Алесь Бяляцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Алесь Віктаравіч Бяляцкі)
Алесь Віктаравіч Бяляцкі
Імя пры нараджэнні Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі
Род дзейнасці пісьменнік, праваабаронец, літаратуразнавец, літаратурны крытык, гісторык літаратуры, дысідэнт, палітычны вязень, настаўнік, літаратар
Дата нараджэння 25 верасня 1962(1962-09-25)[1] (61 год)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Бацька Віктар Усцінавіч Бяляцкі (1928—2011)
Маці Ніна Аляксандраўна (1935–1994)
Жонка Наталля Пінчук
Дзеці Адам Аляксандравіч Бяляцкі
Месца працы
Альма-матар
Член у
Узнагароды і прэміі
Сайт freeales.org
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Але́сь Бяля́цкі, поўнае імя Аляксандр Ві́ктаравіч Бяляцкі (нар. 25 верасня 1962, Вяртсіля, Сартавальскі раён, Карэльская АССР, РСФСР) — беларускі грамадскі дзеяч, праваабаронца, палітвязень і вязень сумлення[4]. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (2022)[5].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў беларускай сям’і, бацька родам з Рагачоўскага, маці з Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, на сталае жыццё ў Светлагорск Гомельскай вобласці. Выпускнік сярэдняй школы № 5 Светлагорска.

У 1984 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская і руская мовы і літаратура» (кваліфікацыя — філолаг, выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры). Падчас вучобы сябраваў з будучымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, тады — студэнтамі Анатолем Сысом, Эдуардам Акуліным, Сяржуком Сысом, Анатолем Казловым. Падчас вучобы выступіў з першымі літаратуразнаўчымі артыкуламі, дэбютаваў у 1984 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Тэрміновую вайсковую службу ў 1985—1986 гг. праходзіў механікам-вадзіцелем браніраванага цягача ў артылерыйскай знішчальнай супрацьтанкавай батарэі пад Свярдлоўскам (цяпер Екацярынбург, Расія).

З 1981 года браў удзел у моладзевым нацыянальна-дэмакратычным руху[6]. Быў сябрам падпольнай групы моладзі: Беларускай канспірацыйнай партыі «Незалежнасць», якая ставіла мэтай спрыянне выхаду Беларусі з СССР і стварэнню незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы[7]. Група мела статут і праграму, працавала праз легальныя нефармальныя моладзевыя аб’яднанні «Талака», «Тутэйшыя», выдавала нелегальны часопіс «Бурачок»[8], была ініцыятарам правядзення першых у Беларускі мітынгаў на Дзяды ў 1987 і 1988 гадах[9], акцый пратэсту — воднага ралі супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГРЭС (1987)[10], мітынгу супраць разбурэння Верхняга горада ў Мінску (1988)[11], дэманстрацыі і мітынгу ў Курапатах (1988)[12].

Алесь Бяляцкі друкаваўся ў тагачасных падпольных выданнях, часопісах «Бурачок»[13] і «Вера»[14]. Быў удзельнікам мітынгаў на Дзяды ў 1987 і 1988 гадах. З’яўляўся адным з арганізатараў Першага вальнага сойму беларускіх суполак.

Падчас навучання ў аспірантуры ў г. Мінску ў 1986—1989 гг. быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986), потым — старшынём гэтай грамадскай арганізацыі[15]. Быў пад пагрозай выключэння з аспірантуры, але грамадскую дзейнасць не спыніў[16]. Браў удзел у паседжаннях Камэтэта-58[17], у 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралог Беларусі», а таксама быў сябрам арганізацыйнага камітэту грамадскай арганізацыі Беларускі народны фронт. У 1990 годзе выступіў адным з арганізатараў грамадскай арганізацыі Беларуская каталіцкая грамада[18].

