Эвалюцыйная біялогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выкапнёвы археаптэрыкс, выяўлены неўзабаве пасля публікацыі «Паходжання відаў». Археаптэрыкс займае па марфалогіі прамежкавае становішча паміж паўзунамі і птушкамі, гэта значыць з'яўляецца пераходнай формай.

Эвалюцыйная біялогія — раздзел біялогіі, які вывучае паходжанне відаў ад агульных продкаў, спадчыннасць і зменлівасць іх прыкмет, размнажэнне і разнастайнасць формаў падчас эвалюцыйнага развіцця. Развіццё асобных відаў звычайна разглядаецца ў кантэксце глабальных пераўтварэнняў флор і фаўн, як кампанентаў біясферы. Эвалюцыйная біялогія пачала афармляцца ў якасці раздзела біялогіі з шырокім прызнаннем ідэй аб зменлівасці відаў у другой палове XIX стагоддзя.

Эвалюцыйная біялогія — міждысцыплінарная вобласць даследаванняў, паколькі яна складаецца як з палявых, так і лабараторных кірункаў розных навук. Унёсак у эвалюцыйную біялогію ўносяць даследаванні ў такіх вузкаспецыяльных абласцях, як тэрыялогія, арніталогія ці герпеталогія, якія абагульняюцца для атрымання яснай карціны развіцця ўсяго арганічнага свету. Палеантолагі і геолагі аналізуюць акамянеласці, каб атрымаць звесткі пра тэмпы і формы эвалюцыі, а папуляцыйная генетыка даследуе гэтыя ж пытанні тэарэтычна. Эксперыментатары выкарыстоўваюць селекцыю дразофілаў для лепшага разумення шматлікіх праблем эвалюцыйнай біялогіі, напрыклад эвалюцыі старэння. У 1990-х гадах біялогія развіцця вярнулася ў эвалюцыйную біялогію пасля працяглага забыцця ў якасці новай сінтэтычнай дысцыпліны — эвалюцыйнай біялогіі развіцця.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама Эвалюцыйная біялогія як акадэмічная дысцыпліна стала агульнапрызнанай у выніку сінтэзу дарвінаўскай тэорыі і генетыкі ў 30-х і 40-х гадах XX-га стагоддзя. Аснову новай тэорыі заклалі працы Чацверыкова[1], Фішэра[2], Райта[3] і Холдэйна[4], у якіх разглядалася ўздзеянне натуральнага адбору на частату алеляў у папуляцыях. Характар гэтых прац быў хутчэй тэарэтычным, чым эксперыментальнаабгрунтаваным[5]. Сітуацыю выправіла манаграфія Феадосія Дабжанскага «Генетыка і паходжанне відаў»[6]. У аснову праблемы аўтар паклаў эксперыментальную папуляцыйную генетыку. Тэарэтычная праца папярэдніх аўтараў супастаўлялася з данымі па зменлівасці і адбору, атрыманымі падчас розных эксперыментаў. Дабжанскі меркаваў, што макраэвалюцыйныя працэсы могуць быць растлумачаны ў тэрмінах мікраэвалюцыі, якія працякаюць дастаткова хутка, каб чалавек мог назіраць іх у эксперыментах ці ў прыродзе.

Генетычныя ідэі пракраліся ў сістэматыку, палеанталогію, эмбрыялогію, біягеаграфію. З назвы кнігі Джуліяна Хакслі «Evolution: The Modern synthesis»[7] у навуковую літаратуру пракраўся тэрмін «сучасны сінтэз», які пазначыў новы падыход да эвалюцыйных працэсаў. Выраз «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі» ў дакладным дадатку да гэтай тэорыі ўпершыню быў выкарыстаны Джорджам Сімпсанам у 1949 годзе. Гэта тэорыя стала асновай для развіцця эвалюцыйнай біялогіі ў другой палове XX стагоддзя. Пераважная колькасць новых ідэй у гэтай вобласці нараджалася з дыскусій вакол сінтэтычнай тэорыі, прычым як з яе абароны, так і з крытыкі.

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Четвериков С. С. О некоторых моментах эволюционного процесса с точки зрения современной генетики. — 1926. — Т. 2. — С. 3-54.
  2. Fisher R. A. The Genetical Theory of Natural Selection. — Oxford: Clarendon Press, 1930.
  3. Wright S. Evolution in Mendelian populations // Genetics. — 1931. — Т. 16. — С. 97-159.
  4. Haldane J. B. S. The Causes of Evolution. — London: Longmans, Green & Co., 1932.
  5. Иорданский Н. Н. Эволюция жизни. — М.: Академия, 2001. — 425 с.
  6. Dobzhansky Th. Genetics and the Origin of Species. — New York: Columbia University Press, 1937.
  7. Huxley J. Evolution: The Modern synthesis. — London: Allen & Unwin, 1942.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]