Уйгуры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уйгуры
(ئۇيغۇر)
Агульная колькасць каля 11 млн. чал.
Рэгіёны пражывання Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён КНР, Казахстан, Кыргызстан
Мова уйгурская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы карлукі, узбекі, салары, югуры

Уйгуры (уйг.: ئۇيغۇر) — народ, карэнныя насельнікі Цэнтральнай Азіі. Жывуць пераважна ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР (8399393 чал. у 2000 г.), Казахстане (223100 чал. у 2009 г.) і Кыргызстане (49000 чал. у 2009 г.). Уйгурскія абшчыны ёсць таксама ва Узбекістане, Пакістане, Афганістане і іншых краінах. У 2009 г. у Беларусі жыло 29 уйгураў[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Уйгуры як качавое ўсходняе цюркскае аб’яднанне вядомы з III ст. да н. э. З VII ст. н. э. яны паслядоўна засноўвалі дзяржавы на тэрыторыі сучасных Манголіі, Паўночна-Заходняга Кітая і Паўднёвай Сібіры, аднак каля 840860 гг. пацярпелі паразу ад енісейскіх кіргізаў і адкачавалі на тэрыторыю сучаснага Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Частка ўйгураў аб’ядналася з іншымі цюркскімі плямёнамі карлукаў і цюргешаў, каб заснаваць дзяржаву Караханідаў з цэнтрам у Кашгары. У 934 г. іх уладар Сутук Бугра-хан прыняў іслам. Другая частка заваявала Турфанскі аазіс, стварыла дзяржаву Караходжа, саюзную Кітаю, і прыняла будызм. Насельнікі заваяваных гэтымі дзвюма групамі ўйгураў зямель былі ў большасці індаеўрапейцамі і займаліся пераважна земляробствам. Трэцяя частка ўйгураў спынілася ў перадгор’ях Тыбета, дзе ўтварылася дзяржава Канчоу, якая дала сваё імя сучаснай правінцыі Ганьсу.

У XIII ст. Кашгарская і Турфанская дзяржавы былі падначалены манголамі. У 1347 г. яны ўвайшлі ў склад дзяржавы Хізр-Хаджы (да 13631399 гг.), нашчадка Чынгісхана. Ён і яго спадкаемцы спрыялі далейшаму распаўсюджанню ісламу сярод падданых. Гэтая новая дзяржава, якую ў тагачасных крыніцах называлі Уйгурскай, праіснавала да 1759 г., пакуль не была захоплена маньчжурскай дынастыяй Цын[2]. Насельніцтва дзяржавы мела змяшаны характар: яно спавядала іслам, размаўляла на цюркскіх гаворках, карысталася літаратурнай чагатайскай мовай цюркскага паходжання, але захавала аселы лад жыцця, падобны да таго, што вялі іх продкі-індаеўрапейцы да ўйгурскага заваявання.

Доўгі час аселыя ўйгуры не мелі агульнай саманазвы, называлі сябе па месцы жыхарства (кашгарлык, хатанлык, турпанлык і г. д.). Адселеныя маньчжурамі на раку Ілі ўйгуры жылі сярод качэўнікаў і называлі сябе земляробамі-таранчы.

Дзяржава Канчоу спыніла сваё існаванне ў XIII ст., але частка мясцовых уйгураў ацалела і працягвала качавы лад жыцця. Пазней яны сталі вядомы як так званыя «жоўтыя ўйгуры»-югуры, што адрозніваліся ад аселых уйгураў заходніх аазісаў.

У XIX ст. аб’яднальным фактарам стаў іслам. У 18641878 гг. успыхнула мусульманскае паўстанне на чале з эмірам Якуб-бекам, які вёў перагаворы з Вялікабрытаніяй і Асманскай імперыяй. Але пасля яго смерці маньчжуры задушылі паўстанне. Многія ўйгуры былі вымушаны ратавацца ў Сярэдняй Азіі, Афганістане і Брытанскай Індыі (зараз Пакістан). У 1921 г. адбыўся сход уйгураў у Ташкенце, які пастанавіў адрадзіць старажытную назву «уйгур» для ўсяго народа. На тэрыторыі Сіньцзяна яна прыжылася пазней.

