Сцяпан Герасімавіч Булат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцяпан Герасімавіч Булат
загадчык аддзела ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі па працы ў вёсцы
1920 — 1921
3-і сакратар ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі
1921 — 1921

Нараджэнне 11 мая 1894(1894-05-11)
Смерць 24 ліпеня 1921(1921-07-24) (27 гадоў)
Месца пахавання
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць журналіст, палітык
Ваенная служба
Званне прапаршчык

Сцяпа́н Гера́сімавіч Була́т (11 мая 1894, Слабада, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць24 ліпеня 1921, Масква) — беларускі палітычны дзеяч, журналіст[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З сям’і батрака. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы, экстэрнам здаў экзамены за курс настаўніцкай семінарыі[1] і з 1913 г. настаўнічаў у Дзешчанскім народным вучылішчы Мінскага павета.

У 1915—1916 гг. і 1918—1919 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце[1]. У 1916 г. мабілізаваны ў армію, скончыў Віленскае народнае вучылішча, служыў у 153-м пяхотным палку, прапаршчык. У канцы снежня 1917 г. дэмабілізаваны як настаўнік, працаваў у Слабадскім народным вучылішчы Мінскага павета.

Сябра арганізацыі «Маладая Беларусь», якая ў канцы 1919 г. пераўтвораная ў Беларускую камуністычную арганізацыю. У часе акупацыі Беларусі польскімі войскамі сябра Цэнтральнага камітэта Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага камітэта[1], займаўся арганізацыяй партызанскага руху ў Менскім павеце, вёў прапаганду ідэй савецкай улады. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, Беларуская камуністычная арганізацыя, аднак, стаяла на беларускіх пазыцыях і адстойвала ідэю стварэння беларускай дзяржаўнасці[2]. Па заняцці Менска бальшавікамі ўступіў у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. У ліпені — жніўні 1920 г. працаваў у Менскім губернскім аддзеле народнай асветы[1]. З жніўня 1920 г. загадчык аддзела Цэнтральнага камітэта КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня». З лютага 1921 г. сябра Цэнтральнага бюро, з траўня 1921 г. 3-і сакратар Цэнтральнага камітэта КП(б)Б і загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела[3]. Адзін з падпісантаў «Заявы 32-х», якая з’яўлялася спробай распрацаваць і прапанаваць партыйнаму кіраўніцтву накід платформы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння савецкай Беларусі з улікам становішча па выніках Рыжскага міра. Былі зроблены прапановы пашырыць рэспубліку на ўсход, распачаць беларусізацыю краю, надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. У 1930-х гг. група падпісантаў кваліфікавалася як «група, што змагаецца супраць генеральнай лініі камуністычнай партыі, за адкол групы беларусаў (камуністаў) ад КПБ»[4].

Памёр 24 ліпеня 1921 года ў Маскве пасля другой аперацыі[5]. Пахаваны 28 ліпеня а 19-й гадзіне вечара на Старажоўскіх могілках у Менску[5]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гг. былі выраўнены бульдозерам[6]. Ёсць звесткі, што рэшткі Булата былі перанесены на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч не змог знайсці яго магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць знішчана ў часе пашырэння вуліцы Даўгабродскай, альбо рэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[7].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Яго памяці прысвечаныя вершы Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата»[1], Міхася Чарота «Дарогай памяці Сцяпана Булата», Змітрака Бядулі «На смерць Сцяпана Булата». Імя Сцяпана Булата было нададзена 31-й менскай сямігадовай беларускай школе[8].

Зноскі

  1. а б в г д е Булат Степан Герасимович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 89. — 737 с.
  2. Уладзімір Ляхоўскі. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919—1920 гг.. Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2015. Праверана 29 снежня 2015.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3)., С. 328
  4. Уладзімір Ладысеў, Пётр Брыгадзін. Паміж усходам і захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). — Мінск: БДУ, 2003. — С. 141—146. — 307 с. — ISBN 985-445-963-2. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  5. а б Тамара Холад. И дольше века (руск.). Советская Белоруссия (12 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2015. Праверана 29 снежня 2015.
  6. Сторожевское кладбище (руск.). minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  7. Алесь Жук Любіце паэтаў, любіце // Літаратурная Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 3.
  8. Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 313. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.