Цярнопальскі езуіцкі калегіум

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Цярнопальскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова, якая дзейнічала ў Цярнопалі на працягу ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Гісторыя ўстановы[правіць | правіць зыходнік]

З’яўленне езуітаў у Цярнопалі адносіцца да сярэдзіны XVII ст., калі ў горадзе распачаў сваю дзейнасць місіянерскі пункт, звязаны з Камянец-Падольскім езуіцкім калегіумам.

Пасля забароны дзейнасці Таварыства Ісуса на тэрыторыі Расійскай імперыі шмат хто з езуітаў апынуўся ў Галічыне, што ў той час уваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі (Каралеўства Галіцыя і Ладамерыя). Узмацненне мясцовай езуіцкай суполкі дало штуршок да актывізацыі місіянерскай і, асабліва, адукацыйнай дзейнасці Таварыства ў краі. Галоўным асяродкам айцоў-езуітаў у Галічыне быў Цярнопаль.

Першыя езуіты-выгнанцы з Расійскай імперыі прыехалі ў Цярнопаль 19 кастрычніка 1820 г., а ўжо 6 лістапада ў горадзе была адкрыта езуіцкая публічная школа. Спачатку дзейнічаў клас інфімы, дзе вучням даваліся базавыя веды ў лаціне. Потым з’явіліся класы граматыкі і сінтаксісу, дзе яны маглі паглыбляць сваю падрыхтоўку ў гэтай мове.

У верасні 1821 г. пачаў сваю дзейнасць канвікт — інтэрнат для вучняў, якія прыязджалі да езуітаў па веды не толькі з Цярнопальшчыны, але таксама і з іншых раёнаў Аўстрыйскай імперыі. Пражыванне ў канвікце давала магчымасць дадаткова займацца з настаўнікамі-езуітамі і знаходзіцца пад іх апекай. На працягу двух наступных гадоў для патрэб гэтай установы быў ўзведзены двухпавярховы будынак з некалькімі дзясяткамі пакояў. Наступным крокам цярнопальскіх езуітаў было заснаванне 1 кастрычніка 1821 г. гімназіі. У 1823 годзе ў Цярнопалі з’явілася аддзяленне філасофіі для свецкіх студэнтаў і семінарыстаў-езуітаў. У 1825—1826 гг. для заняткаў у калегіуме быў узведзены новы будынак.

Аснову выкладчыцкага корпусу Цярнопальскага езуіцкага калегіума склалі прафесары і выпускнікі былой Полацкай езуіцкай акадэміі: Вінцэнцій Бучынскі, Якаб Кандраў, Антоній Корсак, Маўрыцый Палонскі, Юзаф Цытовіч і многія іншыя. Гэта дало магчымасць падтрымліваць ва ўстанове высокі ўзровень адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. Не дзіўна, што езуіцкія школы доўгі час карысталіся вялікай папулярнасцю сярод мясцовага жыхарства: 3 1824 г. у іх навучаліся 394 вучні, а ў 1836 г. — ужо 500[1].

З пачатку існавання канвікту дзейнічаў школьны тэатр, першымі рэжысёрам і кіраўнікамі якога былі Жан Оэльярд (1821—1832) і Жан Менэ (1832—1838). На яго сцэне з нагоды візіту важных гасцей ставіліся польскія і нямецкія камедыі і трагедыі.

Пад час «Вясны народаў» установа часова спыніла сваю дзейнасць. Пасля аднаўлення дзейнасці Таварыства Ісуса ў Аўстрыйскай імперыі айцы езуіты вярнуліся ў Цярнопаль у 1852 г., але навучанне ў іх школах было адноўлена толькі ў 1856 г.

У 1886 г. езуіцкая адукацыйная пляцоўка ў Цярнопалі страціла статус калегіума і была пераўтворана ў рэзідэнцыю (з 1887 г.), дзе застаўся толькі курс філасофіі для семінарыстаў-езуітаў. Канвікт быў пераведзены ў Хырыў. У жніўні 1901 г. цярнопальская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса была пераведзена ў іншае месца[1].

Рэктары[правіць | правіць зыходнік]

У 1820-1848 гг.: Юзаф Зраніцкі (суперыёр, 1820—1821), Ян Любшэвіч (віцэ-рэктар, 1821), Станіслаў Свентахоўскі (1821—1822, 1824—1825), Антоній Корсак (1822—1824), Тадэвуш Панцэвіч (віцэ-рэктар, 1825—1828), Алаіз Ландэс (1828—1829), Якаб Пірлінг (1829—1831), Юзаф Цытовіч (1831—1836), Рафал Маркіяновіч (1836—1838), Юзаф Браўн (1838—1843), Мацей Чыгір (1843—1845), Ян Зраніцкі (1845—1848);

У 1852-1901 гг.: Ян Зраніцкі (суперыёр, 1852—1856), Францішак Каўтны (1856—1861), Ян Галіч (1861—1867), Адольф Каменскі (1867—1871, 1874—1880), Каспер Шчапкоўскі (1871—1874), Марыян Мараўскі (1880—1883), Павел Рубан (1883—1886), Пётр Бапст (1886—1887), Юліюш Хрысціян (1887—1890), Ігнацій Мішкевіч (1890—1895, 1899—1901), Міхал Мыцельскі (1895—1897), Юзаф Гадоўскі (1897—1899)[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]