Пасля Кітайскай рэвалюцыі 1911 г. аднавіўся рух за незалежнасць. У 1933 г. была абвешчана Усходне-Туркестанская Ісламская Рэспубліка, а ў 1944 г. — Усходне-Туркестанская Рэспубліка. У жніўні 1949 г. урад Усходне-Туркестанскай Рэспублікі загінуў пад час палёту ў Пекін для перагавораў над тэрыторыяй СССР. У 1955 г. быў створаны Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён у складзе КНР.

У 1990-я гг. узнік новы ўйгурскі рух за адраджэнне, аднак уйгурскія нацыянальныя арганізацыі значна раз’яднаны, да таго ж існуюць культурная, рэлігійная і нацыяналістычная плыні, якія дамагаюцца ці то большай аўтаноміі, ці то поўнай незалежнасці ўйгураў. У 2009 г. кітайскія ўлады жорстка падавілі выступленні ўйгураў ва Урумчы[3][4].

У 2021 годзе Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Кітая за парушэнне правоў чалавека ў Сіньцзяне, дзе кітайскія ўлады праводзілі рэпрэсіўную палітыку ў адносінах да ўйгураў і іншых этнічных меншасцяў рэгіёна пераважна мусульманскага веравызнання. Па словах праваабаронцаў, рэпрэсіі ўключаюць у сябе затрыманні без суда і прымусовую працу на дзяржаўных фабрыках. Кітай адмаўляе ўсе абвінавачванні ў парушэнні правоў чалавека і адзначае, што лагеры для інтэрніраваных з’яўляюцца цэнтрамі прафесійнай падрыхтоўкі, накіраванымі на барацьбу з тэрарызмам і рэлігійным экстрэмізмам[5].

Народная культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны традыцыйны занятак — сельская гаспадарка. Жыхары аазісаў і перадгор’яў займаліся пераважна паліўным ворыўным земляробствам. Вырошчвалі зерневыя і алейныя культуры, садавіну і гародніну. Галоўныя прылады працы земляробаў — драўляная саха сапан, серп агак, малатарня тулук і інш. Сістэма ірыгацыі захоўвалася стагоддзямі. Палеткі падзяляліся на невялікія прамавугольныя або квадратныя ўчасткі, вакол якіх рылі канавы, па якіх бегла з крыніцы вада. У Турфанскім і Хамійскім аазісах рылі калодзежы да 100 м глыбінёй.

У аселых уйгураў жывёлагадоўля мела дадатковы характар. Трымалі рабочую жывёлу (аслоў, валоў, коней) і кароў для атрымання малака і мяса. Уйгуры-качэўнікі практыкавалі адгонную жывёлагадоўлю, трымалі вярблюдаў, коней, авечак. Гаспадарамі статкаў часцяком выступалі жыхары аазісаў, якія расплочваліся з пастухамі воўнай і маслам. У гарах займаліся ловам рыбы. Былі вядомы шаўкаводства і паляванне. Яшчэ ў XIX ст. узімку палявалі на дзікіх вярблюдаў. Для палявання на антылоп, зайцоў і ліс выкарыстоўвалі сабак і спецыяльна навучаных драпежных птушак.

Рамёствамі займаліся як гараджане, так і сельскія жыхары. Адным з найбольш прыбытковых заняткаў лічылася ткацтва. У некаторых мясцовасцях ім было занята да паловы насельніцтва. Да нашых дзён славяцца хатанскія дываны. Звычайна іх робяць з авечай воўны, працуюць па мануфактурнаму прынцыпу, калі ў адной майстэрні занята 10-15 чалавек, якія выконваюць розныя аперацыі. Іншыя распаўсюджаныя рамёствы: выраб керамікі, апрацоўка нефрыту, гарбарны промысел і інш.