У 1989 годзе скончыў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР[15]. У 1989 годзе працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры, затым у 1989 годзе па конкурсе абраны калектывам музея на пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Працаваў дырэктарам музея з кастрычніка 1989 да жніўня 1998 года. Падчас працы Алеся Бяляцкага ў музеі былі адкрыты экспазіцыі ў цэнтральным будынку музея ў Мінску на Траецкім прадмесці (1991), у філіялах музея — «Беларускай хатцы» ў Мінску на вуліцы Рабкораўскай, 14 (1991), «Фальварак Ракуцёўшчына» ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна (1991), у Яраслаўлі (1993). У будынках музея напачатку 1990-х гадоў праходзілі шматлікія культурныя і грамадскія мерапрыемствы, сходы дэмакратычных сілаў[19], пасяджэнні Управы і Сойму Беларускага народнага фронту, малітоўныя службы грэка-католікаў. У будынку музея ў 1990 г. мела юрыдычны адрас і пачынала працу рэдакцыя адной з першых дэмакратычных газет у Беларусі «Свабода». Алесь Бяляцкі прадаставіў юрыдычны адрас музея для рэгістрацыі дзясяткаў няўрадавых арганізацый, які ў тыя гады было цяжка знайсці, у тым ліку Праваабарончаму цэнтру «Вясна» і Цэнтру «Супольнасць»[20]. Запрасіў у літаратурны музей М. Багдановіча на працу маладых беларускіх пісьменнікаў Паліну Качаткову, Эдуарда Акуліна, Сяргея Вітушку, Алеся Астраўцова.

Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў у 1991—1996 гадах. 20 жніўня 1991 года разам з іншымі 29 дэпутатамі Мінгарсавета, на наступны дзень пасля путчу ГКЧП, выступіў з адкрытым зваротам да жыхароў Мінска «захоўваць вернасць законна абраным органам улады і дамагацца ўсімі канстытуцыйнымі метадамі спынення дзейнасці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы»[21]. 5 верасня 1991 года пасля прыняцця Мінгарсаветам рашэння пра выкарыстанне нацыянальнай сімволікі Бяляцкі прынёс бела-чырвона-белы сцяг у залу пасяджэнняў дэпутатаў, гэты сцяг першым у краіне быў афіцыйна вывешаны над будынкам Мінгарсавета[20].

Сакратар Управы БНФ (1996—1999), намеснік старшыні Партыі БНФ (1999—2001)[22].

У 1996 годзе заснаваў гарадскую мінскую арганізацыю Праваабарончы цэнтр «Вясна-96», які 15 чэрвеня 1999 года пераўтварыўся ў рэспубліканскае Грамадскае аб’яднанне Праваабарончы цэнтр «Вясна». Рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 года за ўдзел у назіранні падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр „Вясна“» было пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі. З тых часоў вядучая беларуская праваабарончая арганізацыя працуе без рэгістрацыі[23].

Старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (2000—2004)[22].

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH; 2007—2016)[23].

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995)[24] і Беларускага ПЭН-цэнтра (2009)[25].

4 жніўня 2011 годзе затрыманы ДФР КДК, затым арыштаваны і змешчаны ў СІЗА ў Мінску[26].

24 лістапада 2011 года асуджаны па ч. 2. арт. 243 КК (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці[27]. Суд прызнаў яго вінаватым у нясплаце падаткаў. Падставай для крымінальнага пераследу стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі беларускім праваахоўным органам Літва і Польшча. А. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і заявіў, што грошы, якія былі атрыманы на яго рахункі ў банку, выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць. Раней у тым жа годзе беларускія ўлады скіравалі Літве запыт у справе фінансавання беларускай апазіцыі, Алеся Бяляцкага ўдалося прызнаць вінаватым у тым ліку ў выніку таго, што адказ на гэты запыт не быў добра прадуманы літоўскім бокам. Літоўскі дыпламат Рэнатас Юшка пазней пракаментаваў гэта так: «Для Літвы гэта вялікае паражэнне на міжнароднай арэне, і я ўсё яшчэ адчуваю пэўнае пачуццё віны з-за Алеся. Калі я яшчэ быў адказным за каардынацыю такіх справаў, то нам удавалася прадухіляць падобныя здарэнні». Беларускія праваабаронцы, а таксама кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза, урады краін ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічылі А. Бяляцкага палітычным вязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабавалі ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу[28]. 15 верасня 2011 г. адмысловую рэзалюцыю па справе А. Бяляцкага прыняў Еўрапейскі парламент[29]. З патрабаваннем аб вызваленні А. Бяляцкага да беларускага ўраду звярталіся Старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек[30], прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан[31], старшыня АБСЕ Эйман Гілмар[32], спецыяльны дакладчык па сітуацыі ў Беларусі Рады ААН па правах чалавека Міклаш Харасці[33].

