Слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слоўнік беларускай гаворкі
Словарь Бѣлорусскаго нарѣчія
Вокладка копіі слоўніка, якая захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі ім. Ф. Скарыны
Вокладка копіі слоўніка, якая захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі ім. Ф. Скарыны
Аўтар Іван Насовіч
Жанр слоўнік
Мова арыгінала беларуская
Арыгінал выдадзены 1870
Месца публікацыі Расійская імперыя

«Сло́ўнік белару́скай гаво́ркі» (руск.: «Словарь бѣлорусскаго нарѣчія») — слоўнік беларускай мовы, складзены Іванам Насовічам і выдадзены ў 1870 годзе Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу. Лічыцца адным з найкаштоўнейшых дыяментаў беларускай лексікаграфіі.

Стаў асноўнай крыніцай для ўкладання іншых слоўнікаў. Актыўна выкарыстоўваўся рэдактарамі і аўтарамі газеты «Наша Ніва»[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перадумовы з’яўлення слоўніка[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная беларуская мова ўзнікла на аснове старабеларускай мовы, распаўсюджанай на этнічных беларускіх тэрыторыях у ХІХ ст. З сярэдзіны 1830-х гадоў вывучэннем гутарковай мовы заняліся этнографы. Этнограф Павел Шпілеўскі на аснове варыянтаў гаворак у Міншчыны распрацаваў беларускую граматыку з выкарыстаннем кірылічнага алфавіта у 1846 годзе.

Патрэба ў слоўніку беларускай мовы ўзнікла ў час выдання «Актаў, адносных да гісторыі Заходняй Расіі» (руск.: «Акты, относимые к истории Западной России. собранные и изданные Археографической комиссией») у 1843–1853 гг. Рэдактар «Актаў» протаіерэй Іван Грыгаровіч (1792–1852) меў намер стварыць у рамках праекта беларускі слоўнік. Аднак задуму не ажыццявілі з-за заўчаснай смерці Грыгаровіча, які паспеў адолець толькі першыя 10 старонак[2][3].

Пасля гэтага, Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Імператарскай акадэміі навук перадала працу Грыгаровіча І. І. Насовічу і С. П. Мікуцкаму (матэрыялы другога адзначаліся акадэіяй як «нязначныя»). Варта адзначыць, што ў гэты момант Імператарская акадэмія навук не вызначала беларускую, як асобную мову, і лічыла як дыялектам рускай[4].

Стварэнне слоўніка[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяламі для стварэння слоўніка сталі:

  • помнікі вуснай народнай славеснасці: песні, прыказкі, прымаўкі, казкі і інш.;
  • зборнікі слоў, складзеныя ім падчас паездак па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерням і па некаторым ускраінам Прывіслянскага краю[заўв 1], сумежным з названымі губернямі;
  • «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, заключаных у актах Заходняй Расіі», складзены ім...;
  • «Вопыт абласнога слоўніка вялікарускай гаворкі», у які ўвайшло некалькі невялікіх зборнікаў слоў беларускай гаворкі;
  • нешматлікія матэрыялы беларускай гаворкі і славеснасці, надрукаваныя ў Весцях Імператарскай акадэміі навук па Аддзяленні рускай мовы і славеснасці, працах Маскоўкай супольнасці аматараў славеснасці, у Этнаграфічным зборніку Імператарскай Рускай геаграфічнай супольнасці, у зборніках Чачота і Зянкевіча[заўв 2].[3]

Новы слоўнік быў спробай сістэматызацыі выяўленай фальклорнай і канцылярска-справавой спадчыны беларускага народа — старабеларускіх актаў, грамат, іншых пісьмовых помнікаў, фальклорных і этнаграфічных выданняў, многія з якіх паслужылі крыніцамі для рэестру слоўніка[4].

Выданне слоўніка[правіць | правіць зыходнік]

Старонка з копіі Слоўніка, якая захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі ім. Ф. Скарыны, Лондан, Вялікабрытанія

Вынікам 16-гадовай скрупулёзнай працы Насовіча стаў «Слоўнік», скончаны ў 1863 г.[2] Яго папярэднікам быў неапублікаваны «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з „Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі“», з тлумачэннем каля 13 тыс. слоў і паняццяў, за якую аўтар атрымаў Увараўскую прэмію  (руск.)[5][6].

