Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс
Дата нараджэння 1 студзеня 1905(1905-01-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 красавіка 1982(1982-04-26) (77 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, сцэнограф, графік, ілюстратар, карыкатурыст
Уплыў Epstein Marko Isayovich[d]
Член у

Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс (1905—1982) — тэатральны мастак, графік, сцэнограф, ілюстратар, карыкатурыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1905 годзе ў мястэчку Гарошкі (сучасная назва — Харошаў, з 1927 па 2016 — Валадарск-Валынскі) Жытомірскай вобласці. Вучыўся ў яўрэйскай школе. Мастацкую адукацыю Ц. Кіпніс атрымаў у Кіеўскай яўрэйскай мастацка-прамысловай школе ў 1920-я гады.

У 1929 годзе пераехаў у Мінск. У 1930-я гады ў Мінску ствараў мастацкае афармленне кніг, працаваў тэатральным мастаком, удзельнічаў у выставах. У 1932 годзе выйшаў альбом «Ха», які складаўся з шаржаў Дэ Вэ Бэкі (псеўданім Ц. Кіпніса) і напісаных Себасцьянам Старобінскім (Міколам Хведаровічам) пародый на творы беларускіх паэтаў. Сярод кніг, аформленых Ц. Кіпнісам: «Оа» Іцыка Кіпніса (Мінск, 1929, на ідыш), «На чужым вяселлі» Ізі Харыка (Мінск, 1936, ідыш), «Хлопчык Мотка» Шолам-Алейхема ў перакладзе Змітрака Бядулі (Мінск, 1936). Працаваў у Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР (з 1934 па 1941 гады быў яго галоўным мастаком), Тэатры юнага гледача. Сярод іншых, аформіў спектаклі: «Бойтрэ» М. Кульбака (1937, рэжысёр М. Рафальскі), «Два недарэкі» А. Гольдфадэна (1939, рэжысёр В. Галаўчынер), «Маленькі чалавечак» З. Аксенфельда і Э. Кагана паводле М. Мойхер-Сфорыма (1940; рэжысёр М. Сокал). Супрацоўнічаў з часопісамі «Чырвоная Беларусь», «Заклік», «Іскры Ільіча», газетай «Літаратура і мастацтва» ды іншымі перыядычнымі выданнямі. Працаваў таксама ў станкавым жывапісе.

У нямецка-савецкую вайну 1941—1945 гадоў пайшоў добраахвотнікам на фронт (хаця тэатр эвакуяваўся і працягваў дзейнасць у Новасібірску). Вайну скончыў з 14 баявымі ордэнамі і медалямі на пасадзе начальніка штаба пяхотнага батальёна. У 1945—1946 гадах па эскізах Ц. Кіпніса ў Германіі былі ўзведзеныя помнікі воінам, якія загінулі ў баях за Арнсвальд і Штаргард.

У 1946—1948 гг. Цфанія Кіпніс працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Украінскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, а ў 1948—1949 г. — галоўным мастаком Бірабіджанскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра.

У 1949 годзе вярнуўся ў Мінск. Працягваў працаваць у кніжнай графіцы: напрыклад, аформіў «На мяжы магчымага» Вадзіма Ахотнікава ў перакладзе Міколы Лупсякова (1950), «Соль жыцця» Айзіка Платнера (1957, у перакладзе на беларускую) ды інш. Працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы, у Мастацкім фондзе БССР. Пасля выхаду на пенсію цалкам прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці, якой займаўся і да таго. Падаў дакументы на выезд у Ізраіль і нечакана хутка атрымаў дазвол.

29 лістапада 1972 года Цфанія Кіпніс быў зняты ў Брэсце з цягніка Масква-Вена (разам з жонкай Эстэр) і арыштаваны. Яго ўтрымлівалі ў следчым ізалятары КДБ БССР у Мінску.

