Гардыян III

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марк Антоній Гардыян
лац.: Marcus Antonius Gordianus
Бюст імператара Гардыяна III.
Бюст імператара Гардыяна III.
Рымскі імператар
чэрвень 238 — 11 лютага 244
Сумесна з Бальбін,
Пупіен
Папярэднік Гардыян I і Гардыян II
Пераемнік Філіп Араб

Нараджэнне 20 студзеня 225
Смерць 11 лютага 244 (19 гадоў)
Бацька Юній Бальб (?)
Маці Мецыя Фаўсціна (?)
Жонка Фурыя Сабіна Транквіліна
Дзеці Furia[d]
Веравызнанне Старажытнарымская рэлігія
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марк Антоній Гардыян (лац.: Marcus Antonius Gordianus), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Гардыян III, — рымскі імператар у 238—244 гадах.

Гардыян III быў унукам Гардыяна I[1]. Пасля забойства імператара Максіміна Фракійца і нядоўгатэрміновага кіравання сенацкіх стаўленікаў Бальбіна і Пупіена прэтарыянская гвардыя абвясціла юнага Гардыяна імператарам. У 242—244 гадах ён вёў вайну на дунайскай мяжы, а потым абвясціў кампанію супраць дзяржавы Сасанідаў, падчас якой сканаў у Месапатаміі[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Будучы імператар Марк Антоній Гардыян нарадзіўся ў Рыме 20 студзеня 225 года[3]. Згодна іншай версіі, Гардыян III нарадзіўся ў 226 годзе[4]. Пытанне пра тое, хто быў яго бацькамі, застаецца вельмі спрэчным. Згодна «Гісторыі Аўгустаў  (руск.)», яго бацькамі былі дачка Гардыяна I Мецыя Фаўсціна і сенатар Юній Бальб[5]. Аднак у той жа час сам пісьменнік піша, што, магчыма, бацькам з'яўляецца Гардыян II, сын Гардыяна I.

Сучаснымі гісторыкамі прынята версія, што маці Гардыяна III была дачка Гардыяна I, а бацькам — рымскі сенатар, чыё імя невядомае (прыведзеныя вышэй імёны, узятыя з «Гісторыі Аўгустаў», лічацца выдуманымі)[3][2]. Псеўда-Аўрэлій Віктар, кажучы пра бацьку Гардыяна, ужывае ў адносінах да яго тэрмін «clarissimo», што ў перакладзе азначае «шляхетны»[6]. Па ўсёй бачнасці, бацька Гардыяна III сканаў яшчэ да пачатку афрыканскага паўстання ў 238 годзе, падчас якога яго сына абвясцілі імператарам[3].

Выгляд і асабістыя якасці[правіць | правіць зыходнік]

Адзінай крыніцай, што дае найболей поўнае апісанне асабістых якасцей і выгляды імператара Гардыяна III, з'яўляецца складанка імператарскіх біяграфій «Гісторыя Аўгустаў»:

«Гардыян быў жыццярадасным, прыгожым, абыходлівым маладым чалавекам — усім ён падабаўся, у жыцці быў прыемны, адрозніваўся адукаванасцю — словам, ён валодаў усімі дадзенымі, апроч узросту, каб быць імператарам <…> яго любілі, як нікога з гасудароў, і народ, і сенат, і ваяры[7]».

Бюст, што знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Рыме, малюе Гардыяна юнаком з даўгаватай галавой, вялікімі вачамі, поўнымі вуснамі і глыбокай ямачкай на падбародку[8].

Узыходжанне на прастол[правіць | правіць зыходнік]

Бюст Бальбіна.

