Трыбалы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прыкладная тэрыторыя рассялення трыбалаў.

Трыбалы — адно з плямёнаў, якое пражывала на тэрыторыі Мёзіі ў часы Антычнасці.

Упершыню згаданы Герадотам. Насялялі паўночную Фракію паміж Ніжнім Дунаем і Балканскімі горамі. Шэраг старажытных аўтараў (у першую чаргу Страбон і Дыядор Сіцылійскі) атаясамлялі трыбалаў з фракійцамі, але ўжо Стэфан Візантыйскі адносіў іх да ліку ілірыйцаў. Паводле некаторых звестак, маглі ўяўляць сабой канфедэрацыю плямёнаў. На працягу V—IV стагоддзяў да н.э. неаднаразова ваявалі супраць адрысаў і пагражалі грэчаскім гарадам на ўзбярэжжа Адрыятычнага мора. У прыватнасці, у 424 годзе да н.э. імі былі разбіты адрысы пад камандаваннем цара Сіталка, якія напалі на іх, а ў 376 годзе да н.э. вялікая група трыбалаў перайшла Балканскія горы і аблажыла Абдэры, прычым горад быў выратаваны толькі дзякуючы ўмяшанню афінскага флоту.

У 339 годзе да н.э. адбылося сутыкненне трыбалаў з войскамі Філіпа II Македонскага, якія вярталіся з паходу супраць скіфаў, у якім македонскі цар быў сур'ёзна паранены, а частка македонскай здабычы захоплена трыбаламі. Увесну 335 года да н.э. трыбалы здзейснілі напад на македонскія гарнізоны, пасля чаго Аляксандр Македонскі пачаў шырокамаштабную кампанію супраць іх. Размах ваенных дзеянняў быў абумоўлены неабходнасцю забяспечыць бяспеку паўночных межаў царства перад планаваным паходам на Персію. У выніку трыбалы пад камандаваннем цара Сірма (Syrmus) пацярпелі цяжкае паражэнне і фактычна былі заваяваны македанянамі, хоць Сірмій знайшоў сховішча на дунайскім востраве Пеўке (Peuce Island). Разам з тым вядома, што трыбалы падымалі паўстанні нават у перыяд 135-84 гадоў да н.э., калі Македонія ўжо была старажытнарымскай правінцыяй, а апошнія згадкі пра іх адносіцца да III стагоддзя н.э.: Максімін I Фракіец, адзін з салдацкіх імператараў, быў некаторы час камандзірам падраздзялення трыбалаў, а імператар Дыяклетыян атрымаў ліст ад трыбальскіх правадыроў. Клаўдзій Пталамей адзначаў, што ў яго час тэрыторыя пражывання трыбалаў абмяжоўвалася рэкамі Цыябрус (Tsibritsa; лац.: Ciabrus) і Утус (лац.: Utus).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]