і падзенне нораваў. Ураджэнец Котбуса Якуб Янус (пам. 1583) пакінуў пасля сябе шматлікія творы, сярод якіх — «Дзень нараджэння Хрыста» і «Дзеі прарокаў». Ніжнялужыцкі тэолаг і навуковец Альбін Молер ў 1574 годзе ў Баўтцене выпусціў першыя кнігі на ніжнялужыцкаq гаворцы: «Малы катэхізіс», «Зборнік лужыцкіх псалмоў» і «Вечны царкоўны каляндар». На ніжнялужыцкай мове Молерам былі выдадзены ў Лейпцыгу працы па астраноміі і астралогіі: «Падрабязнае і праўдзівае паведамленне аб новай камеце» (1605) і «Вялікая практычная астралогія» (1613). У 1582 годзе ён напісаў кнігу аб лекавых раслінах. У 1597 годзе серболужицкий святар Вяцлаў Варыхій выдаў перакладзены ім катэхізіс на верхнялужыцкай мове, да якога прыкладаўся артыкул на нямецкай мове: «Звесткі аб тым, як ужываць і вымаўляць літары на лужыцкай мове»[5].

XVII стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Я. К. Тіцын

Родам з Ніжняй Лужыцы быў Ян Бок (пам. 1621), які валодаў сямю мовамі, у тым ліку ніжнялужыцкай (які ён называў «сармацкай» мовай). Бок пісаў вершы на латыні і нямецкай мове, а таксама гістарычныя сачыненні пра венграў і туркаў. У вершы 1612 года Бок апяваў родную зямлю «Лужыцу-маці»[6]. Хандраш Тара (пам. ок. 1638) у 1610 годзе ў Франкфурце-на-Майне апублікаваў «Малы катэхізіс» Лютэра на паўднёва-ніжнялужыцккім сторкаўскім дыялекце. Сярод іншых ягоных рукапісаў: «Слоўнік лужыцкай мовы ў Буххольцы і ваколіцах», граматыка лужыцкай мовы, «Лужыцкія пропаведзі» (не захаваліся). У 1627 годзе верхнялужыцкі святар Грэгар Марціні апублікаваў кнігу «Сем пакаянных псалмоў царственнага прарока Давіда. Па-лужыцку і па-нямецку». У 1650 годзе святаром Янам Хойнаном была падрыхтавана да друку першая граматыка ніжнялужыцкай мовы з ніжнялужыцка-лацінскім слоўнікам «Linguae Vandalicae ad dialectum Cotbisiani formandae aliquis Conatus». Прыблізна ў гэты ж час Юрэ Эрмель выпусціў першы буквар на ніжнялжыцкай мове «ABC — Kniglicki» (ў 1669 годзе буквар апынуўся пад забаронай і быў канфіскаваны нямецкімі ўладамі). У 1654 годзе святаром Адамам Ціла была выдадзена кніга на ніжнялужыцкай мове «Catechismus und Glaubens Articul» (у 1667 годзе забаронена і знішчана нямецкімі ўладамі). У 1653-1656 гадах святарамі «вендскай акругі» былі выдадзены чатыры кнігі на ніжнялужыцкай мове: Катэхізіс, Псалтыр, Зборнік урыўкаў з Бібліі і Зборнік царкоўных песнапенняў. У 1679 годзе Якубам Ксаверам Тіцынам у Празе была выдадзена граматыка верхнялужыцкай мовы «Principia linguae Wendicae», якая стала асновай для верхнялужыцкай каталіцкай літаратурнай мовы[7].

Навукоўцам і святаром Юрыем Лудовіцы (пам. 1673) была напісана першая граматыка верхнялужыццкай мовы «Rudimenta Grammaticae Sorabo-Vandalicae idiomatis Budissinatis deliniata». У 1675 годзе вучоны Юра Крыгар выступіў у Вітэнбергскім універсітэце і выпусціў кнігу «Аб сербалужычанах, славянскім народзе, у прастамоўі названых вендамі». У 1689 годзе Захарый Бірлінг выпусціў працу па лужыцкай арфаграфіі «Didascalia seu Orthographia Vandalica». Міхал Френцель-старэйшы (пам. 1706), будучы святаром у Баутцене, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю на будзішынскім дыялекце верхнялужыцкай мовы. У 1706 годзе пасля смерці Фрэнцеля быў цалкам апублікаваны перакладзены ім Новы Запавет.