Цэнтрамі аазісаў былі гарады, якія акружалі глінянай або цаглянай сцяной. На базарнай плошчы ўзводзілася мячэць. Гараджане жылі ў замкнёных будынках, дзе пасярэдзіне ладзіўся двор. Дахі будынкаў звычайна злучаліся адзін з адным. Зверху іх накрывалі саламянымі матамі для абароны ад спякотнага сонца ці дажджу. У маньчжурскую эпоху каля горада таксама будавалася крэпасць янгі-шаар («новы горад»), каля якой жылі толькі кітайцы.

Сельскія паселішчы адрозніваліся больш раскіданай забудовай. Жытлы рабілі з цэглы або гліны, змешанай з саломай, часцяком без фундамента або замянялі яго камянямі. У багатых аазісах меліся каркасныя хаціны. Плоскі дах ладзіўся з жэрдак, крытых саломай. Улетку на даху сушылі зерне. У старажытныя часы вокнамі служылі адтуліны пасярэдзіне дахаў. Пазней пад уплывам кітайцаў узніклі рашэцістыя вокны з наклеенай паперай. Багатыя ўйгуры ладзілі шматпакаёвыя жытлы, якія маглі складацца з мноства памяшканняў. Асабліва вылучаліся летнія памяшканні, кухня ашхана і гасцёўня міхманхана. Амаль кожнае жытло мела крытую тэрасу айван.

Качавыя ўйгуры жылі ў простых каркасных хацінах сатма, дзе сцены і дах крыліся чаротам[6].

Распаўсюджаная вопратка — халат з падшэўкай, кашулі з доўгімі шырокімі рукавамі, шырокія штаны, камізэлькі, барановыя футры, скураныя боты і галошы. Жанчыны насілі вялікую колькасць ювелірных упрыгожванняў, а таксама вышываныя капялюшыкі, валасы запляталі ў касічкі.

Асновай традыцыйнай ежы была мука. Пяклі праснакі і аладкі розных формаў, піражкі самса з начыннем з гарбузоў, луку і мяса, варылі лапшу і вялікія пельмені манту. Звычайнай ежай лічылася зацірка з кукурузы, якую елі з аладкамі і кіслым малаком. На святы гатавалі барановы шашлык кэвап, плоў. Ежа багата прыпраўлялася. Яе запівалі кіпячоным або кіслым малаком і чаем.

Шлюбы патрылакальныя. Вяселле гуляецца ў доме жаніха і нявесты адначасова, прычым ежай і прадметамі для вяселля сям’ю нявесты забяспечвае сям’я жаніха. Перад уваходам у дом мужа маладых абводзяць вакол вогнішча. Пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і, аднак сувязь са сваякамі мужа надзвычай моцная[7].

Сярод уйгураў папулярны спеўныя і танцавальныя вечарыны, казкі, гістарычныя паданні. Уйгуры маюць развітыя літаратурныя традыцыі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Уйгурская мова адносіцца да цюркскай сям’і моў, блізкая да ўзбекскай і саларскай. Большасць уйгураў карыстаюцца так званай сагдыйскай пісьмовасцю на аснове арабскага алфавіта. У СССР была распаўсюджана ўйгурская пісьмовасць таксама на аснове лацінкі і кірыліцы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытныя качэўнікі-уйгуры былі шаманістамі, шанавалі неба, верылі ў шматлікіх духаў. Пазней спавядалі будызм і хрысціянства. У 762 г. прынялі маніхейства. У X — XIV стст. — іслам.

Зноскі

  1. belstat.gov.by
  2. West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009. — P. 848—852.
  3. EXPLORING THE NATURE OF UIGHUR NATIONALISM: FREEDOM FIGHTERS OR TERRORISTS? Архівавана 13 снежня 2012.
  4. Henryk Szadziewski, 2009 — The Uyghur Human Rights Year in Review
  5. У Кітаі наехалі на H&M за тое, што брэнд уступіўся за ўйгураў // Наша Ніва, 28.03.2021.
  6. Народы Восточной Азии / Под ред. Н. Н. Чебоксарова, С. И. Брука, Р. Ф. Итса, Г. Г. Стратановича. — М.-Л.: Наука, 1965. — С. 618—623.
  7. Решетов А. Уйгуры // Народы России: Энциклопедия / Главный редактор В. А. Тишков. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. — C. 357.