Цэнтральнабярэзінская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цэнтральнабярэзінская раўніна (2001)
Цэнтральнабярэзінская раўніна (1977)

Цэнтральнабярэзінская раўніна — фізіка-геаграфічны раён Перадпалескай правінцыі; раўніна, размешчаная ў цэнтры Беларусі. Плошча 28 тыс. км². Вышыня 150—180 м.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца ў цэнтры Беларусі. Размешчаная ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй частках Мінскай, заходняй часткі Магілёўскай, на крайняй поўначы Гомельскай абласцей Беларусі. Працягласць з поўначы на поўдзень 165 км, з захаду на ўсход ад 90 да 170 км. Мяжуе з Мінскім і Аршанскім узвышшамі на паўночным захадзе і поўначы, Аршанска-Магілёўскай і Чачорскай раўнінамі на паўночным усходзе і ўсходзе, Беларускім Палессем на поўдні і Капыльскай градой з прылеглымі да яе раўнінамі на захадзе.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральнабярэзінская раўніна прымеркавана да ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы і паўднёва-заходняй часткі Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле найбольш пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (пераважна дэвону), мезазою і кайназою. Пароды антрапагену (бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў) складаюць покрыва магутнасцю 40—130 м. На паверхні раўніны пашыраны водна-ледавіковыя розназярністыя пяскі з галькай і дробнымі валунамі, супескі, месцамі марэнныя адклады, на ўзвышаных участках лёсападобныя пароды, у далінах рэк алювіяльныя пяскі, у забалочаных паніжэннях торф і інш.

Карысныя выкапні: калійная соль, каменная соль, легкаплаўкія гліны, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, пясчана-жвіровы матэрыял, мел, сапрапель, торф, мінеральныя воды.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф сфарміраваўся пад уплывам сожскага зледзянення. Паверхня пласкахвалістая, паніжаецца на поўдзень, дзе абсалютныя адзнакі на 20-30 м ніжэй, чым на поўначы. Пашыраны зандравыя раўніны, асабліва ў міжрэччы Друці і Бярэзіны. Развіты дзюнна-ўзгорысты рэльеф, другасныя марэнныя раўніны з плоскай паверхняй. Трапляюцца размытыя краявыя грады, найбольш выразныя каля гарадоў Бабруйск, Любань, Асіповічы. Пашыраны лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод, затарфаваныя катлавіны. Шматлікія рачныя даліны маюць поймавыя і да дзвюх надпоймавых тэрас, схілы парэзаны ярамі.

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

Найбольшыя рэкі Дняпро з Друццю, Бярэзіна з прытокамі, Пціч, вярхоўі Арэсы і СлучыМораччу). Азёры невялікія (Судабле, Сяргееўскае), у поймах шмат старычных азёр. На міжрэччах балоты вярховыя і пераходныя, у далінах рэк і паніжэннях — нізінныя. Створаны Чырвонаслабодскае вадасховішча на рацэ Морач, Салігорскае вадасховішча на рацэ Случ, Любанскае вадасховішча на рацэ Арэса, Чыгірынскае вадасховішча на рацэ Друць, Асіповіцкае вадасховішча на рацэ Свіслач.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, у паніжэннях — тарфяна-балотныя, па далінах — алювіяльныя. Пад лесам 41 % тэрыторыі. Найбольш пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы. Трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, чорнаальховыя, [Асінавыя лясы[|асінавыя]], бярозавыя лясы і рэдкія на Беларусі ліпнякі. Па далінах рэк разнатраўныя лугі. Пад ворывам больш за 30 % тэрыторыі. Маюцца значныя балотныя масівы (Суціна балота і інш.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]