XVIII стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Г. Б. Шэрах

Адным з вядомых лужыцкіх родаў, якія адыгралі значную ролю ў станаўленні сербалужыцкай літаратуры, стаў род Фрэнцелей, з якога з 1660-х да сярэдзіны XVIII стагоддзя выйшла некалькі прадстаўнікоў сербалужыцкай навуковай і творчай інтэлігенцыі. Першым вядомым прадстаўніком гэтага роду стаў перакладчык Міхал Фрэнцель, які ў 1706 годзе выдаў Новы Запавет на верхнялужыцкай мове. Яго дзейнасць спрыяла павышэнню прэстыжу роднай мовы сярод лужычанаў[8]. Міхал Фрэнцель быў бацькам лужыцкага энцыклапедыста Абрахама Фрэнцеля і паэта Міхала Фрэнцеля, які, у сваю чаргу, даводзіўся бацькам храністу Саламону Богухвалу Фрэнцелю. Абрахам Фрэнцель (пам. 1740) быў аўтарам дзесяцітомнай працы «De originibus linguae Sorabicae» («Пра паходжанне лужыцкай мовы»). У апошніх двух тамах Фрэнцель даў тлумачэнне назваў населеных пунктаў Лужыцы. У 1719 годзе выйшла ў свет кніга Фрэнцеля аб язычніцкіх бажаствах славянаў і лужычанаў «De diis Slavorum in specie».

У 1706 годзе Янам Богумілам Фабрыцыусам, які стаяў ля вытокаў ніжнялужыцкай літаратурнай мовы, была адкрыта першая друкарня ў Котбусе. У 1721 годзе ў Будзішыне быў выдадзены лацінска-лужыцкі слоўнік, складзены Юрыем Гаўштынам Светлікам. Ураджэнец Котбуса Ян Богумер Рыхтар, вядомы сваімі даследаваннямі аб пчалярстве, у 1730 годзе выпусціў гісторыка-этнаграфічную працу на нямецкай мове «Збор некаторых паведамленняў аб горадзе Котбусе ў Ніжняй Лужыцы і прылеглых да яго месцах». У 1738 годзе ў Любене пачало выходзіць штомесячнае навуковае выданне «Destinata Litteraria et Fragments Lusatica». Важнымі адукацыйнымі ўстановамі, у якіх выхоўвалася сербалужыцкая інтэлігенцыя, былі Лужыцкая семінарыя (дзейнічала з 1728 па 1922 год) і Маластранская нямецкая гімназія ў Празе. У гэтых установах навучаліся будучыя сербалужыцкія пісьменнікі і паэты XVIII—XIX стагоддзяў.

У 1766 годзе выйшла першая ў гісторыі газета ў рукапісным варыянце на верхнялужыцкай мове «Lipske nowizny a wšitkizny». Гэтую газету выдавалі прадстаўнікі Сербскага прапаведніцкага таварыства, якое ўзнікла ў 1716 годзе сярод лужыцкіх студэнтаў Лейпцыгскага універсітэта. У 1728 годзе гэта таварыства выдала Біблію на верхнялужыцкай мове, якая ўвайшла ў корпус «Лужыцкіх пісьмовых помнікаў». Членам гэтага таварыства быў прадстаўнік эпохі Асветы Гадам Богухвал Шэрах (пам. 1773), які выдаў вялікую колькасць рэлігійных тэкстаў. У 1755 годзе выйшаў яго артыкул на нямецкай мове «Пасланне ў абарону старажытных славян і лужычан», у якім аўтар паспрабаваў развянчаць нямецкія прадузятасці супраць славян. У другой палове XVIII стагоддзя з'явілася вялікая колькасць лужыцкіх выданняў на нямецкай мове. Так, у 1768 годзе ў Гёрліцэ быў заснаваны нямецкамоўны «Лужыцкі часопіс». Юрый Мень, прадстаўнік свецкага кірунку ў літаратуры, у 1767 годзе напісаў патрыятычную паэму «Лужыцкай мовы магчымасці і ўсхваленне у паэтычнай песні».

