Цвярское княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Вялікае княства Цвярское
Пячатка вялікага князя Міхаіла Барысавіча
Пячатка вялікага князя Міхаіла Барысавіча
< 
 >
1247 — 1485

Сталіца Цвер
Мова(ы) старажытнаруская мова
Афіцыйная мова старажытнаруская мова
Рэлігія язычніцтва, праваслаўе
Грашовая адзінка рубель
Форма кіравання манархія
Гісторыя
 • 1247 Княства
 • 1382 Вялікае княства
 • 1485 Страта незалежнасці
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цвярское княства, Вялікае княства Цвярское — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе ў ХІІІ—XV стагоддзях.

Цвер узніка ў ХІІ стагоддзі на землях смаленскіх крывічоў і належала Ноўгараду, у 1209 годзе перайшла да Уладзіміра-Суздальскага княства. На пачатку ХІІІ ст. Цвер у складзе Пераяслаў-Залескага княства. Пасля разгрому Уладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі і падзелу спадчыны загінулага ў Ардзе вялікага князя Яраслава Усеваладавіча, у 1247 годзе Цвер як удзел атрымаў князь Яраслаў Яраславіч, родны брат вялікага князя Аляксандра Яраславіча. У 1264 годзе Яраслаў Яраславіч стаў вялікім князем уладзімірскім. У 1265 годзе ў Цвяры з’яўляецца епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяон. Другім цвярскім епіскапам у 1289—1316 гадах быў Андрэй, сын літоўскага князя Гердзеня. З’яўленне асобнага Цвярскога епіскапства і адносна нязначнае спусташэнне мангола-татарскім нашэсцем спрыялі ўзвышэнню Цвяры.

У 1285 годзе князем Міхаілам Яраславічам, яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяонам закладзены каменны кафедральны Спаскі сабор, асвечаны ў 1290 годзе, першая каменная царква Паўночна-Усходняй Русі пасля мангола-татарскага спусташэння. Яшчэ адну каменную царкву пачалі будаваць цвяране ў 1323 годзе ў Фёдараўскім манастыры. У XIV ст. у Цвяры на беразе Волгі вядома яшчэ адна каменная царква — Міхаіла Арханёла. У 1369 годзе князь Міхаіл Аляксандравіч пабудаваў у Цвяры новы драўляны крэмль, а ў 1372 годзе ўзвёў вакол горада земляны вал. У Цвяры вяліся ўласныя летапісы, некаторыя дайшлі да нашых дзён (напр. «Хроніка Георгія Амартола»).

Цвярское княства вяло барацьбу з Маскоўскім княствам за вялікае ўладзімірскае княжанне і за палітычную гегемонію на Русі, часта атрымлівала падтрымку Вялікага Княства Літоўскага, але, перыядычна, ваявала і з ім (1285 і інш.). Найперш з Вялікім Княствам Літоўскім ішла барацьба за кантроль над раёнам Ржэва на Верхняй Волзе, у гэтым рэгіёне да сярэдзіны XX ст. захоўваліся беларускія гаворкі і этнаграфічныя прыкметы (гл. тудаўляне).

Вядомыя цвярскія буйныя гарады — Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыца (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва) Холм, Мікулін і Дарагабуж.

Тытул «вялікіх» канечна замацаваўся за цвярскімі князямі ў сярядзіне XIV стагоддзя, узмацнілася іх змаганне з князямі маскоўскімі. У гэты час Цвер наладзіла адносіны з Вялікім Княствам Літоўскім. У 1320 годзе дачка Гедзіміна Марыя выйшла замуж за цвярскога князя Міхаіла, а неўзабаве дачка Кейстута выйшла за князя Івана Міхайлавіча. У змаганні з цвярскімі князямі маскоўскія абапіраліся на Арду. У 1327 годзе ў Цвяры адбылося супрацьардынскае выступленне, у горадзе быў забіты татарскі пасланнік і знішчаны яго атрад. Хан даручыў маскоўскаму князю Івану Каліце пакараць цвяран. Урэшце, Іван Каліта ў 1328 годзе атрымаў тытул вялікага князя ўладзімірскага, што спрыяла ўзвышэнню Маскоўскага княства.

