У мяне ёсць мара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

У мяне ёсць мара — назва прамовы, якую 28 жніўня 1963 года ў Вашынгтоне зрабіў змагар з расавай сегрэгацыяй у ЗША Марцін Лютэр Кінг. Ён паўтараў гэтыя словы ў прамове. Мара была звязана з поўным выкараненнем расізму і расавай дыскрымінацыі. «Нягледзячы, што гэта мара была адрасавана жыхарам Злучаных Штатаў, яе сутнасць закранула людзей з многіх краін свету», гаворыцца ў адным міжнародным выданні[1]. Прамова мела мэту падбадзёрыць удзельнікаў барацьбы за выкараненне расавай дыскрымінацыі ў ЗША на працяг змагання.

Асаблівасці прамовы[правіць | правіць зыходнік]

Прамова Кінга была прысвечана праблеме расавай сегрэгацыі, якая ставіла чорнае насельніцтва Злучаных Штатаў у ніжэйшае палажэнне ў параўнанні з белымі грамадзянамі ЗША. Афіцыйна сегрэгацыя толькі раздзяляла жыхароў паўднёвых штатаў па расавым прызнаку і давала ім роўныя магчымасці (прынцып separated, but equal — «раздзельна, але роўна», які ляжаў у аснове сегрэгацыі, патрабаваў стварэння роўных умоў у адукацыі, сферы абслугоўвання і г.д.), але фактычна неграм прапанавалі меншыя магчымасці і менш якасныя паслугі.

Кінг звярнуў увагу, што гэта палажэнне супярэчыць галоўнай ідэі Дэкларацыі незалежнасці — «роўнасці ўсіх людзей». Ён заклікаў сваіх аднадумцаў змагацца за роўнасць усіх грамадзян ЗША і пры гэтым не карыстацца гвалтам, а таксама не даваць месца нянавісці да ўсіх белых амерыканцаў. Ён свабодна выкарыстоўвае словы «негр» і «негрыцянскі», якія пазней у пэўных колах сталі лічыць абразлівымі.

Кінг нярэдка карыстаўся рэлігійнымі паралелямі і не менш як двойчы прыводзіў цытаты з Бібліі. Гэта не толькі таму што М. Л. Кінг быў і палітыкам і рэлігійным дзеячом, але і часткова звязана з тым, што жыхары ЗША таго часу, асабліва негры, былі людзьмі пераважна рэлігійнымі і з асаблівай павагай ставіліся да думак са Святога Пісання.

Адмову дзяржавы задаволіць патрэбы неграў у правах і свабодах, Кінг параўнаў з адмовай стабільнага банка выдаць наяўныя грошы па чэку.

Наколькі ажыццявілася мара Марціна Лютэра Кінга[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што цяперашнія ўлады ЗША і амерыканскае грамадства ў цэлым трымаюцца каштоўнасцей, аб якіх казаў Кінг, і негры ў ЗША карыстаюцца роўнымі правамі з белымі, застаецца праблема расавай нянавісці і элементаў добраахвотнай сегрэгацыі, калі, напрыклад у некаторых кварталах Нью-Ёрка з перавагай неграў беламу чалавеку небяспечна з’яўляцца. Мара Марціна Лютэра Кінга да гэтага часу збылася толькі часткова.

Тэкст прамовы[правіць | правіць зыходнік]

Сотню гадоў таму вялікі амерыканец падпісаў Пракламацыю аб вызваленні нявольнікаў. Гэты гістарычны дакумент стаў як вялікае святло маяка надзеі для мільёнаў негрыцянскіх рабоў, якія пакутавалі ў агні пякельнай несправядлівасці. Гэта было падобна таму, як прыходзіць радасны світанак, каб пакласці канец доўгай ночы палону.

Але праз сто гадоў пасля гэтай падзеі відаць сумную рэч, што негр яшчэ несвабодны. Праз сто гадоў жыццё негра яшчэ скавана наручнікамі сегрэгацыі і ланцугамі дыскрымінацыі. Праз сто гадоў негр жыве на адзінокім востраве беднасці сярод шырокага акіяна матэрыяльнага дабрабыту. Праз сто гадоў негр чахне на перыферыі амерыканскага грамадства і робіцца выгнаннікам на ўласнай зямлі. Таму мы прыйшлі сёння сюды, каб звярнуць увагу на такое жудаснае становішча.

У некаторым сэнсе мы прыйшлі да капіталу нашай краіны, каб атрымаць наяўныя грошы па чэку. Калі архітэктары нашай рэспублікі напісалі цудоўныя словы Канстытуцыі і дэкларацыі незалежнасці, яны падпісалі пазыковае абавязацельства, згодна якому кожны амерыканец меў стаць спадкаемцам. Гэты вэксаль быў абяцаннем, што ўсім людзям будуць гарантаваны неад’емныя правы на жыццё, свабоду і шуканне шчасця.