Ян Гарчанскі ў 1782 годзе апублікаваў на нямецкай мове кнігу «Роздум верхнялужыцкага серба пра лёс свайго народа...». У нямецкім часопісе «Lausitzer Provinzial-Blätter» Гарчанскі пісаў: «Прызнаюся адразу: я сербалужычанін і не саромеюся свайго паходжання...». Грамадска-палітычны часопіс на верхнялужыцкай мове, «Штомесячнік для павучанні і суцяшэння» («Mesačne pismo k rozwučenju a wokřewjenju»), які выйшаў у 1790 годзе ў Баўтцэне адразу ж быў забаронены ўладамі Саксоніі, якія апасаліся хваляванняў. Мовазнаўцам Янам Бедрыхамм Фрыца (пам. 1819) быў перакаладзены на ніжнялужыцкую мову Стары Запавет, складзены ніжнялужыцкі слоўнік з граматыкай[9].

XIX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Журналіст-асветнік Ян Богухвал Дэйка (пам. 1853) з 1809 па 1812 год выдаваў на верхнялужыцкай мове штомесячник «Serbski powědar a kurěr» («Лужыцкі апавядальнік і кур'ер»). На першую палову XIX стагоддзя давялося творчасць верхнялужыцкіх паэтаў Рудольфа Меня, натхняльніка нацыянальнага адраджэння Гандрыя Любенскага, ніжнялужыцкіх пісьменнікаў Дабіта Богувера Глована, Помгайбога Крысталюба Фрыца і Ханза Непілы. Бедрых Адольф Клін, вядомы, у першую чаргу, як публіцыст, пісаў таксама вершы на лацінскай і верхнялужыцкай мовах. У 1826 годзе стаў выходзіць рукапісны літаратурны часопіс «Сербске новіны». Пачатак найбольш плённага перыяду рамантызму ў Верхняй Лужыцы было звязана з Гандрыям Зэйлерам (пам. 1872) і Гендрыхамм Аўгустам Крыгарам (пам. 1858). Зэйлер быў аўтарам песні, якая атрымала назву «Цудоўная Лужыца», якая стала нацыянальным гімнам лужычанаў. Для Лужыцы Зэйлер мае такое ж значэнне, як А. С. Пушкін для Расіі[10].

Нацыянальнае адраджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Г. Зэйлер

Да 1840-х гадоў пастаянных перыядычных выданняў на лужыцкай мове не было, літаратурныя творы ў большасці сваёй ствараліся ў рукапісах, адсутнічала аўдыторыя якая чытае. У гэтыя гады пачаўся якасна новы этап у развіцці сербалужыцкай літаратуры. У 1842 годзе выходзіла штотыднёвае выданне «Ютнічка». У тым жа годзе Зэйлером быў пачаты выпуск штотыднёвай газеты «Tydźenska Nowina», якая праіснавала пад рознымі назвамі да забароны ў 1937 годзе. У 1847 годзе была створана Маціца сербалужыцкая (па прыкладзе аналагічных устаноў у Сербіі і Чэхіі), якая сабрала вакол сябе лужыцкую інтэлігенцыю, а таксама адукаваных рамеснікаў і сялян. Ян Веля-Радысерб і Ян Бартка ў 1848 годзе пачалі выпускаць палітычную газету «Сербскі новінкар» («Serbski Nowinkar»), якая стала выступаць за скасаванне манархіі. Калі Зэйлер быў лірыкам, то Ян Веля — майстрам балады, байкі і палітычнага верша. Іншым лірыкам верхнялужыцкай паэзіі была першая лужыцкая паэтка Герта Вічазец (пам. 1885). У 1848 годзе ў Котбусе стала выдавацца газета на ніжнялужыцкай мове «Брамбарскі сербскі цаснік», якая выходзіла пад сваёй назвай да 1939 года. У 1880 годзе ў Ніжняй Лужице быў створаны філіял Маціцы. У 1851 годзе ў Будзішыне быў адкрыты сербалужыцкая кнігавыдавецкая крама. У 1875 годзе Я. Смолер на сродкі мецэнатаў купіў друкарню. У 1848 годзе быў заснаваны «Časopis Maćicy Serbskeje» («Часопіс Маціцы сербалужыцкай»), які выходзіў два разы ў год (да забароны ў 1937 годзе). З 1860 па 1881 год выдаваўся літаратурны часопіс «Łužičan» («Лужычанін»). З 1876 па 1881 год выходзіў другі літаратурны часопіс — «Ліпа сербская» («Lipa Serbska»)[11].

