Эканоміка Аргенціны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аргенціна адносіцца да ліку найбольш эканамічна развітых дзяржаў Паўднёвай Амерыкі. Новая індустрыяльная краіна, Аргенціна мае сучасны прамысловы сектар з развітымі машынабудаваннем, атамнай энергетыкай, харчовай прамысловасцю. Уваходзіць у G20. Сельская гаспадарка з дамінуючай роляй жывёлагадоўлі мае экспартную накіраванасць. Аргенціна з’яўляецца членам гаспадарчай арганізацыі Меркасур.

Гісторыя эканамічнага развіцця[правіць | правіць зыходнік]

У 18901930 гадах Аргенціна была адной з дзесяці найбагацейшых краін свету. Развіццё краіны падтрымлівалася, у асноўным, брытанскім капіталам, быў зроблены ўхіл на развіццё сельскай гаспадаркі і інфраструктуры. На пераломе 20-30-х гадоў у Аргенціне, як і ў іншых краінах свету, пачаўся эканамічны крызіс. Падчас крызісу Аргенціна захлынулася ў дадатковым наплыве эмігрантаў. Гэта прывяло да таго, што Аргенціне цяжэй за іншыя краіны было вярнуцца да ранейшага ўзроўню даходаў на аднаго жыхара. У той час эканамічны лібералізм змяніўся палітыкай інтэрвенцыянізму і пратэкцыянізму.

У 50-х гадах тагачасны прэзідэнт Хуан Дамінга Перон вырашыў ператварыць Аргенціну ў сацыялістычную дзяржаву па ўзорах заходніх краін. На жаль, сацыяльныя праграмы вымагалі вельмі шмат грошай, і ўжо ў другой палове 50-х, калі Перона скінулі з пасады прэзідэнта, пачаліся гады вострай эканоміі. З крызісам, які выклікалі сацыяльныя рэформы, здолелі справіцца ў 60-х гадах ХХ стагоддзя, якія былі адзначаны найбольш нізкай інфляцыяй. Але ўжо праз 10 гадоў Аргенціну, як і ўвесь капіталістычны свет, ахапіў чарговы эканамічны крызіс, рост ВУПа быў невялікі, а інфляцыі — наадварот. Каб справіцца з крызісам, Аргенціна набрала шмат крэдытаў у іншых краін, і гэта павялічыла запазычанасць краіны, што разам з нестабільнай палітычнай сітуацыяй толькі пагоршыла стан краіны. У 80-х гадах эканамічны крызіс перарос у катастрофу: некалькі дэфолтаў запар, гіперінфляцыя, а таксама спад вытворчасці. Каб перамагчы крызіс, пачынаюцца эканамічныя рэформы, у якія ўваходзіць прыватызацыя і лібералізацыя замежнага гандлю. Станоўча паўплывала на эканоміку ўваходжанне Аргенціны ў Меркасур. Усё гэта абумовіла рост ВУПа ў 19911998 гадах каля 6 %, што было блізкім да тагачаснага росту ВУП Чылі. Інфляцыя спала з 4000 % у год да 1-2 %. Але вялікая запазычанасць перад іншаземнымі крэдыторамі, а таксама спад ВУП у 1999 і 2000 гадах выклікалі чарговы эканамічны крызіс. Узрасло беспрацоўе. Чарговы прэзідэнт Нестар Кіршнер распачаў новыя эканамічныя рэформы, увёў абмежаваны эканамічны кантроль, але зрабіць нацыяналізацыю не наважыўся. У гады яго кіравання (2003—2007) павялічыліся аб’ёмы экспарту Аргенціны, а ўрад здолеў пагасіць даўгі, у тым ліку перад МВФ. Ён павялічыў дзяржаўныя выдаткі на сацыяльныя патрэбы і ставіў задачай пабудову сацыяльнага грамадства ў духу ідэй колішняга легендарнага прэзідэнта Хуана Перона. Рост ВУПа ў 20032007 гадах склаў 7-11 % штогод. Аднак пасля смерці Нестара Кіршнера і прыходу да ўлады яго жонкі Крысціны эканамічная сітуацыя ў Аргенціне пачала пагаршацца[1].