У 235 годзе, пасля забойства імператара Аляксандра Севера ў Маганцыяку, сталіцы правінцыі Ніжняя Германія, Максімін Фракіец быў абвешчаны імператарам, нягледзячы на моцную апазіцыю з боку сената і варожасць насельніцтва. У 238 годзе, калі Максімін знаходзіўся ў Паноніі і праводзіў кампанію супраць прыдунайскіх народаў[3], у правінцыі Афрыка бліснула паўстанне мясцовага насельніцтва, незадаволенага падатковай палітыкай прынцэпса, у выніку якога імператарамі былі абвешчаны Гардыян I і Гардыян II (адпаведна дзядуля і дзядзька Гардыяна III), якія былі прызнаны сенатам, а юнаму Гардыяну былі абяцаны консульства і тытул цэзара[9], тым часам як Максімін і яго сын былі абвешчаны «ворагамі народа»[10]. Аднак у Рыме знаходзіўся дакладны прыхільнік Максіміна, прэфект прэторыя  (руск.) Віталіян, які мог супрацівіцца падзеям. Але тым не менш трынаццацігадовы ўнук Гардыяна I ніколі не стыкаўся з цяжкасцямі свайго становішча з-за паўстання дзеда, таму што Віталіян быў забіты агентамі, дасланымі ў Рым Гардыянам I у пачатку мяцяжу[3].

Бюст Пупіена.

Паўстанне ў Афрыцы неўзабаве было падаўлена III Аўгуставым легіёнам  (руск.) пад правадырствам нумідыйскага намесніка Капелана. Пасля таго як у Рыме пра гэта пазналі (па ўсёй бачнасці, бліжэй да канца красавіка 238 года), была сабрана група з дваццаці сенатараў-кансуляраў  (руск.), раней арганізаваных у камітэт па абароне Італіі ад Максіміна, і галасаваннем з іх ліку выбралі адразу двух новых імператараў — Пупіена і Бальбіна[3]. Новыя імператары павінны былі працягнуць кіраўніцтва паўстаннем супраць Максіміна. Аднак некаторыя сенатары, незадаволеныя дадзеным выбарам, адразу ж узбудзілі сваіх кліентаў  (руск.) і членаў іх сем'яў для таго, каб перашкодзіць публічнаму ўступу Пупіена і Бальбіна ў імператарскую пасаду. Апроч таго, Пуп ен не карыстаўся папулярнасцю ў бытнасць сваю гарадскім прэфектам Рыма, і многія простыя рымляне былі не супраць узяць удзел у выступах супраць яго ўзыходжання на прастол[3]. Незадаволеныя запатрабавалі, каб імператарская ўлада надалей прыналежала роду Гардыянаў. Потым нехта ўспомніў, што ў Гардыяна I застаўся ўнук. Каб супакоіць мяцежнікаў (а таксама атрымаць доступ да багацця Гардыянаў), на загад Бальбіна і Пупіена было адпраўлена некалькі чалавек за ўнукам Гардыяна I. Знойдучы хлопчыка дома, пасланцы паднялі яго на плечы і вынеслі да натоўпу, паказваючы, што гэта і ёсць унук Гардыяна I[11]. Хлопчыку далечы імя дзеда — Марк Антоній Гардыян, а сенат абвясціў яго цэзарам, правадыром моладзі, а таксама спадчыннікам двух імператараў-суправіцеляў[3][2].

Пасля гібелі Максіміна пры аблозе Аквілеі, магчыма, у пачатку чэрвеня 238 года, канфлікты паміж двума імператарамі, а таксама паміж імі і легіянерамі з простымі рымлянамі выйшлі на першы план[3]. У сярэдзіне лета салдаты прэтарыянскай гвардыі, незадаволеныя з'яўленнем у Пупіена асабістай варты, набранай з германцаў, напалі на імператарскі палац падчас цырымоніі закрыцця Капіталійскіх гульняў, схапілі і забілі сенацкіх імператараў, а юнага Гардыяна абвясцілі аднаасобным правіцелем[3][12].

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак кіравання (238—242 гады)[правіць | правіць зыходнік]

Сестэрцый з партрэтам Гардыяна III.

Пра пяцігадовае кіраванне імператара Гардыяна III вядомыя адносна нешматлікія дэталі. Яго ўнутраная і вонкавая палітыка сталі працягам палітыкі дынастыі Севераў[3]. Бяспека імперскіх меж працягвала заставацца найболей актуальнай праблемай[3]. Першы год кіравання Гардыяна III слаба асветлены ў крыніцах. Пупіен і Бальбін падпалі пад праклён памяці[3]. Цяжка высветліць, як паўплывала ўзыходжанне новага імператара на прастол на сенатарскае саслоўе (калі такі ўплыў зусім быў): ці быў хто-небудзь ссунуты са сваёй пасады ці наадварот падтрымаў новага прынцэпса[3]. Па ўсёй бачнасці, сем'і, што карысталіся аўтарытэтам пры Северах (а некаторыя яшчэ і пры Антанінах), працягнулі кантраляваць важныя ўрадавыя пасады ў адміністрацыі юнага імператара[3].