Якуб Барт-Чышынскі

У таварыстве лужыцкіх студэнтаў «Сербаўка» ў Празе пачыналася творчасць верхнялужыцкіх паэтаў: Міклаўша Яцслаўка, Міхала Горніка, Яна Чэслы. У 1861 годзе студэнт, член «Сербаўкі» Міхал Лешава пачаў выдаваць свой рукапісны ілюстраваны часопіс «Serb», на старонках якога публікавалі свае першыя паэтычныя досведы будучыя вядомыя лужыцкія паэты, студэнты, якія навучаліся ў той час у Празе. Вершы Яцслаўка блізкія да палітычнай лірыкі Зэйлера. Горнік складаў патрыятычныя і палітычныя вершы, рамансы і балады, актыўна займаўся перакладчыцкай дзейнасцю (так, у 1853-1854 гадах Горнік першым пераклаў на верхнялужыцкую мову «Слова пра паход Ігаравы»). Чэсла развіваў жанр гістарычнай рамантычнай паэмы («Сербскі кароль», «Кароль Пшыбіслаў»), пісаў вершы і балады, у якіх апісваўся перыяд амаль двухвековой незалежнасці лужыцкіх сербаў у Сярэднія вякі. На другую палову 1870-х гадоў прыпадае пачатак творчасці найбуйнейшага верхнялужыцкага паэта (пасля Зэйлера) — Якуба Барта, які ў 1884 годзе стаў вядомы пад псеўданімам Чышынскі. Ён унёс ярка выяўленую індывідуальнасць, ўмацаваў нацыянальны пачатак у паэзіі. У вершаваным творы «У крэпасці» (1880) Барт-Чышынскі адлюстраваў драматычную карціну барацьбы славян супраць франкаў, з намёкамі на ўласную эпоху. Бачнымі ніжнялужыцкімі паэтамі ў гэты час з'яўляліся Кіта Фрыца Стэмпель і Мата Косык. Напісаўшы філасофскія паэмы «Тры магутных горны», «Пошукі старога месяца, або Заваяванне лужыцкіх сербаў», Стэмпель застаўся незразумелым сучаснікамі. Разглядаючы свет як «акустычны фенамен», аўтар падводзіць чытача да арыгінальнага тлумачэння сербалужыцкай мовы. Косык напісаў вялікія паэмы: «Сербскае вяселле ў Блотах» (1880) у жанры вясковай ідыліі і «Здрада маркграфа Гера» (1881). Другая паэма заснавана на гістарычнай легендзе, у якой германскі маркграф Гера заваблівае славянскіх правадыроў правядзеннем перамоваў аб міры, а затым іх забівае[12].

Сербалужыцкая проза стала актыўна развівацца з 1840-х гадоў. У 1847 годзе выйшла першае кніжнае выданне «Апавяданні» Велі-Радысерба. Пісьменнік унёс значны ўклад у развіццё жанру сербалужыцкай гістарычнай прозы. У навэле «Ян Маня, або Дзе мой дом» (1896) Веля-Радысерб пісаў аб праблемах маладых лужычанаў, якія эмігравалі ў Амерыку. У 1902 годзе ён выдаў «Сербалужыцкія прыказкі» (з колькасцю ў дзесяць тысяч прыказак); у 1907 годзе — «Загадкі», у 1909 годзе — «Народныя метафары». У жанры актуальнай сацыяльна-палітычнай прозы верхнялужыцкім пісьменнікам Янам Богуверам Мучынкам у 1849 годзе была напісана аповесць «Грыбаўчане, або Палітычнае апавяданне з нашых часоў». У жанрах актуальна-палітычнай, дыдактычнай і сатырычнай прозы ў гэты час пісаў Юліус Эдуард Велан, Міхал Горнік і іншыя. Найбольш цесныя сувязі ў гэты час сербалужыцкая літаратура падтрымлівала з чэшскай літаратурай, якая займала першае месца па колькасці перакладных твораў (на другім і трэцім месцах былі польская і руская літаратуры)[13].

