Тыбецкія мовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
тыбецкая група
Таксон група
Арэал Тыбет, Цынхай, Сычуань, Кашмір, Балцістан, Непал, Сікім, Бутан
Колькасць носьбітаў
  • каля 6 000 000 чал.
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

сіна-тыбецкія мовы

тыбецка-бірманскія мовы
тыбецка-канаўрыйскія мовы
бодскія мовы
тыбецкая група
Склад

цэнтральнатыбецкія мовы,
амдоская,
камская,

ладакхская
Коды моўнай групы
ISO 639-2
ISO 639-5

Тыбе́цкія мовы — моўная група ў складзе сіна-тыбецкае моўнае сям'і, якая аб'ядноўвае ў сваім складзе групу ўзаемнанезразумелых моў тыбецка-бірманскае падсям'і, на якіх размаўляюць найперш тыбетцы. Геаграфічна распаўсюджаныя ў рэгіёнах Тыбецкага нагор'я, Балцістана, Ладакха, Сікіма, а таксама ў Непале і Бутане. Найбуйнейшай літаратурнай мовай з'яўляецца класічная тыбецкая мова, у значнай ступені дзякуючы яе ўжыванню ў будысцкай літаратуры.

Дыялекты рэгіёнаў У-Цанг (у тым ліку дыялект Лхасы), Кам і Амдо звычайна лічацца дыялектамі адной мовы, што асабліва падмацоўваецца наяўнасцю агульнае літаратурнае мовы, у той час як мова дзонг-кэ, сікімская, шэрпская, ладакхская мовы часта ўлічваюцца ў якасці асобных.

Колькасць носьбітаў тыбецкіх моў налічвае больш за 8 млн чал. Цераз распаўсюджанне тыбецкага будызму тыбецкая мова пашырылася і ў заходнім свеце; з гэтае прычыны, у прыватнасці, пашыраецца вывучэнне тыбецкае мовы жыхарамі заходніх краін з мэтаю вывучэння рэлігійных тэкстаў. Па-за межамі Тыбета, па-тыбецку гаворыць прыкладна 200 тыс. чал., на тыбецкіх мовах размаўляюць таксама некаторыя этнічныя групы нетыбецкага паходжання, якія жывуць у Тыбеце. Нягледзячы, аднак, на тое, што ўрадам КНР некаторыя цянскія народы класіфікуюцца як тыбетцы, мовы цянскае групы не належаць да тыбецкіх, утвараючы сваю асобную галіну ў складзе тыбецка-бірманскіх моў.

Для класічная тыбецкая мовы тонавая сістэма не характэрна, тоны таксама адсутнічаюць у амдоскай тыбецкай і ладакхскай мовах, тады як цэнтральная і камская тыбецкія мовы ў працэсе развіцця набылі тонавую сістэму.

З марфалагічнага погляду тыбецкія мовы ў цэлым можна апісаць як аглюцінатыўныя, хаця класічная тыбецкая мова была ў значнай ступені аналітычнай.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Нікаля Турнадр апісвае моўную сітуацыю наступным чынам:

Грунтуючыся на выніках дваццацігадовай палявой працы на тэрыторыях распаўсюджання тыбецкіх моў, а таксама на існуючай літаратуры, можна меркаваць пра існаванне 220 «тыбецкіх дыялектаў», якія паходзяць ад старатыбецкай мовы і на сёння распаўсюджаныя на тэрыторыі 5 краін: Кітая, Індыі, Бутана, Непала і Пакістана. Гэтыя дыялекты можна аб'яднаць у 25 дыялектных груп, паміж якімі адсутнічае ўзаемнае разуменне. Паняцце «дыялектная група» тут раўназначнае паняццю «мовы», але не прадугледжвае наяўнасці моўнай нормы. Такім чынам, пакідаючы ў баку паняцце нарматыўнасці, на маю думку, больш мэтазгодна было бы казаць пра 25 моў, якія паходзяць ад старатыбецкай. Гэта не толькі пытанне тэрміналогіі, гэта дазваляе зусім іначай ацэньваць ступень моўнай варыятыўнасці. Калі мы кажам пра 25 моў, становіцца ясна, што мы маем справу з моўнай сям'ёй, параўнальнай па памерах з раманскай, якая складаецца з 19 такіх дыялектных груп[1].

Тыбецкія мовы, якія ўжываюцца ў кітайскіх СМІ, уключаюць у сябе стандартную тыбецкую мову (заснаваную на дыялекце У-Цанг наваколляў Лхасы), камскую тыбецкую і амдоскую тыбецкую.

Класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Турнадра класіфікацыя тыбецкіх моў выглядае наступным чынам[2]:

  • У-Цангская мова (на якой засноўваецца стандартная тыбецкая мова, разнастайныя дыялекты Непала);
  • Камская мова;
  • Дзонгкэ-сікімскія мовы:
    • Дзонгкэ, сікімская мова, мовы лакха, наапа, лайскі дыялект, чакангакская, бракацкая мовы, мова брокпа, верагодна — мова грома;
  • Ладакхска-балцкія мовы:
    • Ладакхская мова, пурыг, дыялект зангскары, балцкая мова;
  • Лахулі-спіцкая мова;
  • Кіронг-кагацкая мова;
  • Шэрпа-джырэльскія мовы:
    • Шэрпская, джырэльская мовы.

Іншыя мовы — тэва-чонэ, жонгу, халонг, дунван, гсэрпа, зітсадэгу, другчу, байма — не дастаткова даследаваны, каб іх можна было класіфікаваць.

Згодна з Брэдлі, тыбецкія мовы падзяляюцца наступным чынам:

  • Ладакхская мова;
  • Амдоская тыбецкая мова (разам з тэва-чонэ);
  • Камская тыбецкая мова:
    • «Заходнія архаічныя тыбецкія мовы» — балцкая, пурыг;
  • Цэнтральнатыбецкія мовы:
    • Заходняя новатыбецкая (лахулі-спіцкая):
      • Дыялекты Верхняга Ладакха, Занскара, Лагула, Спіці, Утаракханда, Талінга;
    • Дбус, або У:
      • Большасць дыялектаў акругі Нгары Тыбецкага АР КНР, паўночных пагранічных рэгіёнаў Непала, дыялекты акруг Шыгадзэ і Шаннань Тыбецкага АР, а таксама Лхасы; аснова стандартнай тыбецкай;
    • Паўночнатыбецкая:
      • Поўнач Тыбецкага АР і поўдзень правінцыі Цынхай;
    • Паўднёватыбецкая:
      • Некаторыя дыялекты крайняга поўдня Тыбецкага АР, мовы Індыі, Непала, Бутана.

Згодна з некаторымі класіфікацыямі камская і амдоская мовы могуць аб'ядноўвацца як усходнетыбецкія.

Пісьменнасць[правіць | правіць зыходнік]

Большасць тыбецкіх моў маюць пісьменнасць на аснове індыйскай (тыбецкая пісьменнасць), арфаграфія з'яўляецца даволі кансерватыўнай, што дазваляе аб'ядноўваць рэгіёны, у якіх распаўсюджаныя тыбецкія мовы. Аднак, у ладакхскай і балцкай мовах нярэдка выкарыстоўваецца пісьменнасць мовы ўрду, якая ў сваю чаргу паходзіць ад арабскай, што звязана з прыняццем ісламу носьбітамі гэтых моў некалькі стагоддзяў назад. Існуюць некаторыя тэндэнцыі па аднаўленні ўжывання тыбецкае пісьменнасці ў балцкай мове, што тлумачыцца жаданнем захавання ўласнай культурнай ідэнтычнасці.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Tournadre N. Vol 1. // Arguments against the Concept of ‘Conjunct'/‘Disjunct' in Tibetan / Festschrift für Roland Bielmeier zu seinem 65. Geburtstag. B. Huber, M. Volkart, P. Widmer, P. Schwieger. — in Chomolangma, Demawend und Kasbek. — 2008. — С. 281-308.
  2. N. Tournadre. L'aire linguistique tibétaine et ses divers dialectes. — Lalies, 2005. — С. 7-56.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Beyer, Stephan V. (1992). The Classical Tibetan Language. SUNY Press. ISBN 0-7914-1099-4.
  • Denwood, Philip (1999). Tibetan. John Benjamins Publishing. ISBN 90-272-3803-0.
  • Denwood, Philip (2007). «The Language History of Tibetan». In Roland Bielmeier, Felix Haller. Linguistics of the Himalayas and beyond. Walter de Gruyter. pp. 47-70. ISBN 3-11-019828-2.
  • van Driem, George (2001). Languages of the Himalayas: An Ethnolinguistic Handbook of the Greater Himalayan Region containing an Introduction to the Symbiotic Theory of Language. Brill. ISBN 9004103902.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]