Слоўнік змясціў больш за 30 тысяч слоў і быў выдадзены Імператарскай Акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу ў маі 1870 г. У рэдакцыйных уводзінах да яго адзначаецца, што:

Беларуская гаворка, якая дамінуе на шырокай прасторы ад Нёмана і Нараў да вярхоўяў Волгі і ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці і Іпуці і на якой гавораць жыхары паўночна-заходніх і некаторых сумежных з імі губерняў, або тых мясцін, якія некалі насяляла Крывіцкіе племя, ужо даўно звяртала на сябе ўвагу айчынных філолагаў па ўцалелых у ім каштоўных рэштках старажытнай мовы[3].

Гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч адзначаў, на падставе апублікаваных у 1928 годзе асабістых сшыткаў Івана Насовіча, замену Расійскай акадэміяй навук назвы мовы з «крывіцкай» на «беларускую» супраць волі аўтара[7]. Гэта адбывалася на фоне агульнага пашырэння расійскімі ўладамі тэрміна «беларусы» побач з «вялікарусы» і «маларосы»[4].

За ўкладанне слоўніка аўтар быў узнагароджвны Дзямідаўскай прэміяй  (руск.)[6]. Пасля выхаду «Слоўніка» Насовіч працягваў збор лінгвістычных матэрыялаў, якія трапілі ў «Дадатак да беларускага слоўніка», выдадзенага пасмяротна ў 1881 г.[5][6]

Уплывовасць[правіць | правіць зыходнік]

На фоне заняпаду беларускай мовы ў XVII—XVIII стст., «Слоўнік Насовіча» стаў першым навуковым даведнікам па лексіцы беларускай мовы сярэдзіны XIX ст. На той час у Расійскай імперыі беларуская не лічыліся асобнай мовай і падобная праца моцна паспрыяла ўмацаванню нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў.

Фактычна, слоўнік І. Насовіча, як і многія іншыя даследаванні культуры і побыту беларусаў, быў пакліканы навукова падтрымаць афіцыйную ідэю заходнерусізму (Беларусь – этнаграфічная частка Расіі, яе нешматлікія культурныя і моўныя адрозненні – прыкры польскі ўплыў, падлеглы скасаванню). Аднак яго рэестравая і ілюстратыўная часткі толькі пацвердзілі існаванне самастойнага і этнаграфічна самабытнага беларускага этнасу.[4]

З больш чым 30 тысячамі слоў, Слоўнік быў ахарактарызаваны як «непераўзыдзены збор лексікі жывой мовы XIX стагоддзя»[8][9] і як «адна з асноўных вех беларускага нацыянальнага адраджэння пасля Студзеньскага паўстання 1863 г.»[5].

Некаторыя даследчыкі разглядаюця яго як «першы слоўнік беларускай літаратурнай мовы», бо ён выконваў функцыі вывучэння, апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы, а значыць, надаваў гэтай мове статус нацыянальнай[4].

Слоўнік доўгі час заставаўся адзінай навуковай крыніцай беларускага слова і меў уплыў на многія моўныя і нацыятворчыя працэсы. У 1920-я гады, калі ў Беларусі ішоў актыўны працэс моўнага будаўніцтва, ён карыстаўся надзвычай шырокім попытам.[4] Уплыў слоўніка заўважны і ў лексіцы тагачасных беларускіх пісьменнікаў. Слоўнік Насовіча доўгі час быў бадай адзінай крыніцай беларускай мовы і для замежных даследчыкаў-славістаў, якія часта на яго спасылаліся ў сваіх працах. Нягледзячы на тое, што слоўніку споўнілася 140 гадоў, ён застаецца актуальным і сёння як для даследчыкаў, так і для больш шырокай публікі.