XX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

М. Андрыцкі

На канец XIX — пачатак XX стагоддзя прыпадае творчасць нямецкіх пісьменнікаў Яна Валтера, які пісаў па-верхнялужыцкі, і Юрыя Заўэрвайна, які пісаў на ніжнялужыцкай мове. З 1900 да 1906 года дзейнічаў арганізаваны Міклаўшам Андрыцкім Саюз сербалужыцкіх пісьменнікаў. Андрыцкі развіваў новы для нацыянальнай літаратуры жанр «вершы ў прозе». Яго прыёмы былі актуалізаваны ў паэзіі Яна Кружа (пам. 1918), Яна Лайнерта (1974) і Ёзэфа Новака (пам. 1978). Значны ўклад у свецкую і рэлігійную лірыку ўнёс пратэстанцкі паэт верхнялужыцкай літаратуры Мацей Урбан (пам. 1931). Урбан паказаў сябе і як буйны перакладчык антычнай, нямецкай і славянскай паэзіі на верхнялужыцкую мову. Паэтамі народна-песеннай лірыкі былі Ян Эмануэль Дабруцкі (пам. 1921), Ян Гайнца (пам. 1926), Ян Цыж (пам. 1948) і Ёзаф Якубаш (пам. 1958)[14].

У верхнелужыцкай прозе гэтага перыяду адбывалася развіццё гістарычнай аповесці і рамана ў творчасці Яна Велі-Радысерба, Юрыя Вінгера (пам. 1918), Яна Валтара (пам. 1921), Эмануэла Дабруцкага, Якуба Лорэнца-Залескага (пам. 1939), Мацея Гандрыка (пам. 1945). У выдавецкай справе і публіцыстыцы традыцыі Андрыцкага працягнулі Юрый Дэленк (пам. 1918) і Франц Краль-Рахлоўц (пам. 1915). Буйным празаікам гэтага часу быў Міхал Наўка (пам. 1968), творчасць якога вылучалася сацыяльна-крытычнай скіраванасцю. Якуб Лорэнц-Залескі напісаў гісторыка-міфалагічную аповесць «Сербскія волаты», якая была апублікавана ў 1900 годзе. Дзеянне аповесці разгортваецца ў часы нямецка-славянскіх войнаў X стагоддзя[15].

Міжваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1919 годзе ўзніклі двухмоўныя выданні на нямецкай і лужыцкай мовах: штотыднёвік «Сербске слова» («Serbske Słowo», выходзіла ў 1919 годзе) і штодзённая газета «Сербскі джэнік» («Serbski Dźenik»), якая выходзіла да 1921 года. Вядомым публіцыстам міжваеннага перыяду быў Ян Скала. Літаратура на лужыцкай мове ў гэты час актыўна выдавалася пражскім аддзяленнем Саюза сербалужыцкіх пісьменнікаў. У 1931 годзе ў свет выйшаў раман Я. Лорэнца-Залескага «Востраў забытых», які з'явіўся вяршыняй сербалужыцкай прозы ў перыяд паміж сусветнымі войнамі. У 1920 годзе ў Празе Ёсэфам Патай на лужыцкіх мовах выдавалася літаратурная «Сербалужыцкая хрэстаматыя» («Serbska čitanka»). У 1934 годзе ў Карлавым універсітэце ў Празе адкрылася першая кафедра лужыцкай мовы, літаратуры і гісторыі культуры[16].

У 1919 годзе Ёзэфам Новакам быў апублікаваны паэтычны зборнік «З духам свабоды», які стаў маніфестам адроджанай сербалужыцкай літаратуры. Яго верш «Да паўстання, сербы!» (1919) шматразова цытаваўся газетамі нацысцкай Германіі для абгрунтавання «канчатковага рашэння» лужыцкага пытання. У 1921 годзе была надрукаваная гістарычная драма Новака «Апошні кароль». Іншымі паэтамі гэтага перыяду былі Міхал Наўка, Ян Лайнерт, Юрый Хежка, а таксама Міна Віткайц, пяру якой належыць зборнік «Вянок кветак з Блот» (1934). Віткайц займалася і перакладчыцкай дзейнасцю з верхнялужыцкай, чэшскай, славацкай, рускай моў. Яшчэ да прыходу нацыстаў да ўлады Віткайц была прыцягнутая да адказнасці за «антынямецккую дзейнасць», у 1933 годзе ёй забаранілі пісаць. Іншымі ніжнялужыцкімі паэткамі гэтага перыяду былі Ліза Домашкайц і Мар’яна Домашкайц[17]. У газеце «Serbske Nowiny» з 1923 па 1937 год было апублікавана больш за 600 артыкулаў і нарысаў пісьменніка Юрыя Слодзенька. Пісьменнік Мерчын Новак-Нехарньскі (пам. 1990) займаўся развіццём жанру мастацкіх падарожных нарысаў. У міжваенны перыяд Новакам-Нехорньскім было апублікавана звыш за 200 нарысаў і фельетонаў, накіраваных супраць нямецкага нацыяналізму. Паказаў ён сябе і як перакладчык, мастак і ілюстратар кніг. У той час былі выдадзены яго кнігі «У царстве Душана Моцнага» (1936) і «Па лужыцкіх дарогах» (1937), якія патрапілі пад забарону. Акрамя Новака-Нехорньскага ў гэты перыяд былі і іншыя пісьменнікі сацыяльна-крытычнай прозы — Я. Скала, Я. Лорэнц-Залескі, Мар’я Кубашэц, Міклаўш Бедрых-Радлубін. У газеце «Сербске новіны» публікавалі раманы, аповесці і апавяданні Рамуальда Домашкі (пам. 1945). Драматургам сябе паказаў празаік Юрый Веля, які напісаў антынацысцкія п'есы «Гаспадар і работнік» (1931), «Цмок» (1936) і іншыя[18].