Асабліва цесныя адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Цверру былі пры вялікім князі Альгердзе. Цвер паступова аднаўляла свае пазіцыі, працягвала змагацца з Масквой, у т.л. з дапамогай Альгерда, які ў 1347 годзе другі раз ажаніўся з цвярской княжной Юльянай. У лістападзе 1368 годзе Альгерд падтрымаў цвяран, пайшоў на Маскву, аблажыў, але ўрэшце ўзяў толькі выкуп. Апроч Альгерда, з цвярской княжной быў жанаты Свідрыгайла, а цвярскія князі — з дочкамі Уладзіміра Альгердавіча, Сямёна Алелькавіча.

У 1370 годзе маскоўскі князь Дзмітрый зноў нападае на Цвер. Альгерд робіць другі паход на Маскву і бярэ яе ў аблогу 6 снежня 1370 года. У гэты час цвярскі князь атрымлівае ў Ардзе ярлык на валоданне Уладзімірскім княствам. У 1372 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага начале з Вітаўтам і Кейстутам зноў уварваліся ў Маскоўскае княства, каб падтрымаць цвярскога саюзніка. У 1375 годзе маскоўскі князь Дзмітрый арганізаваў паход на Цвер, мабілізаваўшы войскі 19 удзельных князёў. Аблога Цвяры доўжылася 5 тыдняў, горад не здаваўся, але масквічы спусташалі цвярскія землі, урэшце цвярскі князь Міхаіл прапанаваў замірыцца. У выніку серыі войнаў (1368—1372) частковую самастойнасць Цвяры ўдалося адстаяць, нягледзячы на цяжкае паражэнне ад Масквы ў 1375 годзе.

У 1385 годзе цвярскі князь Васіль Міхайлавіч ажаніўся з дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча і сувязі з дынастыяй Гедзімінавічаў такім чынам узмацніліся. Гэтаму спрыяла і тое, што сын віцебскага князя і цвярской княжны Ягайла ў 1386 годзе стаў польскім каралём. У 1406 годзе аднак Цвер выступала на баку Масквы ў канфлікце за Ноўгарад і Пскоў.

Росквіт эканомікі і культуры Цвярской дзяржавы прыпаў на першыя дзве трэці XV ст., калі ў Маскве ішлі доўгія дынастычныя войны. У пачатку XV ст. цвярскі князь Іван Міхайлавіч б’е ўласныя манеты. Добра вядомы на Русі таго часу цвярскія гарматнікі. Цвярскія купцы гандлявалі з гарадамі Прыбалтыкі і Каўказа, Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх — Афанасій Нікіцін, які ў 1466—1472 гадах здзейсніў вандроўку ў Індыю. Найбольшы ўздым адбываецца пры князі Барысе Аляксандравічы.

Аднак пры вялікі князі Іване ІІІ Масква зноў узмацнілася, вызвалілася ад ардынскай залежнасці і захапіла землі Ноўгарада. Пры вял.кн. Міхаіле Барысавічы (1461—1485), які спрабаваў захаваць незалежнасць Цвяры з апорай на Вялікае Княства Літоўскае, адбываўся хуткі ўпадак цвярской дзяржаўнасці. Спачатку Масква схіліла на свой бок частку мясцовых баяраў, а ў верасні 1485 года войскі Івана ІІІ аблажылі Цвер. Польскі кароль і вял.кн. літоўскі Казімір, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоваў 1449 і 1484 гадоў, не аказаў дзейснай падтрымкі Цвяры, што перадвырашыла далучэнне яе Маскоўскай дзяржавы. Праз некалькі дзён цвярскія баяры адкрыта перайшлі на бок Масквы, цвярскі князь Міхаіл Барысавіч з невялікай дружынай збег у Вялікае Княства Літоўскае, а яго маці, княгіню Настассю ўзялі ў палон і адвезлі ў Маскву. Ліквідацыя самага моцнага сярод рускіх княстваў гістарычнага канкурэнта Масквы дала магчымасьць апошняй пачаць адкрытае змаганне з Вялікім Княствам Літоўскім.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Вялікае княства Цвярское // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.2. Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0
  • Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485). — Тверь, 1994.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]