Стаўбцоўская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стаўбцоўская раўніна
Размяшчэнне Беларусь
Вышыня над узроўнем мора 150—200 м
Рэкі Нёман, Уса, Ператуць, Лоша, Нёманец, Уздзянка, Тур’я
Стаўбцоўская раўніна

Стаўбцо́ўская раўні́на[1][2] — фізіка-геаграфічны раён у Беларусі, на паўднёвым захадзе Мінскай і ўсходзе Гродзенскай абласцей, у басейне верхняга цячэння ракі Нёман. Мяжуе з Мінскім узвышшам, Нёманскай нізінай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай, Капыльскай градой. Вышыня 150—200 м.

У тэктанічных адносінах Стаўбцоўская раўніна прымеркавана да цэнтральнай часткі Беларускай антэклізы, дзе Цэнтральнабеларускі масіў сучляняецца з Валожынскім грабенам. Складзена з ніжнепратэразойскіх гнейсаў, кварцытаў, верхнемелавых мергельна-мелавых моцна апясчаненых парод, антрапагенавых чырвона-бурых марэнных супескаў і суглінкаў, месцамі перакрытых водна-ледавіковымі розназярністымі пяскамі і супескамі. Магутнасць антрапагенавых асадкаў 100—150 м.

Раўніна фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлння якога значна перапрацавана эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня спадзіста-хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносная вышыня — 3—7 м. Трапляюцца забалочаныя і затарфаваныя лагчыны, часам з вадацёкамі; на водападзелах — тэрмакарставыя западзіны; прыдалінныя ўчасткі парэзаны лагамі, зрэдку ярамі. Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, лёгкаплаўкія гліны.

Асноўныя рэкі: Нёман, Уса, Ператуць, Лоша, Нёманец, Уздзянка, Тур’я.

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, у паніжэннях — дзярнова-падзолістыя забалочаныя, у далінах рэк — дзярнова-глеістыя (поймавыя) з участкамі тарфяна-балотных.

Лясістасць 30 %. Вялікія масівы на поўначы раўніны. Пераважаюць хвойнікі і ельнікі верасовыя і імшыстыя. Трапляюцца дубровы і другасныя бярэзнікі, у паніжэннях — чорнаалешнікі са сфагнавымі балотамі. Паверхня моцна разараная.

На тэрыторыі раўніны Коласаўскі заказнік.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Стаўбцо́ўская раўні́на // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 686. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Стаўбцо́ўская раўні́на // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 177. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Стаўбцоўская раўніна / М. М. Брылеўскі // Геаграфія: праблемы выкладання : навукова-метадычны часопіс / заснавальнік РУП "Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». — 2009. ― № 3. ― С. 3―8.