Сёння відавочна, што Амерыка анулявала пазыковае абавязацельства ў дачыненні да сваіх цёмнаскурых грамадзян. Замест таго каб выканаць святы абавязак, Амерыка дала неграм незабяспечаны чэк, які ім вярнулі з надпісам «недастаткова сродкаў». Але мы не верым, што банк справядлівасці стаў банкрутам. Мы не верым, што ў сховішчах магчымасцяў нашай краіны недастаткова сродкаў. І вось мы прыйшлі каб атрымаць грошы па гэтым чэку — па чэку, які дасць нам па патрабаванні багацці свабоды і бяспеку справядлівасці. Таксама мы прыйшлі на гэта святое месца, каб нагадаць Амерыцы аб жорсткай неадкладнасці сучаснай рэчаіснасці. Няма часу на раскошу заспакаення ці на падобныя транквілізатарам паступовыя рэформы. Цяпер час перайсці з цёмнай і бязлюднай даліны сегрэгацыі на сонечны шлях расавай справядлівасці. Цяпер час адчыніць дзверы магчымасцяў для ўсіх дзяцей Бога. Цяпер час выцягнуць нашу краіну з хісткіх пяскоў расавай несправядлівасці і паставіць яе на цвёрды падмурак братэрства.

Для краіны было б катастрофай прапусціць гэты момант і недаацаніць дыскрымінацыю неграў. Пякучае лета справядлівай незадаволенасці неграў не скончыцца, пакуль не прыйдзе жыватворная восень свабоды і роўнасці. Тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят трэці — гэта не канец, а пачатак. Тыя, хто спадзяецца, што неграм трэба спусціць пару і супакоіцца, сутыкнуцца з жорсткай рэальнасцю, калі краіна вернецца да свайго звычайнага жыцця. Не будзе ні міру, ні спакою, пакуль неграм не будуць дадзены іх грамадзянскія правы. Віхры непарадкаў будуць далей трасці асновы нашай краіны, пакуль не настане дзень справядлівасці.

Але я маю нешта сказаць свайму народу, які стаіць на цёплым парозе, што вядзе ў палац справядлівасці. У барацьбе за атрыманне месца, якое належыць нам па праву, мы не павінны запляміць сябе дрэннымі ўчынкамі. Хай не будзем мы праганяць смагу свабоды, п’ючы з келіха крыўды і нянавісці.

Мы заўсёды павінны весці сваю барацьбу на высокім узроўні годнасці і дысцыпліны. Мы не павінны дазволіць нашаму творчаму пратэсту апусціцца да фізічнага насілля. Зноў і зноў мы мусім уздымацца да велічных вышыняў супрацьстаяння фізічнай сіле сілай духу. Новы цудоўны баявы дух, што ахапіў негрыцянства, не павінен падштурхоўваць да недаверу ўсім белым людзям, бо многія з нашых белых братоў, як сведчыць аб гэтым іх прысутнасць тут сёння, зразумелі, што іх лёс звязаны з нашым лёсам, а іх свабода неразрыўна звязана з нашай свабодай. Мы не можам ісці ў адзіночку.

І пакуль мы ідзем, мы мусім прысягнуць, што пойдзем уперад. Мы не можам павярнуцца назад. Ёсць тыя, хто пытаюцца ў барацьбітоў за грамадзянскія правы: «Калі ўжо вы будзеце задаволены?» Мы не можам быць задаволенымі, пакуль нашы целы, стомленыя ад цяжкай дарогі не адпачнуць у матэлях ля шашы і гарадскіх атэлях. Мы не можам быць задаволенымі, пакуль асноўная магчымасць негра куды-небудзь пераехаць — гэта змяніць маленькае гэтта на гэтта паболей. Мы не можам быць задаволенымі, пакуль негр у Місісіпі не мае права галасаваць, а негр у Нью-Ёрку лічыць, што яму няма прычын удзельнічаць у выбарах. Не, не, мы не задаволеныя і не будзем задаволенымі, пакуль не пацячэ, як вада, суд і праўда — як моцны паток[2].

Я не маю сумненняў, што некаторыя з вас прайшлі праз цяжкасці і выпрабаванні. Некаторыя з вас прыйшлі сюды непасрэдна з-за кратаў. Некаторыя з вас прыйшлі з раёнаў, дзе ваша жаданне атрымаць свабоду сутыкнулася з навальніцай праследаванняў і вятрамі паліцэйскага самавольства. Вы сталі выпрабаванымі ваярамі ў разнастайных пакутах. Працягвайце сваю справу з верай у тое, што несправядлівыя пакуты будуць узнагароджаны.