Тэрмін зняволення адбываў у папраўчай калоніі № 2 у г. Бабруйску. Працаваў упакоўшчыкам у швейным цаху[34]. Неаднаразова пакараны адміністрацыяй калоніі за «парушэнні правілаў паводзін асуджаных»[35], прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму», таму пазбаўлены амністыі ў 2012 годзе[36], пазбаўляўся спатканняў з роднымі і перадач[37]. У калоніі напісаў шмат тэкстаў на літаратуразнаўчыя тэмы, эсэ, успаміны, якія перадаваліся на волю ў лістах[38]. Падчас зняволення ў абарону Алеся Бяляцкага разгорнутая кампанія міжнароднай салідарнасці[39].

Алесь Бяляцкі вызвалены 21 чэрвеня 2014 года.

Падчас пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Алесь Бяляцкі затрыманы 14 ліпеня 2021 года[40]. 15 ліпеня сумеснай заявай дзевяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, прызнаны палітычным зняволеным[40][41].

7 кастрычніка 2022 года Алесь Бяляцкі абвешчаны лаўрэтам Нобелеўскай прэміі міру. За свайго зняволенага мужа залаты медаль і дыплом лаўрэата 10 снежня атрымала Наталля Пінчук. Нобелеўская прамова ўпершыню ў гісторыі прагучала па-беларуску.

У 2023 годзе разам з ім у Мінску судзілі прадстаўнікоў «Вясны» Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. 3 сакавіка абвешчаны прысуд па справе. Алесь Бяляцкі прызнаны вінаватым і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыма з грашовым штрафам у даход дзяржавы[42].

Узнагароды і ганаровыя званні[правіць | правіць зыходнік]

  • У сакавіку 2006 года Вацлаў Гавел уручыў А. Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасць[43].
  • Прэмія імя Пера Ангера. «Per Anger Prize» (Швецыя, 2006)[44].
  • Прэмія свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвежскага Хельсінкскага камітэта. «Andrei Sakharov Freedom Award» (Нарвегія, 2006)[45].
  • Сцяг Генуі Ганаровы грамадзянін Генуі (Лігурыя, Італія) з 2010 года.
  • Нацыянальная прэмія ў абарону правоў чалавека. «Праваабаронца 2011 года» (Беларусь, 2011)[46].
  • Дыплом за свабоду слова. Нарвежскі саюз пісьменнікаў. «Ytringsfrihetsprisen 2011» (Нарвегія, 2012)[47].
  • Сцяг Парыжа Ганаровы грамадзянін Парыжа з 2012 года[48].
  • Прэмія Леха Валенсы. «Nagroda Lecha Walesy 2012» (Польшча, 2012)[крыніца?].
  • Прэмія імя Вацлава Гавела за правы чалавека. Першы лаўрэат ад заснавання прэміі. «Vaclav Havel Human Rights Prize 2013». Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы сумесна з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам Charta 77 (Страсбург, 2013)[49].
  • Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтр (Беларусь, 2014)[50].
  • Абаронца Грамадзянскіх Правоў Года — 2014. «Civil rights defender of the year 2014» (Швецыя, 2014)[51].
  • Ганаровы грамадзянін Сіракузаў (Сіцылія, Італія) з 2014 г[52].
  • Намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру пяць разоў. У 2006 і 2007 гадах[53]. У 2012 годзе зноў намінаваны, але прэмія прысуджана Еўрасаюзу[54]. 2 лютага 2013 года намінаваны нарвежскім парламентарыем Янам Санэрам. У 2014 годзе дэпутаты польскага парламента намінавалі Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру, пад намінацыяй падпісаліся 160 дэпутатаў[55].
  • Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[56].
  • Прэмія «За правільны лад жыцця»  (укр.) (прысуджана «Вясне» ды Алесю Бяляцкаму)[57].
  • Нобелеўская прэмія міру (2022)
  • Крыж Ордэн Пагоні (2024) за выбітныя заслугі маральна-грамадскага лідарства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасці Беларусі ў варунках асабістае небяспекі[58].

