Геласій I

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геласій I
лац.: Gelasius PP. I
49-ы Папа Рымскі
2 сакавіка 492 — 19 лістапада 496
Папярэднік Фелікс III
Пераемнік Анастасій II[d]

Дзейнасць каталіцкі святар, пісьменнік, каталіцкі біскуп
Нараджэнне каля 410
Смерць 21 лістапада 496 ці 22 лістапада 496[1]
Пахаванне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геласій I (лац.: Gelasius PP. I; ? — 19 лістапада 496) — Папа Рымскі з 1 сакавіка 492 года па 19 лістапада 496 года.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Геласій, як ён сам пісаў у лісце да імператара Анастасію I, быў Romanus Natus — «народжаны рымлянін». Тым не менш, Liber Pontificalis паведамляе, што ён быў natione Afer (афрыканец) і таму меў «каляровую скуру» (смуглую). Afer, аднак, азначала ураджэнцаў правінцыі Афрыка, а не Афрыкі як такой. Папа Геласій быў родам з Кабіліі (Алжыр), населенай берберамі, чыя скура не была смуглай.

Перад сваім абраннем Папам Рымскім Геласій быў блізкім саветнікам папы Фелікса III, у прыватнасці, удзельнічаў у падрыхтоўцы дакументаў Царквы. Таму яго абранне 1 сакавіка 492 года было праявай пераемнасці.

Вядомы тым, што зацвердзіў канчатковую рэдакцыю збору Новага Запавету у 493 годзе.

Акакіянская схізма і прымат Святога Пасаду[правіць | правіць зыходнік]

Пасля свайго абрання на папскі пасад Геласій адразу ж паказаў сілу свайго характару ў спрэчцы з паслядоўнікамі Патрыярха Канстанцінопальскага Акакія. Нягледзячы на ўсе намаганні новага патрыярха Еўфімія і пагрозы імператара Анастасія I, якія спрабавалі атрымаць незалежнасць ад Апостальскага Пасаду, Геласій адмаўляўся надаваць нават найменшыя прывілеі і ўсходняй царкве. Раскол быў звязаны з падтрымкай Анастасіем I монафізітаў[2], чыё вучэнне папа ўспрымаў як ерась.

У кнізе De duabus in Christo naturis («Аб дваістай прыродзе Хрыста») Геласій захоплена крытыкаваў монафізіцтва. Акрамя таго, ён паспрабаваў вярнуць сабе кантроль над Александрыйскім і Антыяхійскім патрыярхатамі, але час яго пантыфікату апынуўся занадта кароткім для дасягнення гэтай мэты. Раскол паміж Рымам і Канстанцінопалем працягваўся да пантыфікату папы Гармізды (514—523).

Пытанне падзелу ўладаў[правіць | правіць зыходнік]

Папа Геласій на дзвярах базілікі Святых Гервасія і Пратасія ў Рапала.

Геласій прытрымліваўся рымскай традыцыі, па якой улада царквы была auctoritas — заканадаўчай, а ўлада імператара — potestas — выканаўчай. У рымскім праве auctoritas пераўзыходзіць potestas. Аднак у тагачасных рэаліях Геласій прызнаваў палітычнае вяршэнства караля-арыяніна Тэадорыха. У Пасланні да Анастасія ён згадваў, што ў свеце ёсць дзве ўлады: свецкая і духоўная. У рэлігійных пытаннях кіраўнікі павінны слухацца біскупаў, а ў свецкіх справах біскупы павінны падпарадкоўвацца кіраўнікам[2]. Тэорыя Геласія была адроджана ў радыкальна новай форме папам Грыгорыем VII, які не толькі адмаўляў падзел царквы і дзяржавы, але і абвяшчаў панаванне царквы над свецкай уладай.

Падаўленне паганскіх абрадаў і ерасяў[правіць | правіць зыходнік]

Геласій актыўна змагаўся з ерасямі і перажыткамі паганства. У барацьбе з святкаваннем рымлянамі луперкалій папе ўдалося пераканаць Рымскі Сенат спыніць святкаванне гэтага свята. Замест яго царква прапанавала святкаваць 2 лютага Стрэчанне.

Каб выкрыць маніхеяў, чые перакананні набіралі папулярнасць у Рыме, Геласій звярнуўся да хітрасці: ён абвясціў, што з гэтага часу варта прычашчацца «ў двух формах» — віном і хлебам. Паколькі маніхеі лічылі віно грахоўным, яны адмаўляліся ад прычасця і лёгка вызначаліся сярод вернікаў. Пазней, калі з маніхеямі ў Рыме было скончана, папа дазволіў вярнуцца да ранейшага абраду прычашчэння толькі хлебам.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Смерць Геласія 19 лістапада 496 года завяршыла яго кароткае, але дынамічнае праўленне. У дадатак да яго непрымірымасці ў барацьбе супраць імператараў і ерэтыкоў, ён быў вядомы дабрынёй і літасцю да бедных. Згодна Liber Pontificalis, Геласій выратаваў Рым ад голаду. Гістарычных доказаў гэтаму няма. Верагодна, у перыяд голаду папа раздаваў бедным хлеб з царкоўных камор. Ён таксама сур’ёзна паўплываў на развіццё палітыкі царквы, літургіі і царкоўнай дысцыпліны.

Геласій быў пахаваны ў прытворы сабора Святога Пятра.

Работы[правіць | правіць зыходнік]

Геласій быў пладавітым пісьменнікам, узорам лацінскага стылю ранняга Сярэднявечча. Яго пяру належыць не менш за шэсць трактатаў, у прыватнасці, De anathematis vinculo. У сваіх пасланнях Геласій пісаў і аб таінстве прычашчэння:

У адным з пасланняў ён раіць прычашчаць дзяцей, у другім жа заяўляе, што ў сакрамэнце еўхарыстыі застаецца «субстанцыя і прырода хлеба і віна», а самі святыя дары называе «выявам і падабенствам цела і крыві Хрыста».

Кавальскі Я. Папы і папства. Перыяд ІІІ. У арбіце ранневізантыйскай імперыі.

На падставе гэтых выказванняў пратэстанцкія тэолагі пазней будуць адмаўляць ператварэнне хлеба і віна ў кроў і цела Хрыста[2].

Знакамітае багаслоўскае сачыненне VI стагоддзя Decretum Gelasianum не належыць пяру Геласію, а толькі прыпісана яму.

Зноскі

  1. BeWeB Праверана 14 лютага 2021.
  2. а б в Ковальский Я. Период III. В орбите ранневизантийской империи // Папы и папство.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]