Хенгіст Кенцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хенгіст
стар.-англ.: Hengest
Кароль Хенгіст. Мініяцюра Джона Спіда (XVII ст.)
Кароль Хенгіст.
Мініяцюра Джона Спіда (XVII ст.)
Кароль Кента
паміж 449 і 455 — 488
Папярэднік Хорса
Пераемнік Эска

Нараджэнне 1 тысячагоддзе
Смерць каля 488[1]
Бацька Вітгільс[d]
Дзеці Эск[d] і Равена[d]
Дзейнасць суверэн

Хе́нгіст, або Хе́нгест (стар.-англ.: Hengest «жарабец»; памёр каля 488) — легендарны першы кароль Кента, брат Хорсы і бацька Эска.

Гістарычны Хенгест[правіць | правіць зыходнік]

Хенгест і Хорса на гербе нямецкага горада Бюндэ, дзе, паводле легенды, яны заключылі саюзы і дамовіліся пра паход на Брытанію. У Бюндэ ў іх гонар названы вуліцы — «Хенгествег» і «Хорсаштрасэ».

Найстаражытная крыніца, якія згадваюць Хенгеста, — «Царкоўная гісторыя народа англаў» Беды Вялебнага, — напісана каля 730 года. Паводле Беды, Хенгест, сын Вітгільса, быў наймітам-ютам на службе Вортыгерна, які прыбыў у Брытанію каля 445 года (I. 15). Пазней, ужо з уласнай дружынай, Хенгест зрынуў Вортыгерна і заснаваў незалежнае Кенцкае каралеўства. Англасаксонскія хронікі выкладаюць тую ж гісторыю, верагодна, выкарыстоўваючы Беду як крыніцу.

Паводле «Гісторыі брытаў» валійца Ненія (гл. 31, 36-38, 43-46), Хенгест і Хорса былі запрошаны Вортыгернам на трох караблях для абароны ад скотаў, піктаў, а таксама ад рымлян, у тым ліку і ад прэтэнзій Амвросія Аўрэліяна; іх пасялілі на востраве Танет. Брыты абавязаліся забяспечваць англасаксаў харчом, але паколькі колькасць наймітаў вырасла (відавочна, паколькі яны запрашалі да сябе суродзічаў), правізіі стала бракаваць. Хенгест выдаў замуж за Вортыгерна сваю дачку і пераканаў яго наняць іншых сваіх сваякоў і перадаць ім для пасялення вобласць Кантый (Кент). Англасаксы ўшчэнт разбілі піктаў і скотаў. Вортымер, сын Вортыгерна, некалькі разоў змагаўся з англасаксамі з пераменным поспехам, спрабуючы вярнуць Кент, і загінуў у бітве. Пад маркай заключэння міру з Вортыгернам англасаксы вынішчылі брыцкую знаць і ўзялі Вортыгерна ў палон.

Найстаражытная брыцкая крыніца — Гільда, аўтар трактата «Пра пагібель Брытаніі» (першая палова VI ст.) не называе імя Хенгеста, але пацвярджае агульную схему падзей (гл. 23-24): англасаксы былі запрошаны «напышлівым тыранам»[2], іх колькасць бескантрольна ўзрастала, яны сталі жаліцца на недахоп прыпасаў, «перабольшваючы асобныя выпадкі сваёй хітрасцю» і неўзабаве збунтаваліся, разрабавалі і спалілі брыцкія гарады.

Неній і Беда нічога не паведамляюць пра далейшы лёс Хенгеста. Гальфрыд Монмуцкі ў «Гісторыі каралёў Брытаніі» (гл. 125) пісаў, што пасля ён быў узяты ў палон Аўрэліем Амвросіем і пакараны смерцю ў Глостэры. «Англасаксонскія хронікі» падаюць 488 год як дату ўзыходжання Эска, але год смерці Хенгіста не паведамляюць.

Хенгест з’яўляецца ў дзвюх стараанглійскіх паэмах — «Беавульфе» і «Бітве пры Фінсбургу». Паводле гэтых легенд, Хенгест — таксама датчанін, спадарожнік караля Гнефа, які пасля яго гібелі паспяхова захапіў фрызскі горад Фінсбург. Аднак Хенгест легенд і Хенгест, згаданы ў хроніках — не абавязкова адна і тая ж асоба; рэальнасць існавання Хенгеста-караля нярэдка ставіцца пад сумнеў. Існуе версія і пра тое, што Хенгест (жарабец) і Хорса (конь) — адна асоба. Несумнеўна толькі тое, што Кент у V стагоддзі сапраўды быў заселены германамоўнымі перасяленцамі з кантынента.

Хенгест у міфалогіі[правіць | правіць зыходнік]

Радавод Хенгеста і Хорсы называе іх прапраўнукамі Одзіна[3]. У міфалогіі многіх індаеўрапейскіх народаў прысутнічаюць блізняты-заснавальнікі дзяржаў ці праайцы плямёнаў: гэта Ромул і Рэм, правадыры вандалаў — Ібар і Агіян (пра іх распавядае Павел Дыякан) і іншыя. Ёсць сведчанні і пра культ боскіх блізнят, якія ў многіх традыцыях звязаны з коньмі: старажытнаіндыйскія Ашвіны, блізняты Кастар і Палідэўк (Дыяскуры), якіх уяўлялі вершнікамі на белых конях. Тацыт паведамляе пра культ «Кастара і Полукса» ў германскіх плямёнаў: германцы называлі гэтых багоў «Алкі», і яны шанаваліся «як браты і юнакі». Выказвалася таксама здагадка, што мянушкі «Хенгест і Хорса» звязаны са сцягамі (штандарамі) правадыроў варварскіх войскаў, на якіх нярэдка маляваліся розныя жывёлы.

Зноскі

  1. Oxford Dictionary of National Biography / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  2. Незразумела, ці прысутнічала ў Гільды першапачаткова імя «Вортыгерн». Яго няма ў найстаражытным рукапісе Гільды (Кембрыджскім), але яно прысутнічае ў іншых (напрыклад, Аўраншскім) і ў Беды, які ў вялікай ступені абапіраўся на Гільду пры апісанні гэтых падзей.
  3. «Хорса і Хенгест, якія былі братамі, сыны Вітгільса, сына Віты, сына Векты, сына Одзіна» (Неній, «Гісторыя брытаў», гл. 31). Імя «Векта», магчыма, звязана са старажытнай назвай вострава Уайт (Vectis).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История английской литературы, т.1, М., 1943 [1]
  • J. R. R. Tolkien, Bliss, Alan J. (ed.): Finn and Hengest: The Fragment and the Episode, Houghton Mifflin Company, New York (1983). ISBN 0-395-33193-5
  • Turville-Petrie J. Hengest and Horsa // Saga-Book of the Viking Society for Northern Research. Vol. 14 (1953-7). P. 273-90

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Бацьку Хенгеста і Хорсы, паводле «Англасаксонскай хронікі» і Ненію, клікалі Вітгільс. Паводле той жа хроніцы (455 год), Хенгест і яго сын сталі каралямі пасля гібелі Хорсы.