Спачатку ўрад Гардыяна III заставаўся пад кантролем сената. Аднак сенат змушаны быў распачынаць кожнае дзеянне з асцярожнасцю, бо яму даводзілася лічыцца з думкай салдат, якія лічылі Гардыяна сваім стаўленікам[2]. Ва ўсякім разе адміністрацыя малалетняга імператара рызыкнула расфармаваць III Аўгустаў легіён, які браў удзел у падаўленні паўстання яго дзеда і дзядзькі[13]. Памяць дзвюх першых Гардыянаў шанавалі з такой стараннасцю, што іх юны сваяк прыняў тытул «Пій» (лац.: Pius — «набожны»), які з тых часоў увесь час з'яўляўся на ўсіх адчаканеных у яго кіраванне манетах[2].

У 240 годзе ў Афрыцы зноў бліснула паўстанне, гэтым разам пад кіраўніцтвам праконсула Сабініяна  (руск.), які таксама быў абвешчаны імператарам. Паколькі роспуск III Аўгустава легіёна пазбавіў правінцыю Афрыка патрэбнай ваеннай абароны, на падаўленне мяцяжу Сабініяна давялося скіроўваць рымскія падраздзяленні намесніка Фальтонія Рэстытуціяна з суседняй Маўрэтаніі[14]. У адрозненне ад падзей 238 года бунт Сабініяна не знайшоў падтрымкі ў іншых частках Рымскай імперыі[3].

Вялікую пагрозу ўяўляла сітуацыя на дунайскай мяжы. Падчас кароткачасовага кіравання Бальбіна і Пупіена готы уварваліся ў правінцыю Ніжняя Мёзія і ўчынілі над рабаванню горад Істр  (англ.). У той жа час карпы  (руск.), племя дакійскага паходжання, пераправіліся праз Дунай некалькі заходней[2]. Намеснік Ніжняй Мкзіі Тулій Менафіл склаў з готамі мірнае пагадненне[15][16], прапанаваўшы ім штогадовую выплату даніны ў памен на захопленых імі ў палон рымскіх легіянераў, потым аднак, ледзь досыць узмацніўшы сваю армію, адмовіўся ад падобнага дагавора з карпамі[2]. У 239 годзе ў верхнемезійскім горадзе Вімінацыум  (руск.) былі выпушчаны манеты, на якіх былі адчаканены надпісы, што абвяшчалі новую эпоху ў гісторыі правінцыі — эпоху ўсебаковай рэарганізацыі ўсёй вобласці, улучаючы мадэрнізацыю пагранічнай абарончай лініі[2].

Антанініян з партрэтам Транквіліны.

У канцы 240 года ці ў пачатку 241 года палітычны рэжым зведаў важныя змены: Гардыян III прызначыў прэфектам прэтарыянскай гвардыі Гая Фурыя Сабіна Аквілу Цімесіфея  (руск.), які неўзабаве набыў вялікі ўплыў на маладога імператара[2][3]. Калегай Цімесіфея стал Гай Юлій Прыск  (руск.)[15]. Цімесіфей, які паходзіў з усходніх правінцый, зрабіў пышную кар'еру ў якасці намесніка ў розных правінцыях, пачынаючы ад Аравіі да Галіі і ад Азіі да Германіі. Здольнасці прэфекта хутка зрабілі яго цэнтральнай фігурай ва ўрадзе Гардыяна III, а яго аўтарытэт быў павялічаны за кошт шлюбу яго дачкі Фурыі Сабіны Транквіліны  (англ.) з юным прынцэпсам улетку 241 года[3]. Гэта падзея была адзначана выпускам у яе гонар манет з прысвячэннем «VENVS VICTRIX» — пераможнай багіні кахання[2]. На думку французскага гісторыка Крысціяна Сеціпані, у іх шлюбе нарадзілася дачка, імя якой, меркавана, было Фурыя[17].

