Фенаменалогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фенаменалогія (літар. — вучэнне аб феноменах) — філасофскае вучэнне пра з'явы свядомасці; у вузкім сэнсе — кірунак у філасофіі XX — пач. ХХІ ст., прадстаўнікі якога імкнуцца вызваліць філасофскую свядомасць ад натуралістычных установак. Яны абвяшчаюць сферай філасофскага аналізу рэфлексію свядомасці пра свае акты і іх змест, выяўленне першапачатковых асноў пазнання чалавечага існавання і культуры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У гісторыі філасофіі паняцце атрымала шэраг трактовак. Упершыню гэты тэрмін прымяніў І. Г. Ламберт, які бачыў у фенаменалогіі вучэнне аб з'явах як аснове і перадумовах вопытнага пазнання. У філасофіі Г. Гегеля (яго праца «Фенаменалогія духа») фенаменалогія разглядалася як вучэнне аб станаўленні навукі, аб развіцці гістарычных форм свядомасці, духу. У ХІХ ст. пад фенаменалогіяй таксама разумелася апісальная псіхалогія, якая проціпастаўлялася тлумачальнай. Аўстрыйскія філосафы і псіхолагі Ф. Брэнтана, К. Штумпф, А. Мейнанг распрацавалі метадапагічныя сродкі апісання і класіфікацыі псіхічных феноменаў.

У пачатку XX ст. прынцыпы філасофскай плыні сфармуляваў Э. Гусерль. Ён вызначаў фенаменалогію як своеасаблівую навуку аб спасціжэнні ўніверсальных, апрыёрных, надгістарычных структур чыстай свядомасці, ідэальных сутнасцей — феноменаў. Дасягнуць гэтай мэты можна з дапамогай т.зв. «фенаменалагічнай рэдукцыі», сутнасць якой заключаецца ва ўстрыманні ад любых меркаванняў аб аб'ектыўным існаванні быцця, яго прасторава-часавай арганізацыі.

Узнікненне фенаменалогіі як самастойнага ўплывовага кірунку ў філасофіі звязана з канцэпцыяй Э. Гусерля. З'явілася адным з вытокаў экзістэнцыялізму і іншых плыняў сучаснай філасофіі.

Сутнасць вучэння[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная ўвага ў фенаменалогіі звяртаецца на пазавопытныя, пазагістарычныя структуры свядомасці, што забяспечваюць яе рэальную дзейнасць і супадаюць з ідэальнымі значэннямі ў мове і псіхалагічных перажываннях. Фенаменалогія дапамагае раскрываць у свядомасці неабходныя сэнсавыя, інварыянтныя перадумовы ўспрымання аб'ектаў і іншых форм пазнання. Фенаменалогія выступае супраць пазнання рэальных фактаў у прыроднай ці сацыяльнай сферы, а суб'ект пазнання разглядае як увасабленне «чыстай» свядомасці, а не як эмпірычную, сацыяльную і псіхафізіялагічную істоту.

У псіхічных феноменах фенаменолагі вылучаюць шэраг стуктурных элементаў: моўныя абалонкі, разнастайныя псіхічныя перажыванні, прадмет мыслення ў свядомасці, сэнс — інварыянтную структуру і змест моўных выразаў. Прадмет мыслення і сэнс, на іх думку, складаюць інтэнцыянальную («сэнсастваральную») структуру свядомасці. Згодна з фенаменалогіяй, прадметнае быццё іманентна ўласціва свядомасці і набывае сэнс у суадносінах з ёю. Фенаменалагічная ўстаноўка здзяйсняецца з дапамогай метаду рэдукцыі, які дазваляе разглядаць суб'ект пазнання як трансцэндэнтальны свет агульназначных ісцін, што ўзвышаюцца над эмпірычна-псіхалагічнай свядомасцю і надаюць ёй акрэслены сэнс.

Уплыў на навуку і гуманістычную думку[правіць | правіць зыходнік]

Фенаменалогія значна паўплывала на гуманітычную думку ХХ ст.; яе ідэі пакладзены ў аснову экзістэнцыялізму (Ж.-П. Сартр, М. Хайдэгер), увайшлі ў склад філасофскай герменеўтыкі (Г. Г. Гадамер) і аксіялогіі (М. Шэлер), знайшлі адлюстраванне ў эстэтыцы (Р. Інгардэн), правазнаўстве (Х. Конрад-Марціус), сацыялогіі (М. Натансон, А. Шуц, А. Фіркант) і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]