Перыяд нацыянал-сацыялізму[правіць | правіць зыходнік]

У 1933 годзе з сербалужыцкага выдавецтва былі выдаленыя непажаданыя ўладам асобы, у тым ліку Лорэнц-Залескі, Новак-Нехорнскі і Міна Віткайц. Ім было забаронена пісаць, Новак-Нехорнскі быў арыштаваны. Рэакцыяй на падзеі ў Лужыцы сталі пратэсты ў Чэхаславакіі, пасля чаго рэпрэсіі на час спыніліся. У 1934 годзе журналістка Марыя Грольмусец была абвінавачаная ў антыфашысцкай дзейнасці і арыштаваная (памерла ў зняволенні ў канцлагеры Равенсбрук). Частка сербалужыцкай інтэлігенцыі была выселеная з Лужыцы. У пачатку 1937 года «Домавіна» на чале з Павалам Неда адмовілася прыняць прапанаваны ў ўльтыматыўнай форме праект статута «Саюза немцаў, якія размаўляюць па-вендску», які прыніжаў нацыянальную годнасць лужыцкіх сербаў. 18 сакавіка 1937 года «Домавіна» была фактычна ліквідаваная (разам са сваімі друкаванымі органамі); Маціца сербалужыцкая была распушчаная, выдавецтва і друкарня зачыненыя, бібліятэка і архіў арыштаваныя. Быў выдадзены ўказ аб канфіскацыі ўсёй сербалужыцкай літаратуры з бібліятэк. Публічнае выкарыстанне лужыцкай мовы апынулася пад забаронай. Нямецкая прэса атрымала сакрэтнае прадпісанне пазбягаць любых згадак пра лужыцкіх сербаў, пад забарону трапіла нават ўжыванне тэрміна «лужыцкія сербы» (Sorben, Wenden). Атмасфера арыштаў і пагроз выклікала заўчасную смерць Яна Скалы і Якуба Лорэнца-Залескага, загінуў Юрый Хежка. Члены Домавіны пачалі антыфашысцкае супраціўленне, якое выявілася ў распаўсюдзе антыфашысцкіх матэрыялаў. Шэраг пісьменнікаў падвергліся арыштам. У 1944 годзе былі арыштаваныя Ян Цыж і старшыня «Домавіны» Павал Неда, які пасля быў вызвалены з турмы савецкай арміяй[19].

1945-1970 гады[правіць | правіць зыходнік]