Гардыян III досыць талерантна ставіўся да хрысціянам, не перашкаджаючы шыранню хрысціянства сярод насельніцтва. Па паведамленні Яўсевія Кесарыйскага  (руск.), эпоха кіравання Гардыяна III адзначана дзейнасцю Арыгена[18]. Апроч таго, юны прынцэпс быў прыхільнікам філосафа Плаціна[19]. Пры Гардыяне былі пашыраны жаўнерні для салдатаў Мізенскага флота  (руск.) ў Рыме[13].

Персідскі паход[правіць | правіць зыходнік]

Цяжкасці на Дунаі працягваліся, але вялікая небяспека навісла над усходнімі рымскімі межамі. Агрэсіўная экспансія адноўленай Персідскай імперыі пад кіраваннем цара з дынастыі Сасанідаў Ардашыра Папакана  (руск.) працягнулася пры яго сыне і наступніку Шапуры I  (руск.), які прыняў пры ўзыходжанні на трон задзірлівы тытул «Цара цароў іранскіх і неіранскіх»[2][3]. У цэнтры персідскай увагі было пашырэнне сваіх тэрыторый у Верхняй Месапатаміі (паўднёвы ўсход Турцыі, Паўночная Сірыя і Паўночны Ірак), большая частка якой знаходзілася пад прамым рымскім кантролем на працягу больш аднаго пакалення[3]. Па ўсёй бачнасці, у апошнія месяцы кіравання Максіміна Фракійца (238 год) Ардашыр захапіў Кары і Нісібіс  (руск.) (хоць па версіі візантыйскіх гісторыкаў дадзеная падзея адбылася ў 241 годзе, ужо пры Шапуры, пасля захопу Хатры)[3]. У 239 годзе быў узяты Дура-Еўропас  (руск.)[20]. У 240 годзе хворы Ардашыр, мусібыць, зрабіў свайго сына Шапура суправіцелем. Цягам гэтага года Хатра, дзе знаходзіўся ваенны рымскі гарнізон, была захоплена персідскай арміяй[3]. Паведамленне пра тое, што таксама пала Антыёхія, падаецца лжывым[3]. Аднак перыяд 240—241 гадоў адзначаны перапынкам кляпання манет на Антыяхійскім манетным двары, што можа ўскосна паказваць на часовы пераход горада пад кантроль персаў[21].

Цімесіфей пачаў арганізоўваць кампанію супраць персаў  (руск.) і ў 242 годзе разам з Гардыянам, які папярэдне адкрыў вароты храма Януса  (руск.), адправіўся з войскам на ўсход. Калі ў 241 годзе Тулій Менафіл быў зняты са сваёй пасады намесніка Ніжняй Мезіі, аднавіліся напады прымежных плямён, якія палічылі, што ўсе пагадненні, заключаныя з Менафілам, з'яўляюцца пасля яго адстаўкі несапраўднымі[21][20]. Прэфект прэторыя пабіў гэтага ворага, прымусіўшы адступіць за Дунай[20]. Вядома, што ў рымскую армію былі залучаны прадстаўнікі готаў[22].

Увесну 243 года рымляне былі гатовы пачаць паход. Армія пераправілася праз Еўфрат і адбіла Кары і Нісібіс (на думку гісторыка Дэвіда Потэра, гэта адбылося ў 242 годзе[23])[3]. Неўзабаве персы былі разгромлены пры Рэсаене  (руск.) (нягледзячы на гэта, на персідскім барэльефе Гардыян быў намаляваны зрынутым[2])[3]. Пагроза ад сірыйскай сталіцы Антыёхіі была адведзена. Апроч таго, Гардыян III аднавіў Эдэскае царства і ўзвёў на прастол сына Ману IX, Абгара X Фраата[24].

Цімесіфей меркаваў адправіцца ўглыб Месапатаміі на ўзяцце персідскай сталіцы Ктэсіфона  (руск.)[21], аднак раптам памёр ад хваробы (па паведамленні «Гісторыі Аўгустаў», прэфект быў ахвярай інтрыг Марка Юлія Філіпа[25])[3]. Калега Цімесіфея па прэфектуры Гай Юлій Прыск пераканаў імператара прызначыць яго брата Марка Юлія Філіпа на месца, якое вызвалілася. Кампанія супраць Сасанідаў працягнулася, а рымская армія прасоўвалася ўздоўж Еўфрата восенню 243 года і ў пачатку зімы 244 года[3].