Вобраз у культуры і мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

  • 4 жніўня — Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, заснаваны ў 2012 годзе як адказ на арышт Алеся Бяляцкага[59].
  • Дзмітры Плакс 14.02.2013 года зрабіў пастаноўку на Радыё Швецыі пра Алеся Бяляцкага[60].
  • Кніга Віктара Сазонава «Паэзія прозы» (2013) прысвечана Алесю Бяляцкаму, а ў адным апавяданняў кнігі — «Паштоўка палітвязня», сюжэт пра яго[61].
  • Уладзімір Сіўчыкаў — эсэ «Гэтае салодкае слова — свабода!» у падборцы «Начныя нататкі». Дадатак Літаратурная Беларусь № 4 (92) у газеце Новы Час. 25 красавіка 2014 / № 16 (385)[62].
  • Уладзімір Някляеў. Верш Рымцелі. На 50-годдзе праваабаронцы Алеся Бяляцкага[63].
  • Сяржук Сыс — верш «Алесю Бяляцкаму»[64].
  • Міхась Скобла — эсэ «Ліст да Алеся Бяляцкага»[65].
  • Мастацкі фільм «Выше неба» (рэжысёр: Дзмітры Марынін, Андрэй Курэйчык, 2012 г.): у эпізодзе паказаны сюжэт з навін тэлеканала «Беларусь-1» аб затрыманні Алеся Бяляцкага (56 хвіліна)[66].
  • Дакументальны фільм «Свечка праўды Алеся Бяляцкага» (сцэнарыст Паліна Сцепаненка, 2011, Беларусь)[67].
  • Дакументальны фільм «Вясна» (рэжысёр — Вольга Швед, 2012 г., Беларусь)[68].
  • Дакументальны фільм «Нястомнае сэрца» (A Heart That Never Dies) Алеся Бяляцкага (рэжысёр Эрлінг Борген, 2015, Нарвегія)[69].
  • Дакументальны фільм «1050 дзён самоты» (рэжысёр Алег Дашкевіч, 2014, Беларусь)[70].
  • Мастак Ай Вейвей. Выява Алеся Бяляцкага зробленая з дэталяў канструктара «Лега» вядомым сучасным кітайскім мастаком-дысідэнтам Ай Вейвенем. Твор прадстаўлены на выставе «След» у музеі Хішхорн у Вашынгтоне[71].
  • Партрэт Алеся Бяляцкага. Мастак — Уладзімір Вішнеўскі. У кнізе «Халоднае крыло Радзімы»[72]
  • Ва Украіне выпушчаны паштовы канверт з выявай Алеся Бяляцкага, а таксама паштовая марка з выявай адной з першых паштовых марак незалежнай Беларусі, на якой намаляваны нацыянальны герб Беларусі – «Пагоня».[73]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Літаратура і нацыя»[74]. — Мн., 1991.
  • «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера». — Мн., 2006.
  • «Асьвечаныя беларушчынай»[75]. — Мн., 2013[76]. — кніга занесена ў спіс рэчаў, забароненых да ўвозу ў Беларусь[77].
  • «Іртутнае срэбра жыцьця»[78]. — Мн., 2014. — кніга прысвечана падзеям 2010—2011 гадоў у Беларусі і адлюстроўвае два гады жыцця аўтара. Напісана падчас зняволення, складаецца з лістоў з успамінамі і развагамі[79].
  • «Халоднае крыло Радзімы»[72]. — Вільня, 2014.
  • «Бой з сабой» — Мн., 2016[80].
  • 20-Я Вясна : (зборнік эсэ і ўспамінаў сяброў Праваабарончага цэнтра «Вясна»). — Мінск, 2016. — 204 с. (тэксты Алеся Бяляцкага на С. 7—20; 189—203)[81]

Укладанні[правіць | правіць зыходнік]

  • Сыс, А. Alaiza / укл. А.Бяляцкі. — Вільня: Gudas, 2009. — 212с.
  • Сыс, А. Берагі майго юнацтва / укл., прадм. А. Бяляцкі. — Мінск: Галіяфы, 2016. — 250с. УДК821.161.3-1 ББК 84 (4Беи)-5 С95 — ISBN 978-985-7021-97-0
  • Юхнавец, Я. Сны на чужыне. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 220 с. ББК 84(4Бел)6 — ISBN 5-340-01255-7