Юрый Брэзан

У пасляваенны час сербалужыцкая літаратура дасягнула беспрэцэдэнтнага для сябе росквіту. У гэты перыяд найбольш актыўныя міжславянскія літаратурныя сувязі лужыцкія сербы падтрымлівалі з Чэхаславакіяй, пасля якой ішлі Польшча, Украінская ССР, РСФСР, Беларуская ССР і Югаславія. У перыяд дзеяння забароны фашысцкай Германіі на выкарыстанне лужыцкай мовы скарацілася колькасць носьбітаў мовы. Сербалужыцкія пісьменнікі пасля 1945 года пісалі як на лужыцкіх мовах, так і на нямецкай. Так, паэт Кіта Лоранц (нар. 1938) стаў пісаць на роднай мове толькі пасля заняткаў славістыкай ў 14 гадоў. Двухмоўе ўзмацніла ўплыў нямецкай літаратуры на сербалужыцкую літаратуру. Актывізаваліся сувязі з усімі астатнімі славянскімі літаратурамі, павялічылася колькасць перакладаў з лужыцкай на іншыя мовы. У мае 1945 г. была адноўлена праца «Домавіны». У 1946 годзе па ініцыятыве пісьменніка Юрыя Брэзана было адноўлена Аб’яднанне сербалужыцкіх пісьменнікаў, якое пасля ўвайшло ў склад Саюза пісьменнікаў ГДР. У 1947 годзе «Домавіна» атрымала дазвол на адкрыццё свайго выдавецтва і друкарні; стала выдавацца лужыцкая газета «Нова доба». У 1948 годзе пачалося рэгулярнае радыёвяшчанне на лужыцкіх мовах. У 1950 годзе заснавана штомесячнае выданне культурна-палітычнага характару «Розгляд». У 1951 годзе пры Акадэміі навук ГДР быў утвораны Інстытут сербалужыцкага народазнаўства, а пры Лейпцыгскім універсітэцеІнстытут сарабістыкі, на якім стала выкладацца сербалужыцкая літаратура[20].

Юрый Кох

Аднавілі літаратурную дзейнасць паэты Ота Вічаз, Міна Віткайц, Мерчын Новак-Нехорнскі, Міхал Наўка, Ян Лайнерт, Юрый Вуйеш, Ёзэф Новак, а таксама пісьменніца Мар’я Кубашэц. Выбітным паэтам першага дзесяцігоддзя пасля заканчэння вайны быў Юрый Брэзан. Пасля публікацыі кнігі вершаў і прозы «На мяжы расце жыта» на нямецкай мове ў 1951 годзе Брезан стаў двухмоўным пісьменнікам. У сярэдзіне 1950-х гадоў Брэзан перайшоў да прозы. Іншым паэтам гэтага дзесяцігоддзя быў Юрый Млынк (пам. 1971). У паэме «Да святла» (1947) паэт-лірык пераказвае карціну жыцця Лужыцы ў гады нацызму. Млынк займаўся і перакладамі нямецкай замежнай паэзіі на лужыцкуь мову. У пачатку 1960-х гадоў паўстала новае пакаленне лужыцкіх паэтаў, сярод якіх быў Кіта Лоранц і Юрый Кох. Калі для Коха паэзія была пераходным этапам творчасці на шляху да прозы, то Лорэнц стаў вядучым лужыцкім паэтам. Пісьменніца Мар'я Кубашэц развівала жанры гістарычнай і біяграфічнай прозы. Трылогія «Босчый Сербін» (1963-1967) была прысвечана Кубашэц лужицкому дзеячу нацыянальнага адраджэння XVIII стагоддзя Босчыю Сербіну. Яна таксама перакладала на лужыцкую мову славянскіх пісьменнікаў, пісала кнігі для дзяцей. Пасляваенная творчасць Мерчына Новака-Нехорнскага складаюць аўтабіяграфічныя і мастацкія нарысы. Свае літаратурныя казкі Новак-Нехорнскі сабраў у кнізе «Барадаты дамавік і іншыя казкі» (1950). Ён таксама займаўся перакладам рускіх класікаў. Іншымі пісьменнікамі старэйшага пакалення, што пачыналі працаваць да ўсталявання нацысцкага рэжыму ў Германіі, у гэты перыяд былі Курт Крэньц, Юрый Вінар, Антон Наўка, Ян Цыж, Юрый Кубаш-Ворклечан і Вілем Бера. Да 1960-х гадоў адносіцца пачатак творчасці пісьменнікаў Петра Малінка, Мар'і Млынковой, Бена Шолты, Юрыя Краўжы, Бена Будара, Юрыя Коха, Яна Ворнара. Драматургічныя творы ствараліся Пятром Малінкам («Бунтар Ян Цушка», «Просьба аб памілаванні», «Начны пацыент»), Юрыем Брезанам («Ноч у лесе», «Мар'я Янчава»)[21].

