Янка Хвораст

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Янка Хвораст
Дата нараджэння 11 лютага 1902(1902-02-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 ліпеня 1983(1983-07-01) (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Адукацыя
Прафесія танцор, балетмайстар
Тэатр
Член у
Узнагароды
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Я́нка (Іван Ма́ркавіч) Хво́раст (24 лютага (11 лютага) 1902, в. Кацёлкі, цяпер у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці — 1 ліпеня 1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977). Стрыечны брат Рыгора Шырмы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага павета Гродзенскай губерні (Расійская імперыя). яго маці, Захвея Васільеўна (у дзявоцтве Шырма, 1875 - 1944)[1], паспрыяла росту таленту Рыгора Шырмы, які пачаў запісваць народныя песні менавіта ад сваёй цёткі па бацьку.

Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскім вучылішчы ў роднай вёсцы, дзе закончыў тры класы. У 1923 паступіў у чацвёрты клас гімназіі імя А. Міцкевіча ў Пружанах, дзе зблізіўся са старэйшым стрыечным братам Р. Шырмам, які пачынаў у Пружанах сваю культурніцкую працу. У 1926 Шырма пераязджае ў Вільню, следам за ім едзе Янка Хвораст.

Выпускнікі Віленскай беларускай гімназіі. Злева направа: Юльян Саковіч, Янка Хвораст, Марыя Скурко (Маслоўская). 1931

З 1926 ён працягваў вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у гуртках, тэатральных пастаноўках, спяваў у хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы і распачаў творчую дзейнасць як саліст танцавальнай групы хору славянскай песні (1928). У 1929 паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе быў адным з кіраўнікоў музычна-драматычнай секцыі Беларускага студэнцкага саюза[2], браў актыўны ўдзел у дзейнасці Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага майстэрства. У 1935 годзе, атрымаўшы дыплом магістра філасофіі, цягам трох гадоў не мог уладкавацца на працу з-за свайго беларускага паходжання, праваслаўнага веравызнання і спачування адраджэнцкаму руху[3]. Толькі ў 1938 уладкаваўся на працу настаўнікам польскай і лацінскай моў, псіхалогіі і логікі ў Вілейскай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з'яўляўся кіраўніком і салістам харэаграфічнай групы Беларускага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы (1940-я—1951), з якім гастраліраваў па Уралу, Сібіры, Сярэдняй Азіі. Пад канец 1943 года калектыў вярнуўся ў Беларусь, выступаў на заводах, фабрыках, шпіталях, у партызанскіх атрадах і на перадавой. За час працы з ансамблем Янка Хвораст распрацаваў і паставіў больш за 60 танцаў, танцавальных кампазіцый, мініяцюр.

у 1953—1960 — саліст балета Беларускай філармоніі, аб'ехаў з гастролямі шматлікія гарады Савецкага Саюза. Акрамя таго, займаўся пастаноўкамі народных танцаў для калектыву.

У 1960—1978 пэўны час працаваў выкладчыкам у Мінскім харэаграфічным вучылішчы, кансультантам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, аказваў дапамогу самадзейным харэаграфічным калектывам (сярод якіх смаргонскі народны ансамбль песні і танца імя Агінскага[4], наваградскі народны ансамбль песні і танца «Свіцязь», ваўкавыская «Маладосць», дзятлаўскі «Лянок», лідская «Лідчанка» і інш.[3]).

З 1978 года на пенсіі. Памёр у 1983.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Любоў да народных спеваў і танцаў яшчэ ў дзяцінстве пераняў ад сваёй маці Захвеі Васілеўны, якая была вядомай на ўсё ваколле спявачкай, глыбокім знаўцам народнай песні.

Дзякуючы глыбокаму веданню беларускага танцавальнага фальклору, беражліваму стаўленню да яго нацыянальна-спецыфічных асаблівасцей зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускага народна-сцэнічнага танца. Стварыў сцэнічныя варыянты беларускіх танцаў «Таўкачыкі», «Мікіта», «Падушачка», «Козачка», кадрыляў «Котчынская», «Беларуская». Вялікая заслуга Івана Хвораста ў адраджэнні беларускіх карагодаў (танкоў) «Пойдзем, пойдзем лугам», «Дзявочы», «Лірычны», «Вішанька» і інш.

Запісаў і паставіў дзясяткі народных танцаў, якія часткова ўвайшлі ў зборнікі «Беларускія танцы» (1974, 1977), «Танцы Янкі Хвораста» (1991).

Яму належаць таксама харэаграфічныя кампазіцыі «Паланэз Агінскага» і «Світанак над Свіцяззю».

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Хвораст Захвея Васільеўна / в. Кацёлкі, Пружанскі раён
  2. Мастыка А.. 3.2. БСС пасля разгрому Грамады. Культурная і грамадская дзейнасць у зо-х гг.. Старонка №1 горада Ліды і Лідскага павета. Праверана 10 лютага 2012.
  3. а б Аляксей Вайткун.. Архіўная копія(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2012. Праверана 10 жніўня 2012.
  4. Тацяна Команава. «Дзе расцеш душой» // Культура. — 5-11 верасня 2009. — № 36, 904.
  5. Туронак Ю. Аўтары і выдаўцы // Беларуская кніга пад нямецкім кантролем, 1939—1944. — Мн., 2002. — С. 20. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»).
  6. а б Запрос: a001="BY-SEK-119818" (руск.). Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 10 лютага 2012.
  7. Архіўная копія(недаступная спасылка). Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2022. Праверана 10 жніўня 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]