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 26 красавіка 2014.
  2. https://hro.org/node/11604
  3. https://actionnetwork.org/petitions/i-support-pen-belarus/ Праверана 3 жніўня 2021.
  4. Amnesty International признала Беляцкого узником совести Архівавана 27 жніўня 2017.
  5. Jenni Reid. Belarusian campaigner Ales Bialiatski and two human rights groups win 2022 Nobel Peace Prize (англ.). CNBC. Праверана 7 кастрычніка 2022.
  6. [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. C.16]
  7. Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014. — 540 с. — С. 177.
  8. [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. С.180]
  9. Дзяды 1987 відэа
  10. 29.4.1987 у Друі стартавала воднае ралі пратэсту супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС(недаступная спасылка)
  11. Абарона Верхняга гораду Архівавана 16 чэрвеня 2021.
  12. Статью про Курапаты в 88-м году пропустил цензор
  13. «Бурачок»
  14. Вера Архівавана 16 чэрвеня 2021.
  15. а б http://www.svaboda.org/content/article/1987336.html
  16. [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. С.22]
  17. [Бяляцкі, А. Халоднае крыло Радзімы. — 2014 г. — 540с. С.169]
  18. Адраджаў і беларусізаваў Касцёл, рыхтаваў польскіх святароў да працы ў Беларусі. Алесь Бяляцкі і яго каталіцкі актывізм у 90-х
  19. Супольнае паседжанне Сойма БНФ, Рабочага Саюзу Беларусі і Аб’яднанай Дэмакратычнай Партыі Беларусі 19 жніўня 1991 па ГКЧП Архівавана 23 кастрычніка 2021.
  20. а б [Тамковіч, А. Найноўшая гісторыя ў асобах. — Смаленск : Смоленская городская типография, 2013. — С.166. — ББК 84, УДК 823.]
  21. Дземянцей: «Павесіце на вяроўцы бяз мыла?»
  22. а б [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. — Вільня, 2007. — 256 с. (С.35) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
  23. а б Праваабарончы цэнтр «Вясна»
  24. Асабiстыя старонкi сяброу СБП Архівавана 23 красавіка 2018.
  25. Пісьменнікі ў зняволенні Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  26. Арышт Алеся Бяляцкага. Рэакцыі
  27. Алесь Бяляцкі асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці(недаступная спасылка)
  28. http://nashaniva.by/?c=ar&i=84130
  29. European Parliament resolution of 15 September 2011 on Belarus: the arrest of human rights defender Ales Bialatski
  30. Старшыня Еўрапарламенту заклікае вызваліць Бяляцкага і ўсіх палітвязняў
  31. Алесь Бяляцкі асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй (увесь працэс) Архівавана 17 красавіка 2017.
  32. Старшыня АБСЕ заклікае вызваліць Алеся Бяляцкага
  33. Миклош Харашти призывает освободить и реабилитировать Беляцкого Архівавана 6 жніўня 2013.
  34. АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ ПАТЭЛЕФАНАВАЎ ЖОНЦЫ Архівавана 8 жніўня 2020.
  35. За сем месяцаў у калоніі Бяляцкі атрымаў сем спагнанняў
  36. Бяляцкі атрымаў трэцяе спагнанне ў калоніі Архівавана 1 чэрвеня 2016.
  37. Бяляцкага пазбавілі перадачы і спаткання http://nashaniva.by/?c=ar&i=78253
  38. Алесь Бяляцкі ў турме піша кнігу пра рэпрэсаванага пісьменніка
  39. 100 тысяч салідарных з Алесем Бяляцкім (+ мапа салідарнасці)
  40. а б Беларусь: Руководителей Правозащитного центра "Весна" держат в СИЗО. Потребуйте от властей освободить их! (руск.). Amnesty International (22 ліпеня 2021). Праверана 28 ліпеня 2021.
  41. Затрыманых праваабаронцаў і актывістаў прызналі палівязнямі . Еўрапейскае радыё для Беларусі (15 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2021. Праверана 28 ліпеня 2021.
  42. tass.ru
  43. http://afn.by/news/i/74799
  44. Белорусская неделя в Стокгольме.
  45. Белорусский правозащитник А.Беляцкий выдвинут на Нобелевскую премию мира Архівавана 28 студзеня 2021.
  46. В Минске вручены премии за защиту прав человека
  47. Ytringsfrihetsprisen 2011: Ales Bjaljatski
  48. Aleś Bialacki laureatem Nagrody Lecha Wałęsy
  49. Прэмія Вацлава Гавела прысуджаная Алесю Бяляцкаму
  50. Алесь Бяляцкі атрымаў літаратурную Прэмію імя Алеся Адамовіча
