Анатомія ў Беларусі
На Беларусі станаўленне анатамічнай навукі звязана з арганізацыяй у 1921 годзе кафедры анатоміі на медыцынскім факультэце БДУ[1].
Даследаванні вяліся ў медыцынскіх ВНУ, Інстытутах фізіялогіі і заалогіі АН БССР, Віцебскім ветэрынарным інстытуце, Беларускім інстытуце фізічнай культуры[1].
Даследавана будова лабірынта ўнутранага вуха жывёл і чалавека і на гэтай аснове распрацаваны тэарэтычныя праблемы рэкапітуляцый і метады графічных і пластычных рэканструкцый (С. І. Лябёдкін). Выяўлены шэраг заканамернасцей фарміравання і будовы вегетатыўнай нервовай сістэмы, сістэм абходнай інервацыі і стварэння новых нервовых шляхоў і цэнтраў унутраных органаў (Д. М. Голуб, Дзяржаўная прэмія СССР 1973). Высветлена анатомія сімпатычнага ствала , нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў, чарапных, саматычных тулава, рук і ног (А. С. Леанцюк, А. П. Амвросьеў, П. І. Лабко і інш.). Вывучаліся эвалюцыйная анатомія рыб (М. Е. Макушок), заканамернасці эвалюцыі цэнтральнай нервовай сістэмы млекакормячых (М. П. Нікіценка). Даследаваны анатомія касцявога лабірынта вуха чалавека (З. І. Ібрагімава), кровазабеспячэння цэнтральнай нервовай і будовы вегетатыўнай нервовай сістэм у сельскагаспадарчай жывёлы (А. А. Акулінін). Рэнтгенаанатамічным спосабам вывучаны ўплыў фізічных практыкаванняў на будову, функцыю касцей і суставаў (А. Д. Геўліч). Праведзены антрапаметрычныя даследаванні ўплыву заняткаў рознымі відамі спорту на арганізм чалавека (В. П. Стрэльнікаў). Вывучана анатомія крывяноснай сістэмы галаўнога мозгу, міжарганных анастамозаў (А. М. Габузаў, М. І. Сімарот), ультраструктура вегетатыўных нервовых вузлоў, асабліва сінапсаў млекакормячых ва ўмовах іх дэцэнтралізацыі (І. А. Булыгін), фарміраванне і будова нервова-мышачных сувязей у працэсе рэгенерацыі мышачнай тканкі (Я. Я. Карытны)[1].
На кафедрах анатоміі медыцынскіх інстытутаў створаны анатамічныя музеі[1].
Зноскі
- ↑ а б в г Голуб Д. М., Новікаў І. І. Анатомія // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 92
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Голуб Д. М., Новікаў І. І. Анатомія // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 92
- Голуб Д. М., Лобко П. І. Морфология в БССР - состояние и перспективы развития. - Архив анатомии, гистологии и эмбриологии, 1972, т. 63, в. 10
- Беляцкий Д. П., Лобко П. И. Основные этапы становления школы белорусских морфологов. - У кн. Итоги и перспективы исследований по истории медицины. - Ташкент, 1980, т. 2.