Антэ Гатовіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антэ Гатовіна
Ante Gotovina
Дата нараджэння 12 кастрычніка 1955(1955-10-12) (68 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Прыналежнасць Францыя
Харватыя
Род войскаў сухапутныя войскі
Гады службы 19731979
19912000
Званне старэйшы капрал
генерал-лейтэнант
Камандаваў Інспектарат УС Харватыі
Бітвы/войны

2-е ўварванне ў Шабу

  • бітва пры Калвезі

Вайна за незалежнасць Харватыі

Баснійская вайна

  • аперацыя «Скачок 1»
  • аперацыя «Зіма '94»
  • аперацыя «Скачок 2»
  • аперацыя «Лета '95»
  • аперацыя «Містраль»
  • аперацыя «Паўднёвы кірунак»
Узнагароды і званні
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́нтэ Гато́віна (харв.: Ante Gotovina, нарадзіўся 12 кастрычніка 1955) — былы генерал харвацкай арміі, удзельнік вайны 19911995 гадоў у Харватыі. Абвінавачваецца Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі ў ваенных злачынствах, якія, па сцверджанні трыбуналу, былі здзейснены пад яго кіраўніцтвам пад час аперацыі «Шторм» у канцы харвацкай вайны. Хаваўся чатыры гады, але 8 снежня 2005 года быў схоплены на іспанскім востраве Тэнэрыфэ.

Пачатак біяграфіі[правіць | правіць зыходнік]

Гатовіна нарадзіўся на востраве Пашман у Адрыятычным моры, але яшчэ ў дзяцінстве пераехаў жыць у Пакаштанэ ля Задара, на Далмацкае ўзбярэжжа паўднёвай Харватыі. У 1973 годзе ўступіў у Французскі замежны легіён пад псеўданімам Іван Грабовач. Ён удзельнічаў у аперацыях Замежнага легіёна ў Джыбуці, Заіры і Кот-д’Івуары. Пасля пяці гадоў службы ён сышоў з легіёна, а ў 1979 годзе атрымаў французскае грамадзянства.

Вяртанне ў Харватыю[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 годзе Гатовіна вяртаецца на радзіму, у Харватыю. У наступным годзе Харватыя абвясціла незалежнасць, але адразу ж на яе тэрыторыі выбухнула паўстанне вялікай сербскай меншасці, якая ў асноўным была сканцэнтравана ў рэгіёне Краіна, што на мяжы з Босніяй і ва Усходняй Славоніі на мяжы з Сербіяй. Паўстанне падтрымлівалася Югаслаўскай нацыянальнай арміяй, якая фактычна кіравалася сербскім прэзідэнтам Слабаданам Мілошавічам і іншымі ваеннымі, звязанымі з парламентам Сербіі. Харваты былі кепска падрыхтаваныя і не мелі добрай зброі, таму ў наступныя паўгода страцілі амаль траціну сваёй тэрыторыі паўсталай Рэспубліцы Сербскай Краіны.

Гатовіна паступіў на службу ў Харвацкую нацыянальную ахову ў 1991 годзе. Ён быў добрым камандзірам, бо меў тое, чаго не было ў большасці харвацкіх ваенных — вопыт баявых дзеянняў. Калі ў 1992 годзе была створана харвацкая армія, Гатовіна атрымаў званне брыгаднага генерала, а ў 1994 годзе ён стаў генерал-маёрам. Ён кіраваў ваеннымі часткамі ў раёне горада Спліт паміж 1992 і 1996 гадамі, і ў гэты час ён прымаў удзел у супярэчлівай аперацыі «Шторм» у жніўні 1995 года.

У наступным годзе ён стаў галоўным інспектарам харвацкай арміі, але быў звольнены з актыўнай службы ў 2000 годзе, пасля таго, як харвацкая газета Nacional абвінаваціла яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Галоўны рэдактар газеты Іва Пуканіч таксама абвінаваціў армейскіх інспектараў у пастаўках зброі тэрарыстычным групоўкам, такім як ІРА і ЭТА. Абвінавачванні засталіся бяздоказнымі, таму Гатовіну не пераследавалі ўлады Харватыі.

Супярэчлівасць ваенных злачынстваў[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2001 года Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі выдаў пастанову харвацкаму ўраду аб тым, што шукае Антэ Гатовіну і Рахіма Адэмі ў сувязі з абвінавачваннямі ў ваенных злачынствах. Згодна з пастановай, Гатовіна нясе асабістую і камандную адказнасць за злачынствы супраць харвацкіх сербаў. Ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці і парушэнні законаў і прынцыпаў ваенных дзеянняў яго падраздзяленняў. Падчас аперацыі «Шторм» да 200 тысяч сербаў былі выгнаны з Краіны і найменш 150 сербаў былі забіты. Падраздзяленні Гатовіны абвінавачваюцца ў забойствах мірных сербскіх жыхароў, а таксама знішчэнні іх паселішчаў, што зрабіла немагчымым іх вяртанне ў Краіну.