  51. Шведская правозащитная организация Civil Rights Defenders назвала Алеся Беляцкого Защитником гражданских прав года Архівавана 25 жніўня 2017.
  52. Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам Сіракузы
  53. Алесь Бяляцкі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2017. Праверана 24 студзеня 2022.
  54. атрымае Алесь Бяляцкі Нобелеўскую прэмію(недаступная спасылка)
  55. Алесь Бяляцкі зноў стане кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру
  56. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
  57. 2020 Announcement – Press Release(недаступная спасылка). rightlivelihoodaward.org. The Right Livelihood Foundation (1 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2021. Праверана 1 кастрычніка 2020.
  58. Рада БНР узнагародзіла розных дзеячоў за заслугі перад беларускім народам . Рацыя (25 сакавіка 2024). Праверана 25 сакавіка 2024.
  59. 4 августа — Международный день солидарности с гражданским обществом Беларуси Архівавана 12 жніўня 2021.
  60. Радыё Швецыі рыхтуе пастаноўку пра Алеся Бяляцкага Архівавана 25 жніўня 2017.
  61. Паэзія прозы Архівавана 25 жніўня 2017.
  62. Гэта салодкае слова — свабода!
  63. РЫМЦЕЛІ. Алесю Бяляцкаму
  64. Алесю Бяляцкаму
  65. Ліст да Алеся Бяляцкага
  66. «Выше неба»
  67. Алесь Бяляцкі: праваабаронца, літаратуразнаўца, чалавек(недаступная спасылка)
  68. «Вясна», дак. фільм пра Алеся Бяляцкага.
  69. A Heart That Never Dies
  70. 1050 дзён самоты
  71. На экспозиции в Вашингтоне представлены изображения, сделанные из кусочков конструктора «Лего».
  72. а б Халоднае крыло Радзімы.
  73. Ініцыятар выпуску ва Украіне канверта з выявай Алеся Бяляцкага і маркі з «Пагоняй» распавёў гісторыю і нагоды стварэння гэтых філатэлістычных аб’ектаў https://radiounet.fm/iniczyyatar-vypusku-va-ukraine-kanverta-z-vyyavaj-alesya-byalyaczkaga-i-marki-z-pagonyaj-raspavyou-gistoryyu-i-nagody-stvarennya-getyh-filatelistychnyh-abektau/
  74. Літаратура і нацыя.
  75. Асьвечаныя беларушчынай.
  76. Вышла книга Беляцкого «Асьвечаныя беларушчынай»(недаступная спасылка). Политика. Хартия'97 (7 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2013. Праверана 7 лютага 2013.
  77. Сяргей Макарэвіч. Кнігу Бяляцкага забаранілі да ўвозу ў Беларусь (недаступная спасылка). Салідарнасць. Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2014. Праверана 23 снежня 2014.
  78. Іртутнае срэбра жыцьця.
  79. Вышла книга Алеся Беляцкого "Іртутнае срэбра жыцьця". БелаПАН (14 мая 2014). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2014. Праверана 15 мая 2014.
  80. Бой з сабой
  81. 20-Я Вясна.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адзін дзень палітвязьня 2009—2011. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода: Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2011, — 328 с. — ISBN 978-0-929849-42-3 — С. 240—249.
  • Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных / Складальнік, рэдактар А. І. Фядута. — Вільня: ЕГУ, 2013. — 992 с. — ISBN 978-9955-773-69-6 — C. 105—132.
  • Каліноўскі, В. Справа Бяляцкага. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода: Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2012. — 364 с. — ISBN 978-0-929849-49-2
  • Наша вясна. Праваабарончы цэнтр «Вясна». Гісторыя ў асобах. — Вільнюс: Gudas, 2012. — 216с. — С. 9-26.
  • Тамковіч, А. Лёсы. — СПб: Невский простор, 2010. — 472 с. ББК 84 УДК 823. — ISBN 978-594-7161-69-4. — С. 199—209.
  • Смяротнае пакаранне ў Беларусі. — Вільня: 2015. — 300 с. (прадмова А. Бяляцкага на С. 3-6).
  • Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. — Вільня, 2007. — 256 с. УДК 32 ББК 92.2 Х 97. — С.134-135.
  • Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988—2009. / пад. рэд. В. Булгакава, А. Дынько. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства; Вільня: Інстытут беларусістыкі; Мінск: палітычная сфера, 2011. — 576 с. — ISBN 83-60456-33-Х — С. 59-60, 97.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]