У пачатку 2010-х Аргенціну ўскалыхнула чарговая чарада крызісаў. Маўрысіа Макры і яго ліберальна-кансерватыўная партыя «Рэспубліканскае рашэнне» ў складзе кааліцыі «Давайце зменім» прыйшлі да ўлады ў 2015 годзе на фоне грамадскай незадаволенасці палітыкай Кіршнер. Макры абяцаў зрабіць Аргенціну адкрытай эканомікай, каб цэны рэгуляваліся попытам і прапановай на рынку, а не дзяржавай. Пры ім зноў узмацнілася залежнасць краіны ад замежных інвестыцый і крэдытаў, у асноўным у доларах. На гэтым фоне інвестары пачалі сумнявацца ў здольнасці ўрада пакрыць дзяржвыдаткі да канца наступнага года. У 2016 годзе Сусветны банк выключыў Аргенціну са спісу краін з высокім узроўнем даходаў[2].

Асаблівасці гаспадаркі[правіць | правіць зыходнік]

Правінцыя Сальта.

Сёння Аргенціна — індустрыяльна-аграрная краіна з сучаснай шматгаліновай гаспадаркай. Важнымі складнікамі аргенцінскага эканамічнага поспеху з’яўляюцца даволі багатая рэсурсная база (у тым ліку агракліматычныя рэсурсы) і адукаванае насельніцтва. Нягледзячы на невялікія запасы нафты, Аргенціна ў XXI стагоддзі выйшла на самазабеспячэнне па яе здабычы. Вялікія запасы ўрану падштурхнулі краіну да даследаванняў у галіне ядзернай энергетыкі і ўранавай прамысловасці (INVAP, Nucleoeléctrica Argentina).

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Для размяшчэння прамысловасці характэрная высокая тэрытарыяльная канцэнтрацыя: значная частка прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці сканцэнтравана ў нізоўях Параны, у прамысловым поясе паміж Буэнас-Айрэсам і Расарыё; больш за палову прамысловай прадукцыі вырабляецца ў Вялікім Буэнас-Айрэсе. Чорная металургія краіны — найстарэйшая на кантыненце, але па сабекошце аргенцінская сталь прайграе бразільскай: большасць сыравіны прыходзіцца імпартаваць. З галін каляровай металургіі развіты вытворчасць свінцу, цынку, медзі на ўласнай сыравіне. Машынабудаванне займае вядучае месца ў прамысловасці па кошце прадукцыі. Найбольш развітыя транспартнае машынабудаванне (свае заводы ў Аргенціне маюць аўтаканцэрны Ford, Chrysler, Toyota, Peugeot і інш., верталёты вырабляюць кампаніі Cicaré, AeroDreams, самалёты — FAdeA, Aero Boero, Laviasa), агламерацыі Буэнас-Айрэс, Кордава; суднабудаванне і суднарамонт (Буэнас-Айрэс, Энсенада); электратэхніка (заводы IBM, Siemens); сельскагаспадарчае машынабудаванне, вытворчасць абсталявання для харчовай прамысловасці. Сярод экспартных галін асаблівае месца займае мясахладабойная — традыцыйная і спецыфічная для краіны галіна. Аргенціна належыць да ліку самых значных вытворцаў мяса, у асноўным ялавічыны, і яго экспарцёраў. З іншых галін харчовай прамысловасці экспартнае значэнне маюць вытворчасць алеяў, у апошнія гады — соевага, а таксама мукамольная галіна і вінаробства.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Гауча паганяюць авечак, Патагонія

Прадукцыя сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі дае звыш 50 % экспартных даходаў. Па пагалоўю буйной рагатай жывёлы Аргенціна займае шостае месца ў свеце, па вытворчасці мяса на душу насельніцтва — пятае, а па яго спажыванню — першае. Мяса — нацыянальная ежа аргенцінцаў. У раслінаводстве галоўнае месца традыцыйна займаюць збожжавыя, алейныя і тытунёвыя культуры, што маюць экспартнае значэнне. Па зборы пшаніцы, соі і тытуню Аргенціна — адна з вядучых краін свету. Па інфармацыі Сусветнага банка, у 2012 годзе краіна займала шостае месца ў свеце па экспарце пшаніцы (8,4 млн тон). Адметнай рысай сельскай гаспадаркі Аргенціны ў параўнанні з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі з’яўляецца той факт, што яна не толькі цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, але і экспартуе яго (пры гэтым у сельскай гаспадарцы занята толькі 5,3 % працоўных[3]).

Зноскі