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Бюст, што паказвае Гардыяна ў дзяцінстве.

Пра тое, якія далей адбыліся бітвы і з якім вынікам, персідскія і рымскія крыніцы паведамляюць розную інфармацыю. Згодна надпісу Шапура I «Res Gestae Divi Saporis»  (італ.) на «Каабе Зараастра»  (руск.) ў пачатку 244 года рымская і сасанідская арміі сустрэліся блізу горада Масіс (сучасная Эль-Фалуджа ў Іраку, у 64 кіламетрах да захаду ад Багдада). Персы здабылі перамогу, а Масіс быў пераназваны ў Пероз-Шапур («Пераможац Шапур»). Шапур адзначыў перамогу трохмоўным надпісам у Накшэ-Рустама  (руск.) (сучасны Іран), якая сцвярджае, што Гардыян III быў забіты падчас бітвы[3].

Рымскія крыніцы выкладаюць гэтыя падзеі па-іншаму. Аўрэлій Віктар  (руск.) піша, што малады імператар «загінуў у паходзе пасля выбітнага поспеху на вайне» з прычыны інтрыг Філіпа[26]. Зосім  (руск.) у прынцыпе згодзен з ім[27]. Юлій Капіталін апісвае існасць гэтых інтрыг падрабязней. Філіп наладзіў салдатаў супраць прынцэпса, сцвярджаючы, «што Гардыян занадта юны і не можа кіраваць імперыяй, што лепш кіраваць таму, хто ўмее кіраваць ваярамі і дзяржавай»[28]. Апроч таго, ён сумысля затрымаў пастаўкі правіянту арміі[29]. Ваяры запатрабавалі, каб Гардыян падзяліў уладу з Філіпам, прытым апошняму ўручаецца апякунства над ім. У выніку імператар прапанаваў прэфекту трон, а для сябе прасіў пакінуць тытул цэзара ці якую пасаду пад яго кіраўніцтвам[30]. На гэта Філіп амаль пагадзіўся, але з-за боязяў, што салдаты пазней падтрымаюць Гардыяна з прычыны яго паходжання і любові народа і сената, загадаў забіць яго[31]. Сенату адправілі вестуноў дакласці, што Гардыян памёр сваёй смерцю. Магчыма, датай смерці Гардыяна з'яўляецца 25 лютага 244 года[2]. Майкл Пічын вызначыў наступныя часовыя рамкі гэтай падзеі: канец студзеня — пачатак лютага[32]. Ёна Лендерынг таксама заве люты[13]. Непадалёк ад Цырцэсіі на беразе Еўфрата быў збудаваны кенатаф у памяць імператара з усхваляльным надпісам, але рэшткі памерлага імператара былі адпраўлены ў Рым[33]. Пасля смерці Гардыяна Філіп склаў з персамі мір, не гэтак зневажальны, як яго ўяўляюць рымскія крыніцы[34].