Вяртайцеся ў Місісіпі, вяртайцеся ў Алабаму, вяртайцеся ў Джорджыю, вяртайцеся ў Луізіяну, вяртайцеся ў трушчобы і гета нашых паўночных гарадоў і ведайце, што нейкім чынам гэта становішча можа і будзе мяняцца. Не будзем жа качацца ў даліне адчаю.

Я вам кажу, сябры, што, нягледзячы на цяжкасці і расчараванні цяперашняга часу, у мяне ёсць мара. Гэта мара каранямі ўходзіць у амерыканскую мару.

У мяне ёсць мара, што аднойчы наша краіна ўстане і будзе жыць у згодзе з сваім крэда: «Мы зыходзім з той відавочнай праўды, што ўсе людзі створаны роўнымі».

У мяне ёсць мара, што аднойчы на чырвоных узгорках Джорджыі сыны былых рабоў і сыны былых рабаўладальнікаў здолеюць сесці разам за адным сталом брацтва.

У мяне ёсць мара, што аднойчы нават штат Місісіпі, штат-пустыня, што пячэ гарачынёй нясправядлівасці і прыгнёту, стане аазісам свабоды і правасуддзя.

У мяне ёсць мара, што чацвёра маіх дзяцей будуць калі-небудзь жыць у краіне, дзе аб іх будуць судзіць не на падставе колеру іх скуры, а на падставе сутнасці іх характару.

У мяне сёння ёсць мара.

У мяне ёсць мара, што аднойчы штат Алабама, дзе цяпер з вуснаў губернатара цякуць словы ўмяшальніцтва і адмовы прызнаць федэральныя законы, пераўтворыцца ў месца, дзе малыя чорныя хлопчыкі і дзяўчынкі здолеюць узяцца за рукі з малымі белымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі і гуляць разам як сёстры і браты.

У мяне сёння ёсць мара.

У мяне ёсць мара, што аднойчы кожны дол напоўніцца, і кожная гара і падгорак панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі; і з’явіцца слава Гасподняя і ўбачыць гэта кожная плоць[3].

Гэта наша надзея. Гэта вера, з якой я вярнуся на Поўдзень. З гэтай верай мы выпілім з гары адчаю камень надзеі. З гэтай верай мы здолеем пераўтварыць лаянку сварак у нашай краіне ў прыгожую сімфонію братэрства. З гэтай верай мы здолеем разам працаваць, разам маліцца, разам змагацца, разам ісці за краты, разам змагацца за свабоду, ведаючы, што аднойчы мы будзем свабодныя.

Гэта будзе дзень, калі ўсе дзеці Бога змогуць спяваць з новым сэнсам словы: «Мая краіна, пра цябе, мілы край свабоды, пра цябе я спяваю. Зямля, дзе памерлі мае бацькі, зямля гонару пілігрыма, хай з кожнага горнага схілу звініць свабода».

І калі Амерыка мае стаць вялікай дзяржавай, гэта абавязкова павінна адбыцца. Так хай звініць свабода з чароўных узгоркаў Нью Гемпшыра. Хай звініць свабода з магутных гор Нью-Ёрка. Хай звініць свабода з узвышша Алегені ў Пенсільваніі!

Хай звініць свабода з пакрытых снежнымі шапкамі скал Каларада!

Хай звініць свабода з фігурыстых горных вяршынь Каліфорніі!

Але не толькі гэта; хай звініць свабода з Стоўн Маўнцін у Джорджыі!

Хай звініць свабода з Лукаўт Маўнцін у Тэнэсі!

Хай звініць свабода з кожнага пагорку і кожнай кратавіны ў Місісіпі. З кожнага ўзгорку хай звініць свабода.

Калі мы дадзім свабодзе зазвінець, калі мы дамо ёй звінець з кожнай вёскі і хутара, з кожнага штата і горада, мы паскорым з’яўленне таго дня, калі ўсе дзеці Бога, чорныя і белыя, яўрэі і людзі з іншых народаў, пратэстанты і каталікі змогуць узяць адно аднаго за рукі і заспяваць стары негрыцянскі духоўны гімн: «Нарэшце свабодныя! Нарэшце свабодныя! Дзякуй Богу Ўсёмагутнаму, мы нарэшце свабодныя!»[4].

Зноскі

  1. A World Without Prejudice — When? // The Watchtower, June 1, 2013, p. 5.
  2. Цытата з Бібліі, Кніга прарока Амоса, раздзел 5, верш 24 (у перакладзе Васіля Сёмухі, адаптавана пад сучасную беларускую арфаграфію).
  3. Цытата з Бібліі, Кніга прарока Ісаі, раздзел 40, верш 3 (у перакладзе Васіля Сёмухі, адаптавана пад сучасную беларускую арфаграфію).
  4. Тэкст публікуецца па: Марцін Лютэр Кінг. У мяне ёсць мара. Пераклад з англійскай // Блог Андрэя Берастоўскага.