Абвінавачванні былі імгненна прызнаныя супярэчлівымі — адразу чатыры харвацкія міністры сышлі ў адстаўку пасля таго, як харвацкі ўрад вырашыў супрацоўнічаць з Міжнародным трыбуналам. Гэтае рашэнне ўрада ўзняло хвалю незадаволенасці сярод грамадства. Да кампаніі супраць экстрадыцыі двух генералаў далучыліся вядомыя асобы Харватыі, напрыклад, тэнісіст Горан Іванішавіч. І хаця Адэмі вырашыў здацца Міжнароднаму трыбуналу, Гатовіна адмовіўся прызнаць яго легітымнасць і пусціўся ва ўцёкі.

Наступныя чатыры гады Гатовіна заставаўся на свабодзе, нягледзячы на ціск з боку ЗША і Еўрапейскага Саюза, якія патрабавалі яго выдачы. Пра яго месцазнаходжанне хадзілі самыя розныя чуткі. У верасні 2005 года BBC паведаміла, што ён знаходзіцца ў францысканскім манастыры недзе ў Харватыі ці на харвацкай тэрыторыі ў Босніі. Таксама хадзілі чуткі, што яму дапамагаюць людзі, прыбліжаныя да харвацкага ўрада і войска, і нават Рымская каталіцкая царква. У тым самым месяцы генеральны пракурор Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі Карла дэль Понтэ публічна абвінаваціла Ватыкан ва ўкрыванні Гатовіны, але гэтыя абвінавачванні царквой былі адкінуты.

Замежныя краіны прыкладалі высілкі, каб адсачыць Гатовіну, а Інтэрпол выдаў ордар на арышт Гатовіны. ЗША прапаноўвалі 2,8 мільёны долараў за захоп Гатовіны. Таксама спробамі высачыць генерала займалася і брытанская служба разведкі MI6, але яны праваліліся.

Вялікабрытанія, Нідэрланды і шэраг скандынаўскіх краін зрабілі злоў Гатовіны адной з умоў пачатку перамоў Харватыі аб уваходжанні ў Еўрапейскі Саюз. Такая пазіцыя была раскрытыкавана ўрадам Харватыі, які сцвярджаў, што не ведае пра месцазнаходжанне Гатовіны, і што ён напэўна знаходзіцца за межамі краіны, а ўрад робіць усё магчымае для яго арышту. Але ў сувязі з гэтым перамовы аб уваходжанні Харватыі ў склад Еўрасаюза, што былі запланаваны на 17 сакавіка 2005 года, былі перанесены. Аднак заяўка Харватыі была прынятая ў кастрычніку 2005, як адзін з пунктаў дагавора з Аўстрыяй, якая была супраць пачатку перамоў з Турцыяй і падтрымлівала Харватыю.

Унутры Харватыі грамадская думка адносна Гатовіны застаецца падзеленай. З аднаго боку, шмат харватаў лічаць Гатовіну героем вайны і адвяргаюць усе абвінавачванні ў злачынствах падчас харвацкай вайны за незалежнасць. З іншага боку, перспектывы Харватыі залежаць ад уступлення ў Еўрасаюз і важаць болей, чым лёс аднаго чалавека, і генерал Адэмі, які здаўся трыбуналу, ўзняў пытанне, чаму Гатовіна не скіраваўся яго прыкладам.

Арышт і экстрадыцыя[правіць | правіць зыходнік]

8 снежня 2005 года Гатовіна быў схоплены іспанскай паліцыяй на курорце Плая дэ ляс Амерыкас на Тэнэрыфэ на Канарскіх астравах. Ён падарожнічаў з падробленым пашпартам на прыдуманае імя Крысціян Хорват. У яго пашпарце былі штампы памежных службаў Аргенціны, Чылі, Расіі, Кітая, Чэхіі і Таіці. Ён быў неадкладна дастаўлены ў Мадрыд, дзе суд прыняў рашэнне пра яго выдачу Міжнароднаму трыбуналу па былой Югаславіі ў Гаазе. Іспанская паліцыя высочвала яго на працягу некалькіх дзён.

10 снежня 2005 года Гатовіна быў дастаўлены ў Гаагу.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]