Сінхроннае вярчэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пры сінхронным вярчэнні спадарожнік заўсёды звернуты адным бокам да цэнтральнага цела.
Плутон і Харон заўсёды павернутыя адзін да аднаго адным бокам
Схема, якая ілюструе сінхроннае вярчэнне спадарожніка. Пры сінхронным вярчэнні (злева) спадарожнік увесь час звернуты да планеты, вакол якой абарачаецца, адной і той жа бокам. Справа — прыклад несінхроннага вярчэння
Праз тое, што Месяц знаходзіцца ў прыліўным захопе з Зямлёй, з паверхні планеты можна ўбачыць толькі адзін бок спадарожніка.

Сінхроннае вярчэнне (прыліўны захоп) — сітуацыя, калі перыяд абарачэння спадарожніка вакол сваёй восі супадае з перыядам яго абарачэння вакол цэнтральнага цела. Пры гэтым спадарожнік заўсёды звернуты да цэнтральнага цела адным і тым жа бокам, паколькі ён абарачаецца вакол сваёй восі за той жа час, які яму патрабуецца на абарот вакол свайго партнёра па арбіце. Прыліўны захоп адбываецца ў час узаемнага руху і характэрны для многіх буйных натуральных спадарожнікаў планет Сонечнай сістэмы, а таксама выкарыстоўваецца для стабілізацыі некаторых штучных спадарожнікаў. Калі розніца ў масах паміж двума целамі невялікая, то яны абодва могуць быць у прыліўным захопе адзін адносна другога, як у выпадку з Плутонам і Харонам.

Пры назіранні сінхроннага спадарожніка з цэнтральнага цела заўсёды бачны толькі адзін бок спадарожніка. Пры назіранні з гэтага боку спадарожніка цэнтральнае цела «вісіць» у небе нерухома. З адваротнага ж боку спадарожніка цэнтральнае цела ніколі не бачнае.

Калі вось уласнага вярчэння спадарожніка не перпендыкулярная плоскасці арбіты, назіраюцца лібрацыі па шыраце, а калі арбіта спадарожніка значна адрозніваецца ад акружнасці, то лібрацыі па даўгаце.

Сінхроннае вярчэнне з’яўляецца раўнаважкім станам у нябеснай механіцы. Калі першапачаткова перыяд абарачэння спадарожніка вакол планеты і перыяд яго вярчэння вакол восі розныя, узнікаюць прыліўныя хвалі, якія тармозяць ці разганяюць вярчэнне вакол восі.

Прыклады[правіць | правіць зыходнік]

Практычна ўсе спадарожнікі ў Сонечнай сістэме сінхранізаваныя са сваімі цэнтральнымі целамі, бо іх арбіты даволі малыя, а прыліўныя сілы ўзмацняюцца адваротна прапарцыйна кубу адлегласці. Выключэннямі з’яўляюцца нерэгулярныя спадарожнікі газавых гігантаў, чые арбіты пралягаюць істотна далей за арбіты буйных спадарожнікаў.

Найбольш вядомы і даступны для назірання прыклад — Месяц, які з’яўляецца сінхронным спадарожнікам Зямлі. Абодва натуральныя спадарожнікі Марса — Фобас і Дэймас — маюць сінхроннае вярчэнне. Буйныя спадарожнікі Юпітэра, Сатурна і Урана з’яўляюцца сінхроннымі. Найбуйнейшы спадарожнік Нептуна Трытон таксама мае сінхроннае вярчэнне.

Плутон і Харон — яскравы прыклад узаемнага прыліўнога захопу. Харон — вельмі вялікі месяц адносна свайго цэнтральнага цела і абарачаецца вакол яго на невялікай арбіце. Гэта вымусіла Плутон таксама здабыць прыліўны захоп у адносінах да Харона. У выніку два гэтыя целы верцяцца адзін вакол аднаго (барыцэнтр сістэмы ляжыць над паверхняй Плутона), нібы злучаныя тросам у двух супрацьстаялых адзін аднаму пунктах іх паверхні.

Прыліўны захоп астэроідаў па большай частцы невядомы, але варта чакаць, што блізка вярчальныя пары таксама павінны быць у прыліўным захопе адзін адносна аднаго.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]