Галікарнас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема Галікарнаса ў антычны час. Лінія сцен адноўлена па захаваных руінах. Берагавая лінія ў антычны час магла быць іншай.

Галікарнас (грэч. Ἁλικαρνασσός, лац.: Halicarnassus) — у старажытнасці буйны прыморскі горад, гандлёвы і культурны цэнтр у Карыі, на паўднёвым захадзе Малой Азіі (сучасны Бодрум у Турцыі). Заснаваны грэчаскімі каланістамі з Арго Ліды (каля 1200 да н.э.). У 5 ст. да н.э. Галікарнас уваходзіў у 1-ы Афінскі марскі саюз. Росквіт Галікарнаса адносіцца да 1-й паловы 4 ст. да н.э. (праўленне Маўсола), калі горад стаў сталіцай Карыі. У 334 да н.э. Галікарнас быў заваяваны, і разбураны Аляксандрам Македонскім, але затым паступова адноўлены. У 129 да н.э. уключаны ў рымскую правінцыю Азія. Пад назвай Галікарнас вядомы да 15 ст. Галікарнас - радзіма гісторыкаў Герадота і Дыянісія Галікарнаскага.

У Галікарнасе знаходзіўся знакаміты Галікарнаскі маўзалей (грабніца Маўсола; сярэдзіна 4 ст. да н.э., архітэктары Піфей і Сатыр, скульптары Скопас, Брыяксіс, Цімафей, Леахар), які спалучаў у сабе рысы старажытнагрэчаскай і малаазіяцкай архітэктуры (разбураны ў 15 - 16 стст., вядомы пераважна па апісанні Плінія Старэйшага). Лічыўся адным з "сямі цудаў свету". Скульптура маўзалея (статуі Маўсола, яго жонкі Артэмісіі і асабліва рэльефы фрыза з выявай бітвы з амазонкамі - Брытанскі музей, Лондан) належыць да лепшых твораў грэчаскага мастацтва 4 ст. да н.э. На тэрыторыі Галікарнаса захаваліся рэшткі іншых антычных і візантыйскіх збудаванняў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]