Асаблівасці слоўніка[правіць | правіць зыходнік]

Рэестр слоўніка ўключае каля 35 тысяч слоў. Спецыялісты адзначаюць, што ў слоўніку пераважае паўночна-заходняя дыялектная лексіка[крыніца?], але яго цяжка назваць адназначна дыялектным, паколькі ў ім сумяшчаюцца таксама і рысы тлумачальнага і перакладнога слоўніка, што робіць яго ўніверсальным[4]. Каштоўнасць слоўніка заключаецца не толькі ў яго ўнікальным спалучэннем характэрных рыс самых розных па тыпу слоўнікаў, але і ў тым, што ён змяшчае багаты ілюстрацыйны матэрыял на падставе народных песень, прыказак, прымавак, фразеалагізмаў.

Таксама варта адзначыць багаты набор скарачэнняў і дадатковых атрыбутаў, якія падаюцца разам з тлумачэннямі слоў. Гэта адзначэнне: рэгіёнаў, этымалогіі (як разумеў сам І. Насовіч), агульнага паходжання слоў (дзіцячае, абласное, царкоўнае, філасоўскае), стылістыкі, сацыяльных пластоў і інш. Такім чынам, слоўнік разбурае старыя ўяўленні пра «сялянскасць» беларускай мовы, яе побытава-зніжаны характар і немагчымасць перадачы абстрактных і высокастылёвых паняццяў.[4]

Фанетыка і графіка[правіць | правіць зыходнік]

У прадмове да слоўніка адзначалася, што складальнік прытрымліваўся вымовы, якая дамінавала ў Магілёўскай губерні і намагаўся захаваць па магчымасці цалкам усе адценні вымаўлення ў ёй галосных. Для гэтага ў слоўніку былі ўведзены некалькі знакаў:[3]

Назва знака Знак Азначэнне Прыклады
Кароткі знак ◌̌ Паніжэнне галоснай або скарачэнне галосных «и» або «у» я̌ко́ва̀; я й такъ, я й сякъ, а ўсе не ўгожу ему
Аблегчаны знак ◌̂ Перадача ўздыму або павышэння галоснай êно̀, бѣдзѣ̀, вôлно
Дзве кропкі ◌̈ Паказванне, што «е» і «ѣ» павінны вымаўляцца як іô ёсць, ёнъ, звѣзды

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. У прыватнасці, сярод адзнак скарачэнняў геаграфічнага арэала распаўсюджання лексем адзначаюцца: Брестский, Пинский, Пружанский уѣздъ, Виленская, Гродненская, Минская, Могилевская губернія.
  2. У арыгінале запісаны як «въ сборниках Чечета и Зенкевича».

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Ад укладальнікаў, Іван Насовіч. Слоўнік беларускай мовы (электронная версія)
  2. а б Герасімчык, Васіль. Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі» . Новы Час. Праверана 4 мая 2021.
  3. а б в г Прадмова (да выдання: Носович И. И. «Словарь белорусского наречия», 1870 г.) (руск.). belarus.github.io. Праверана 4 мая 2021.
  4. а б в г д е ё ж Ірына Караткевіч "Слоўнік беларускай мовы" Івана Насовіча: этналінгвістычны каментар // Acta Albaruthenica, БДУ. — 2020. — С. 199-208. — DOI:10.32612/uw.18988091.2020.20.pp.199–208
  5. а б в «Іван Насовіч і першы сучасны беларускі слоўнік (1870)». Беларускае летапісанне. Восень 2000 г. № 13
  6. а б в 7 кастрычніка споўнілася 230 гадоў з дня нараджэння Івана Насовіча, мовазнаўца-лексікографа, фалькларыста, этнографа, археографа . Нацыянальная бібліятэка Беларусі (8 кастрычніка 2018). Праверана 1 жніўня 2023.
  7. Веда. № 2, 1952. С. 53—54.
  8. "Легендарны слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча ад сёння даступны анлайн". Радыё Свабода. 18 лютага 2021. Праверана 2021-05-04. {{cite news}}: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |мова=, |дата=, |загаловак=, і |выдавецтва= (даведка)
  9. Легендарны слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча цяпер даступны ў Інтэрнэце . Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 4 мая 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]