Эталонная мадэль OSI

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эталонная мадэль OSI (англ.: Open Systems Interconnection Reference Model) — абстрактная мадэль для сеткавых камунікацый і распрацоўкі сеткавых пратаколаў. Гэтая мадэль дэманструе ўзроўневы падыход да сеткі, што аблягчае яе распрацоўку і разуменне прынцыпаў працы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Эталонная мадэль OSI была распрацавана Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі (International Organization for Standardization, ISO). Яна з’яўлялася першай спробай увядзення міжнароднага стандарта на стварэнне пратаколаў. У 1995 годзе мадэль была перагледжана.

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Выбар структуры грунтаваўся на наступных прынцыпах:

  1. Узровень павінен стварацца па меры неабходнасці наступнага ўзроўню абстракцыі;
  2. Кожны ўзровень мусіць выконваць адну пэўную функцыю;
  3. Функцыі для кожнага ўзроўню мусяць выбірацца з улікам стварэння стандартызаваных міжнародных пратаколаў;
  4. Межы паміж узроўнямі мусяць выбірацца так, каб паток даных паміж інтэрфейсамі быў мінімальны;
  5. Колькасць узроўняў павінна быць дастаткова вялікай, каб розныя функцыі не аб’ядноўваліся ў адным без неабходнасці, і дастаткова малой, каб архітэктура не стала занадта вялікай.

У выніку мадэль OSI складаецца з 7 узроўняў:

  1. Фізічны
  2. Канальны
  3. Сеткавы
  4. Транспартны
  5. Сеансавы
  6. Узровень прадстаўлення
  7. Прыкладны

Апісанне ўзроўняў[правіць | правіць зыходнік]

Фізічны ўзровень[правіць | правіць зыходнік]

На фізічным узроўні адзінкай перадачы інфармацыі з’яўляецца біт.

Асноўныя пытанні, якімі займаецца гэты ўзровень:

  • Якім чынам павінны кадавацца / перадавацца адзінка і нуль (напружанне, колькасць часу і г. д.);
  • Ці можа перадача ісці дуплексна (у двух напрамках адначасова) ці толькі паўдуплексна (у адным з двух);
  • Як усталёўваецца і разрываецца сувязь;
  • Якім чынам перадаецца сігнал (напрыклад: колькасць правадоў у кабелі і функцыі кожнага з іх).

Узровень перадачы даных (канальны)[правіць | правіць зыходнік]

Узровень перадачы даных займаецца перадачай «кадраў» (памер кадра можа змяняцца: ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч байт).

Мэта гэтага ўзроўню — забяспечыць беспамылковую перадачу даных (з пункту гледжання вышэйшых узроўняў). Гэта забяспечваецца з дапамогай кадраў пацвярджэння, якія перыядычна адсылае прымаючы камп’ютар.

Сярод праблем, якія павінен вырашаць гэты ўзровень, ёсць:

  • Праблема «хуткага» перадатчыка і «маруднага» прыёмніка (калі перадаючы камп’ютар адсылае інфармацыю нашмат хутчэй, чым прымаючы можа яе апрацоўваць);
  • У выпадку шырокавяшчальных сетак — праблема доступу да канала (гэтая праблема развязваецца з дапамогай увядзення дадатковага «падузроўня» доступу да носьбіта).

Сеткавы ўзровень[правіць | правіць зыходнік]

Сеткавы ўзровень аперыруе пакетамі. Асноўнай яго задачай з’яўляецца знаходжанне аптымальнага маршрута для пакета. У шырокавяшчальных сетках гэты ўзровень звычайна вельмі прымітыўны — ці адсутнічае ўвогуле.

Гэты ўзровень мусіць вырашаць такія праблемы, як:

  • Перапаўненне канала з-за занадта вялікай колькасці перадаваных даных;
  • Перадача інфармацыі паміж рознымі сеткамі.

Транспартны ўзровень[правіць | правіць зыходнік]

Транспартны ўзровень прымае даныя ад сеансавага ўзроўню (пры неабходнасці — разбіваючы іх на больш дробныя кавалкі) і перадае іх сеткаваму ўзроўню. Яго мэта — каб даныя былі атрыманы менавіта ў той паслядоўнасці, у якой былі адпраўленыя.

Транспартны ўзровень з’яўляецца першым узроўнем, які наўпрост камунікуе з камп’ютарам-атрымальнікам (усе папярэднія ўзроўні таксама камунікавалі з прамежкавымі камп’ютарамі).

Сеансавы ўзровень[правіць | правіць зыходнік]

Сеансавы ўзровень адказвае за ўсталяванне сувязі паміж двума камп’ютарамі. Сярод яго функцый таксама ёсць:

Узровень прадстаўлення[правіць | правіць зыходнік]

Гэты ўзровень займаецца семантыкай і сінтаксісам перадаваемай інфармацыі. Каб зрабіць магчымай камунікацыю паміж машынамі з розным прадстаўленнем даных, неабходна прывесці іх да нейкага пэўнага стандартызаванага віду, што і робіць узровень прадстаўлення.

Прыкладны ўзровень[правіць | правіць зыходнік]

Прыкладны ўзровень з’яўляецца верхнім у іерархіі OSI і займаецца перадачай даных паміж рэальнымі праграмамі. Ён уключае ў сябе шэраг папулярных пратаколаў, як, напрыклад, HTTP.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]