Унутраная эміграцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Унутраная эміграцыя — ухіленне ад удзелу ў грамадскім, палітычным і рэлігійным жыцці дзяржавы, выкліканае нязгодай з існуючай дзяржаўнай сістэмай і пануючай у ёй ідэалогіяй. Унутраную эміграцыю не трэба блытаць з рознымі формамі канфрантацыі з дзяржаўным ці грамадскім ладам: дысідэнтцвам, эміграцыяй, мірнымі акцыямі пратэсту. Таксама не трэба блытаць гэту з’яву з унутранай міграцыяй — перамяшчэннем насельніцтва краіны з адной яе часткі ў другую, напрыклад, з сельскай мясцовасці ў гарады.

Даволі цяжка акрэсліць усе варыянты форм унутранай эміграцыі. Як правіла, да гэтага можна аднесці адмову працаваць у тых галінах вытворчасці і паслуг, дзе ад кожнага патрабуюць удзел у тых ці іншых мерапрыемствах ідэалагічнага кшталту, стварэнне ўласнага бізнесу (там, дзе гэта магчыма), адмова ад знаёмства з навінамі, якія перадаюцца па пэўным тэлеканалам, радыёсетцы і іншых сродках масавай інфармацыі, канцэнтрацыя ўвагі на ўласнай сям’і ці сваім хобі. (Так, у сучасным Туркменістане некаторыя падлеткі (і не толькі) прынцыпова прагульваюць абавязковыя патрыятычныя святочныя мерапрыемствы, але не робяць з гэтага акцый пратэсту). Цяжка казаць, ці можна аднесці ўмеранае супрацоўніцтва з рэжымам (праца ў галінах вытворчасці і паслуг, якія патрабуюць пэўны мінімум удзелу ў палітычных і рэлігійных цырымоніях і падобных дзеяннях (выпіска праўрадавай прэсы, наведаванне гадзін палітінфармацыі, купля латарэйных білетаў і збор грошаў на тыя ці іншыя мерапрыемствы)[1].

З’яўленне ўнутранай эміграцыі ў пэўнай краіне можа лічыцца прыметай наяўнасці ў ёй таталітарнай ці аўтарытарнай сістэмы кіравання. Але дакладна вызначыць гэта бывае цяжка, бо ў розных дзяржавах, якія прызнаюць і падтрымліваюць пэўныя правы і свабоды сваіх грамадзян, могуць парушацца іншыя правы грамадзян альбо неграмадзян. Таксама ўнутраная эміграцыя можа быць праяўленнем нязгоды з каштоўнасцямі дэмакратычнага грамадства, напрыклад многія маладыя людзі ў 1960-х гг. у ЗША і краінах Заходняй Еўропы адмаўляліся ад магчымасці рабіць кар’еру ў капіталістычным грамадстве і пераязджалі ў сельскую мясцовасць працаваць на зямлі, што ў пэўнай ступені можна лічыць не столькі пратэстам, колькі пасіўнай канфрантацыяй з грамадствам. (Падобным чынам у пачатку ХХІ ст. пэўную распаўсюджанасць атрымаў даўншыфтынг (англ.: downshifting) — свядомае перамяшчэнне ўніз па кар’ернай лесвіцы).

Гісторыя з’явы[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін «унутраная эміграцыя» не з’яўляецца савецкім. Ён узнік яшчэ задоўга да ўзнікнення савецкай улады і СССР. Дэльфіна дэ Жырардэн у 1838 г. апублікавала эсэ «Унутраная эміграцыя» (L'émigration intérieure), у якім апісываліся погляды некаторых французскіх манархістаў, нязгодных з рэжымам Ліпеньскай манархіі[2]. Таксама гэты тэрмін шырока прымянялі да поглядаў творчай інтэлігенцыі Германіі часоў нацыстскай дыктатуры[3].

У Савецкім Саюзе з 1923 г. тэрмін «унутраны эмігрант» выкарыстоўся як абвінавачванне ў контр-рэвалюцыйнай і антысавецкай дзейнасці. Яго прымянялі да дзеячаў культуры, якія не падтрымлівалі савецкую ідэалогію, і таму лічыліся небяспечнымі для савецкага ладу. Напрыклад, ва ўнутранай эміграцыі абвінавачвалі паэтэсу Ахматаву[4]. Таксама гэты тэрмін да сябе прымянялі прадстаўнікі інтэлігенцыі, поўнасцю ці часткова нязгодныя з палітыкай савецкай улады, але не маючыя жадання з ёй змагацца. (Нярэдка іх пратэст выражаўся ў выбары прафесіі дворніка, фатографа, качагара, пры наяўнасці вышэйшай адукацыі ці навуковай ступені).

Праблема ўнутранай эміграцыі засталася і пасля распаду камуністычнага блоку і СССР. І яна закранае не толькі краіны, дзе палітычная ўлада знаходзіцца ў руках адной асобы, ці пэўнай партыі, руху, сацыяльнай групы. Напрыклад, у сучаснай Расіі некаторыя даследчыкі гавораць пра наяўнасць «новай унутранай эміграцыі»[5].

Зноскі

  1. Красильников С. А. Феномен и природа конформизма российской интеллигенции в XX веке / С. А. Красильников // Известия Уральского государственного университета. — 1998. — № 8 — С. 81-85.
  2. Построение собственного образа: русские и французские варианты
  3. К. Душенко. Цитаты из русской истории. // Эксмо, 2005, стр. 89 (Гл. «Троцкий»)
  4. Е.Иванова. Феномен внутренней эмиграции. Архівавана 3 студзеня 2010.
  5. О. Ю. Маслов. Новая «внутренняя эмиграция» в России начала ХХI века, «Независимое Аналитическое Обозрение»