Апулей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Апулей
Род дзейнасці пісьменнік, філосаф, раманіст, паэт, рыторык, урач
Дата нараджэння каля 125[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці каля 170[3]
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка невядома
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Апулей

Луцый Апуле́й (лац.: Lucius Apuleius; каля 125, Мадаўра, Афрыка, Рымская імперыя — каля 170) — старажытнарымскі пісьменнік, аратар.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Opera omnia, 1621

Апулей нарадзіўся ў горадзе Мадаўра на мяжы Гетуліі і Нумідыі ў сучасным Алжыры. Дата яго нараджэння вызначаецца аб’ектыўнымі звесткамі і на падставе яго творчасці. Агульнапрыняты гісторыкамі год 124/125 н.э. Апулей быў сынам заможнага высокага рангу чыноўніка і атрымаў добрую адукацыю. Вучыўся ён адразу ў родным горадзе, а пазней у Карфагене, дзе выявіў схільнасць да рыторыкі і філасофіі. Атрымаўшы пасля бацькавай смерці значны спадак і свабоду дзеяння, выехаў у Афіны. Там, далучыўшыся да школы платонікаў, працягваў вывучаць філасофію, а пасля таго шмат падарожнічаў, наведаў розныя далёкія правінцыі імперыі і ўрэшце прыбыў у Рым. У сталіцы дасканала авалодаў лацінскай мовай і пачаў выступаць у судзе ў якасці адваката. Жыццё ў вялікім горадзе вымагала значных сродкаў, калі запас іх вычарпаўся, а заробак аказаўся недастатковым, прыйшлося яму вярнуцца на радзіму ў Мадаўру. Тут пражыў некалькі гадоў, займаючы ў гарадской управе значныя пасады.

Схільнасць да падарожжаў не пакідала яго ўвесь час, і ён нарэшце выбраўся ў Александрыю, але ў дарозе цяжка захварэў і мусіў спыніцца ў невялікім горадзе Эе ў Трыпалі. Тут сустрэўся з мясцовым жыхаром, былым сваім калегам па вучобе ў Афінах, Панціянам і пры яго садзеянні ці мо спакусіўшыся спакойным бязбедным жыццём прыстаў у прымы да яго маці Пудэнтылі. Удаве было больш за сорак гадоў, і хцівыя сваякі (малодшы сын і брат нябожчыка мужа Пудэнтылі) абвінавацілі Апулея ў тым, што быццам ён, маладзейшы за жонку на гадоў 15, адурманіў яе чарамі, каб завалодаць маёмасцю. Абвінавачанне ў магіі пагражала смерцю. Тым не менш, Апулей паспяхова абараніўся ад зробленых яму на судзе закідаў і апісаў гэты працэс у сваім творы пад загалоўкам «Апалогія».

І ўсё ж пазней за ім замацавалася слава мага. Садзейнічала гэтаму, відаць, не столькі «Апалогія», колькі яго раман «Метамарфозы, ці Залаты асёл», дзе як у фабуле асноўнага зместу, так і ў дадатковых устаўленых навелах шмат містычна-магічных тэм.

Творчасць Апулея дайшла да нас не поўнасцю, але яго літаратурная спадчына сведчыць, што гэта быў чалавек высокаадукаваны, выдатны знаўца рыторыкі і мовы, здольны і дасціпны пісьменнік.[4]

У пазнейшы перыяд жыцця ён выбраў сабе сталым месцам жыхарства Карфаген, дзе карыстаўся павагай і славай прамоўцы і займаў пасаду вярхоўнага жраца.

Дата смерці Апулея невядомая. Яшчэ пры яго жыцці ў горадзе былі пастаўлены дзве яго статуі, аднак верагоднага вобраза Апулея няма. Захаваўся адзін медальён IV ці V стагоддзя з яго імем. Адлюстраваны ён там такім, як малюе яго абвінаваўчы акт, цытаваны ў «Апалогіі» — правільны, да нейкай ступені жаночы, твар, акружаны доўгімі густымі кучаравымі пасмамі.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Яго творы паведамляюць шмат цікавага пра побыт, умовы жыцця і норавы людзей.

Авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» больш вядомы пад загалоўкам «Залаты асёл» (эпітэт «залаты» даваўся звычайна творам, якія мелі вялікі поспех). Твор складаецца з 11 раздзелаў (кніг), напісаных ад першай асобы. Кампазіцыя яго вельмі складаная. У асноўную фабулу ўплецены 12 навел (у т.л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), большасць якіх носіць авантурна-крымінальны і эратычны характар. З’яўленне твора адносяць на гады 170—175 н.э. Герой рамана, месца дзеяння, легенды і павер’і грэчаскія, а мова яго лацінская. Рэалістычныя і сатырычныя малюнкі з жыцця рымскай правінцыі II ст. н.э. спалучаюцца тут з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — гэта адзін з першых псіхалагічных раманаў у еўрапейскай літаратуры.[4]

3 літаратурнай спадчыны пісьменніка захаваліся таксама «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі», зборнік урыўкаў з рытарычных прамоў «Фларыды», навукова-філасофскія трактаты і інш.

На беларускую мову «Метамарфозы» пераклаў Пятро Бітэль.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Метамарфозы, ці Залаты асёл / Пер., прадм. і камент. П. Бітэль. — Мн., 1991.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]