Беларуская літаратура першай паловы XX стагоддзя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская літаратура XX стагоддзя актыўна асвойвала прагрэсіўныя традыцыі славянскай і сусветнай літаратуры, і разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У сваёй творчасці беларускія пісьменнікі ўжывалі апісальнасць, бытавізм, прыземленасць. Усё большае месца ў творах займалі індывідуальна-філасофскія пачаткі, узвышэнне асобы, сваё развіццё атрымлівалі ідэі гуманізму, агульначалавечых каштоўнасцей.

У гады Першай сусветнай вайны апублікаваны творы, якія пазней сталі класічнымі. Гэта першы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Якуба Коласа, апавяданні і аповесці Максіма Гарэцкага, шматлікія вершы Янкі Купалы. Упершыню апублікавана камедыя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта».

З усіх літаратурных жанраў найболей багатыя традыцыі мела беларуская паэзія. Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Якуб Колас, Янка Купала, Цётка ў пачатку XX стагоддзя стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі беларускай літаратуры дасягнулі сусветнага мастацкага ўзроўню.

У пачатку XX стагоддзя галоўным літаратурным кірункам быў рэалізм. Аднак не здаваў пазіцыі і рамантызм, ім прасякнуты творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905 года, паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Янкі Купалы. У творчасці некаторых паэтаў рэалістычныя і рамантычныя тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай пра лепшую будучыню.

Новымі тэмамі, вобразамі, формамі ўзбагаціў беларускую лірыку Максім Багдановіч. У ліку асноўных заслуг паэта як стваральніка беларускай літаратуры і мовы Новага часу — узбагачэнне, напаўненне нацыянальнага мастацтва лепшымі ўзорамі сусветнай культуры, узнаўленне, прайграванне на нацыянальнай мове твораў антычных, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў, распрацоўка новых для беларускай літаратуры вершаваных формаў — санета, ронда, актавы і іншых.

У пачатку XX стагоддзя празаічныя жанры набылі шырэйшае за XIX стагоддзе гучанне, калі эпас падаваўся ў вершаванай форме. Пераважала малая проза, якая ў сілу жанравай спецыфікі магла хутчэй рэагаваць на праблемы сучаснага жыцця. Вялікая роля ў распаўсюджванні беларускай прозы сярод шырокіх чытацкіх мас належыць беларускім газетам «Наша доля» і «Наша ніва», якія публікавалі творы Уладзіслава Галубка, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа.

1930-я гады ў гісторыі беларускай літаратуры — перыяд складаны і трагічны, як і ў грамадскім жыцці беларускага народа. Шматлікія пісьменнікі былі рэпрэсаваны і расстраляны. Загінулі Сяргей Астрэйка, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Міхась Чарот. Рэпрэсаваны, але выжылі Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Дубоўка, Павел Пруднікаў, Язэп Пушча.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Заходняя Беларусь трапіла пад юрысдыкцыю Польскай дзяржавы. Ва ўмовах каланізацыі мясцовага насельніцтва, якую праводзілі польскія ўлады датычна беларускага этнасу, літаратура Заходняй Беларусі ператварылася ў самастойную з’яву культуры. У ідэйным і эстэтычным планах яна складае адмысловы раздзел беларускай літаратуры 1-й паловы XX ст.

У гады 2-й сусветнай вайны беларускія літаратары аказалася ў выключна драматычных абставінах, Беларусь была цалкам акупавана нацыстамі. Мясцовы чытач быў на фронце, пайшоў у партызаны, у падполле або проста жыў на акупаванай тэрыторыі. Шматлікія пісьменнікі таксама былі на фронце або ў партызанскіх атрадах. У Чырвонай Арміі служылі Пятрусь Броўка, Анатоль Вялюгін, Пятро Глебка, Кастусь Кірэенка, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка, Максім Танк. У партызанскай барацьбе і выпуску падпольнага друку ўдзельнічалі Янка Брыль, Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай. 26 празаікаў і паэтаў загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Прыкметнае месца ў літаратуры ваеннага часу займаюць вершы і паэмы, у якіх арганічна спалучаліся эпас, лірыка і драма. Найвышэйшае дасягненне гэтага жанру, адзначанае ў 1946 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР, была лірыка-эпічная паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». У творы паказана ўся глыбіня народнай драмы, патрыятызм і адданасць ваяроў.

Беларуская літаратура ваеннага часу была адным з важных складнікаў антыфашысцкай барацьбы, паказала гераічнасць і нязломны дух беларускага народа, адкрыла новыя рысы нацыянальнага характару. Падзеі нядаўняй вайны ўвасобіліся ў эпічных творах беларускіх літаратараў — «Незабыўныя дні» Міхася Лынькова (1948—1958), «Мінскі напрамак» Івана Мележа (1950—1952), «Расстаёмся ненадоўга» Аляксея Кулакоўскага (1953—1954).

З канца 1960-х гадоў у беларускай драматургіі пачаўся новы перыяд творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) Андрэя Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, спрыялі асэнсаванню ў грамадстве сур’ёзных праблем. Значныя сацыяльныя пытанні падымалі ў сваіх творах драматургі Кандрат Крапіва, Мікалай Матукоўскі, Іван Шамякін.

Змены, якія адбываліся ў грамадстве з сярэдзіны 1980-х гадоў, у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд Перабудовы і пачатак новага этапу адраджэння далі беларускім літаратарам багатую, разнастайную аснову. У гэты час часцей сталі з’яўляцца і пераклады сусветнай класікі на беларускую мову, што спрыяла далучэнню нацыянальнай літаратуры да сусветнага літаратурнага працэсу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мн., 1999—2003. — Т. 1: 1901—1920; — Т. 2: 1921—1941.
  • Беларуская літаратура. — Мн., 1971.
  • Гісторыя беларускай літаратуры 20 ст. (20-50-я гг.), выд. 2-е, дапрац., Мн., 2000.
  • Беларуская літаратура першай трэці 20 ст., Мн., 2006.