1 снежня 1972 года па той самай крымінальнай справе быў арыштаваны палкоўнік у адстаўцы Яфім Давідовіч, у кватэры якога пры вобшуку знайшлі: франтавы пісталет ТТ і 8 патронаў Цфаніі Кіпніса, якія апошні пакінуў Давідовічу пры выездзе; асабістыя запісы Давідовіча пра антысемітызм у СССР; копіі яго лістоў у савецкія і партыйныя органы і прэсу; выразкі з апублікаваных у прэсе СССР антысеміцкіх артыкулаў з пазнакамі Давідовіча і да т. п. Па стане здароўя (перанёс тры інфаркты) Я. Давідовічу абралі мерай стрымання падпіску аб нявыездзе.

Кіпнісу прад'явілі наступнае абвінавачанне: стварэнне і кіраўніцтва падпольнай антысавецкай сіянісцкай арганізацыяй; незаконнае выкладанне мовы іўрыт; выраб і распаўсюд падручнікаў; удзел у антыўрадавых дэманстрацыях; актыўная дзейнасць у нелегальных сіянісцкіх арганізацыях «Гехалуц» і «Гашомэр Гацаір» у 1920-я гады на Украіне; прапаганда ў сваёй творчасці рэакцыйных ідэй яўрэйскага буржуазнага нацыяналізму. Фактычна яго пераследавалі за легальную па законах СССР дзейнасць (напрыклад, як «удзел у нелегальных дэманстрацыях» было трактавана калектыўнае ўскладанне кветак да помніка забітым нацыстамі яўрэям Мінска ў «Яме»).

Па справе Кіпніса ў якасці сведак было дапытана больш за 150 чалавек з розных рэгіёнаў СССР. У якасці аднаго са сведкаў па справе быў выкліканы беларускі мастак Яўген Ціхановіч [1].

Пад ціскам пратэстаў міжнароднай грамадскасці Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам ад 22 траўня 1973 года вызваліў Кіпніса і Давідовіча ад крымінальнай адказнасці, улічваючы ўдзел у вайне, заслугі ў працоўнай дзейнасці, узнагароджанне баявымі ордэнамі і медалямі СССР, прымаючы да ўвагі стары ўзрост і слабы стан здароўя, «кіруючыся прынцыпамі сацыялістычнага гуманізма» [2]. Па звестках Эрнста Левіна, аб вызваленні Ц. Кіпніса хадайнічаў дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр на сустрэчы з міністрам замежных спраў СССР Андрэем Грамыкам.

13 ліпеня 1973 года Цфанія і Эстэр Кіпнісы прыляцелі ў Ізраіль.

У 1974—1975 Ц. Кіпніс быў мастаком тэатра «Ідытрон» (рэжысёр Леанід Лур'е, тэатр ставіў спектаклі на ідыш) [3].

Памёр 26 красавіка 1982 года ў Бат-Яме (Ізраіль), дзе пражываў апошнія гады.

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Актывіст сіянісцкага руху ў СССР, дысідэнт, палітычны вязень.

З юнацкіх гадоў быў актывістам сіянісцкага руху, удзельнічаў у стварэнні камітэтаў «Гашамэр Гацаір» і «Гехалуц» у гарадах Украіны. Паколькі ў 1922 годзе сіянісцкая дзейнасць апынулася ў савецкіх рэспубліках пад забаронай, у 1923 годзе Цфанія Кіпніс трапіў на непрацяглы тэрмін у Жытомірскую турму. У сярэдзіне 1960-х гадоў пачаў выкладаць іўрыт, памнажаць і распаўсюджваць падручнікі па яўрэйскай гісторыі і культуры, арганізоўваваць яўрэйскую мастацкую самадзейнасць, адстойваць права яўрэяў на выезд у Ізраіль. Актыўна ўдзельнічаў у мемарыяльных мерапрыемствах у «Яме» (месцы згубы нацыстамі каля 5 тысяч вязняў мінскага гета).

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Ха: Пародыі С. Старобінскага [М. Хведаровіча]. Шаржы Дэ Вэ Бэкі [Ц. Кіпніса]. — [Гомель], [1932].

Зноскі

  1. Ціхановіч, Яўген. Партрэт стагоддзя. Мінск, 2015. С. 10-14.
  2. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 750.
  3. Тырышкин Сергей. Житель иных стихий // Иные берега. 2011. № 3(23).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]