1970-1995 гады[правіць | правіць зыходнік]

Літаратурны часопіс «Rozhlad»

У 1970-я гады ў творчасці Юрыя Коха, Кіта Лорэнца, Бенедыкта Дырліха, Ангелы Стахавай з'яўляюцца ноты, звязаныя з усведамленнем супярэчнасцяў сацыялістычнага грамадства. У вершы «Сербалужыцкі псалм» (1975-1977) Ёзэф Новак падвёў вынікі ўласных разважанняў пра лёс лужыцкіх сербаў. Лорэнц з 1973 года працаваў галоўным рэдактарам серыі «Сербалужыцкая паэзія». У гады сацыялістычнай індустрыялізацыі ў Лужыцы адбывалася развіццё вугальнай прамысловасці. Да 1989 года 46 лужыцкіх населеных пунктаў былі цалкам паскопаваны, яшчэ 27 паселішчаў былі часткова знішчаны. У зборніку «Струга» (1967) Лорэнц апісаў два светапогляды: «сацыялістычнага» чалавека, які ганарыцца ростам сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу, і «нармальнага» чалавека, які зведвае жах ад знішчэння родных вёсак і навакольнай прыроды. Іншымі паэтамі гэтага перыяду былі Рожа Домашцына (нар. 1951), Бена Будар (нар. 1946), Мар’я Краўцэц (нар. 1948), Томаш Наўка (нар. 1949), Герат Лібш (нар. 1935)[22].

Працягваў пісаць Брэзан, робячы асноўны ўпор не на нацыянальныя, а на сацыяльныя праблемы. За свой раман «Крабат, або Ператварэнне свету» (1976) Брэзан атрымаў трэцюю Нацыянальную прэмію ГДР. Найбуйнейшым пісьменнікам гэтага перыяду стаў Юрый Кох (нар. 1936), які ствараў свае творы як на лужыцкіх мовах, так і на нямецкай. У прозе Коха нацыянальны элемент узяў верх над сацыяльным. Як і Лорэнц ў паэзіі, Кох займаўся экалагічнай тэмай у сваёй прозе. У аповесці «Землеўпарадчыкі», апублікаванай у 1975 годзе, Кох злучыў праблему экалогіі прыроды з экалогіяй лужыцкага народа ў адзінае цэлае. Іншымі празаікамі гэтага перыяду былі Ян Ворнар, Юрый Краўжа, Кжэсчан Краўц, а таксама пісьменнікі старэйшага пакалення: Міна Віткайц, Херберт Новак, Мар'я Кубашэц, Ханжа Б'еншава, Антон Наўка і іншыя. Сярод нижнелужицких пісьменнікаў: Сабіна Дункелойц, Інгрыд Хустетойц, Маргіта Гейнрыхава, Уве Гутшміт, Інгрыд Наглава, Юрый Кох, Херберт Новак, Моніка Слокава, Каўфман Рыхтар, Рожа Шэнкарава. Лужыцкая драма заставалася бядней прозы і лірыкі: па дадзеных Д. Шолту, за пасляваенны перыяд было напісана ўсяго 50 п'ес. П'есы ствараліся часцей за ўсе па творах сербалужыцкай прозы (напрыклад, паводле рамана «Паміж сям'ю мастамі» Коха)[23].

XXI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Важнай крыніцай захавання спадчыны ніжнялужыцкай літаратуры і культуры стала серыя кніг пад назвай «Podstupimske pśinoski k Sorabistice», якая выдаецца Патсдамскам універсітэтам з 2000 года.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Greville Corbett, Bernard Comrie, The Slavonic Languages, стр. 596
  2. Sächsische Biografie
  3. Hinc Šewc, Před 400 lětami wuda so prěnja hornjoserbska kniha, Rozhlad. Budyšin, 45, 1995, 12. - s. 426-429
  4. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 20, 21, 23.
  5. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 24—26, 28—31.
  6. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 27, 28.
  7. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 31, 32, 35—37.
  8. Ермакова М. И., Роль верхнелужицкого протестантского перевода Библии 1728 г. в становлении и развитии литературного верхнелужицкого языка, стр. 124.
  9. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 42, 50—53, 55—58, 61—66, 69.
  10. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 67—69, 74, 81, 82, 84, 85, 90, 92.
  11. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 101, 102, 104—106, 109, 111.
  12. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 112—115.
  13. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 116, 117.
  14. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 121, 122, 125—128.
  15. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 128, 129, 131, 132.
  16. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 136—138.
  17. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 140—142, 144, 145, 178.
  18. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 145, 145, 151.
  19. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 153—155, 157.
  20. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 157—160.
  21. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 160—163, 165—167, 169, 170.
  22. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 172, 179, 180, 182—185.
  23. Введение в историю серболужицкой словесности и литературы от истоков до наших дней 1997, с. 193—195.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]