Кіраванне Гардыяна III паказвае, што малалетнія кіраўнікі, як і сучасныя канстытуцыйныя манархі, маюць перавагу: яны не бяруць удзел у прыняцці палітычных рашэнняў, і менавіта гэта дазваляе ім быць знакам адзінства для ўсяго грамадства[3]. Гардыян III уступіў на прастол у эпоху, калі Рымская дзяржава знаходзілася ў бядотным становішчы. Аднак неўзабаве ён і яго адміністрацыя пачалі выпраўляць сітуацыю. Знойдзеныя ў Афрадысіядзе рукапісы даюць уяўленне пра мэты яго правінцыйнай палітыкі. У 238 годзе быў выдадзены дэкрэт, які загадвае намеснікам рабіць усё магчымае для выканання законнасці[35]. Былі дараваны ранейшыя злачынствы, калі для рашэння грамадзянскіх праблем ужывалася сіла, але тым не менш прымаліся меры, каб надалей спыніць ігнараванне законаў дзяржаўнымі ўрадоўцамі[35]. Манускрыпты з фракійскага горада Скаптапара расказваюць пра тое, што яго жыхары пасылалі скаргі на ўціскі з боку салдат праз свайго земляка, які служыў у прэтарыянскай гвардыі, спадзеючыся тым самым звярнуць асаблівую ўвагу на свае петыцыі. Аднак ім было паказана на патрэбу адпраўляць прашэнні па афіцыйных каналах. Аднак звычайна такі шлях апынаўся бескарысным па прычыне вялікай колькасці розных скаргаў у той час, як абмежаванні і вымагальніцтвы былі асабліва пашыраны[35]. Гардыян пасля смерці быў абагаўлёны[36].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Гордиан // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м Грант 1998.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа Meckler 2001.
  4. Lendering, Jona.. Gordian III (англ.)(недаступная спасылка) (23 красавіка 2002). Архівавана з першакрыніцы 22 лістапада 2014. Праверана 1 верасня 2013.
  5. Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XXII. 4.
  6. Псевдо-Аврелий Виктор. Извлечения о жизни и нравах римских императоров. XXVII. 1.
  7. Юлий Капитолин. „История Августов“. Трое Гордианов. XXXI. 4—5.
  8. Бритова 1975, с. 78.
  9. Юлий Капитолин. «История Августов». Двое Максиминов. XVI. 7.
  10. Юлий Капитолин. «История Августов». Двое Максиминов. XV. 2.
  11. Геродиан. История императорской власти после Марка. VII. 10. 8.
  12. Геродиан. История императорской власти после Марка. VIII. 8.
  13. а б в Lendering 2002.
  14. Potter 2004, p. 229.
  15. а б Bowman 2004, pp. 33–34.
  16. Southern 2001, pp. 68–69.
  17. Christian Settipani. Continuité gentilice et continuité sénatoriale dans les familles sénatoriales romaines à l'époque impériale. 2002. p. 10.
  18. Евсевий Кесарийский. Церковная история. VI. 29—34.
  19. Гордиан III. Православная энциклопедия.
  20. а б в Bowman 2004, p. 35.
  21. а б в Southern 2001, p. 70.
  22. Southern 2001, p. 306.
  23. David S. Potter. Prophecy and History in the Crisis of the Roman Empire. — Oxford: Oxford University Press, 1990. — 192—193 p.
  24. Абрамзон, М. Г. Осроена в римской восточной политике в I в. до н. э. — III в. н. э.(руск.) // Проблемы истории, филологии, культуры. — Магнитогорск — Новосибирск: 2006. — № XV. — С. 116.
  25. Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XXVIII. 5—6.
  26. Аврелий Виктор. О цезарях. XXVII. 8.
  27. Зосим. Новая история. I. 19. 1.
  28. Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XXIX. 3—4.
  29. Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XXIX. 2.
  30. Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XXX. 5—7.
  31. Юлий Капитолин. «История Августов». Трое Гордианов. XXX. 8.
  32. Peachin, Michael. Roman Imperial Titulature and Chronology, A.D. 235—284. — Amsterdam: Gieben, 1990. — 29—30 p.
  33. Potter 2004, p. 238.
  34. Southern 2001, p. 71.
  35. а б в Southern 2001, p. 69.
  36. Евтропий. Бревиарий от основания Города. IX. 2. 3.

Крыніцы і літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Аврелий Виктор. Гордиан — Младший. // О цезарях.
  2. Юлий Капитолин. История Августов // Трое Гордианов. — М.: Наука, 1992.
  3. Геродиан. История императорской власти после Марка // Книга VII.
  4. Евтропий. Бревиарий от основания Города.
  5. Зосим. Новая История // Книга I.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. Бритова Н. Н., Лосева Н. М., Сидорова Н. А. Римский скульптурный портрет. — М.: Искусство, 1975.
  2. Грант, М. Римские императоры. Гордиан III. — 1998.
  3. Southern, Pat. The Roman Empire from Severus to Constantine. — London, New York: Routledge, 2001.
  4. Potter, David Stone. The Roman Empire at Bay, AD 180-395. — Routledge, 2004.
  5. Meckler, Michael.. Gordian III (238—244 A.D.) (англ.)(недаступная спасылка). An Online Encyclopedia of Roman Emperors. 2001. Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2007.
  6. Bowman, Alan K. The Cambridge Ancient History: The Crisis of Empire, A.D. 193-337. — 2004.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]