Геліопаль (Старажытны Егіпет)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Геліопаль
Краіна
Каардынаты
Вышыня цэнтра
22 м
Часавы пояс
Геліопаль на карце Егіпта
Геліопаль (Старажытны Егіпет) (Егіпет)
Геліопаль (Старажытны Егіпет)
Геліопаль (Старажытны Егіпет) (Егіпет)
Геліопаль (Старажытны Егіпет)
Іўну
у іерогліфах
iwnnw
O49

Геліопаль[1], Геліопаліс, Іліопаль (грэч. Ἡλίουπόλις, егіп. Іўну, бібл. Он) — адзін з найстаражытнейшых і найважнейшых гарадоў у Старажытным Егіпце, размешчаны на паўночны ўсход ад сучаснага Каіра. Цэнтр 13-га ніжнеегіпецкага нома Хека-анджу. У Геліопалі знаходзіўся галоўны цэнтр пакланення вярхоўнаму богу сонца (першапачаткова Атуму, затым Атуму-Ра) і цыклу звязаных з ім божастваў — «Вялікай Дзявяткі Іўну». Грэкі атаясамлялі Атума і Ра з Геліясам, ад чаго і пайшла грэчаская назва горада — Ἡλίουπόλις («горад сонца»). Старажытнаегіпецкая назва, транскрыбаваная ỉwnw, часцей за ўсё перадаецца як Іўну ці Он (Ὂν у элінізаваным варыянце і אן ці און у яўрэйскім тэксце Бібліі).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Папірусападобная калона

Паводле Дыядора, горад быў заснаваны А́ктыем, сынам Геліяса, вымушаным уцякаць з вострава Родас пасля забойства брата. Горад ён назваў у гонар бацькі[2].

Геліопаль вядомы з дадынастычнага перыяду. У перыяд Ранняга і Старажытнага царства нароўні з Абідасам і Мемфісам належаў да колькасці найбольш забудаваных гарадоў. Першапачаткова Геліопаль быў асноўным цэнтрам пакланення Атуму, які лічыцца першым агульнаегіпецкім сонечным бажаством. Аднак ужо ў пачатку Старажытнага царства Атум быў выцеснены падобным геліопальскім богам Ра і атаяснёны з ім у вобразе Ра-Атума (акрамя Ра і Атума, у Геліопалі таксама быў распаўсюджаны культ быка Мневіса). Прыход да ўлады V дынастыі егіпецкіх кіраўнікоў зацвердзіў геліопальскае жрэцтва ў якасці найбольш уплывовай палітычнай групоўкі пры фараоне.

Нягледзячы на ўзвышэнне культу Амона ў выніку палітычнага дамінавання Фіваў, Ра захоўваў сваё значэнне і аўтарытэт як старажытны вярхоўны бог. Геліопальскае жрэцтва адаптоўвалася да новых палітычных умоў, развіўшы ўяўленні пра сінкрэтычных божастваў Ра-Харахтэ (Ра + Хор) і Амона-Ра (Ра + Амон). Тым не менш, тэалагічная перавага геліопальскай касмагоніі, з якой супастаўляліся іншыя міфалагічныя схемы, не перашкодзіла фіванскім жрацам стаць галоўнай апорай агрэсіўнай знешняй палітыкі фараонаў XVIII дынастыі Новага царства. Апошняя спроба аднавіць былую палітычную магутнасць Геліопаля была прадпрынята ў пачатку кіравання Эхнатона, які планаваў праводзіць радыкальныя пераўтварэнні, выкарыстоўваючы незадаволенасць жрацоў Ра-Харахтэ ўмацаваннем пазіцый жрэцтва Амона-Ра. У той час у Геліопалі быў узведзены храм Ведж-Атон, прысвечаны сонечнаму дыску Атону.

Геліопаль быў добра вядомы старажытным грэкам і рымлянам. У 332 да н.э. у горадзе на кароткі час спыняўся Аляксандр Македонскі; храмы Геліопаля, вядомыя сваімі поспехамі ў астраноміі і філасофіі, неаднаразова наведваліся Салонам, Піфагорам, Платонам і іншымі выдатнымі мыслярамі антычнасці. Манефон, які, відаць, быў вярхоўным жрацом Геліопаля, у пачатку III стагоддзя да н.э. на аснове храмавых архіваў падрыхтаваў «Егіптыку», якая лічылася ў антычным свеце асноўнай крыніцай па гісторыі Старажытнага Егіпта. Аднак к I стагоддзю да н.э. цікавасць Пталамеяў да геліопальскіх старажытнасцей згасла, і Страбон пабачыў храмы горада закінутымі. Пасля ўсталявання рымскага валадарства па загадзе імператара Аўгуста ў 19-м годзе н.э. з Геліопаля былі вывезены «Іголкі Клеапатры» — пары абеліскаў, якія былі пастаўлены перад храмам Ра Тутмосам III і былы аднымі з найвышэйшых у Егіпце. Многія храмы і іншыя буйныя пабудовы старажытнага Геліопаля выкарыстоўваліся як будаўнічы матэрыял для ўзвядзення Фустата, які пазней перарос у Каір.

Згадкі ў Бібліі[правіць | правіць зыходнік]

Геліопаль быў цэнтрам правінцыі Гесем. Быў адным з трох гарадоў са складамі харчу, у час сямігадовага голаду пры Іосіфе. Іосіф, які стаў візірам і суправіцелем фараона ў Старажытным Егіпце, меў цесцем жраца Геліопаля[3][4].

Септуагінта расказвае, што Геліопаль разам з гарадамі Піфом і Раамсес, будавалі па загадзе фараона рабы-яўрэі, што і справакавала Выхад яўрэяў са Старажытнага Егіпта.

У часы біблейскіх прарокаў, Ісая згадваў Геліопаліс як адзін з 5 егіпецкіх гарадоў, якія меў стасункі з яўрэямі. Але ён зрабіў лінгвістычную памылку ў слове «горад сонца» (’ir hašemeš), запісаўшы яго як ’ir haheres — «горад разбурэння»[5]. Гэта гульня слоў пазней замацавалася ў Ераміі і Езекіля.[6] Яўрэйскае слова Beth-shemesh, якое азначае «храм» (Beth) «сонца» (shemesh) выкарыстоўваў Ерамія. Ён праракаў лёс гораду, заяўляючы што цар Вавілона Навухаданосар знішчыць абеліскі (слупы, статуі) у Геліопалісе (Бефсамісе, «доме бога сонца») і спаліць храмы егіпецкіх багоў[7]. Езекіль, сучаснік Ераміі, падмацаваў гэта паведамленне, заявіўшы што «маладыя людзі Она […] падуць ад мяча, а астатнія пойдуць у палон»[8]. Езекіль таксама гуляў словамі выкарыстоўваючы тапонім «Он» — біблейскую назву Геліопаліса ў часы Іосіфа; У іншых перакладах Бібліі фігуруе ў гэтым радку не тапонім «Он», а слова іўрыту «Aven»[9], якое азначае «вар'яцтва, несправядлівасць» і значыць месца называюць «храмам жорсткіх вар'ятаў».

Сучасны Геліопаль[правіць | правіць зыходнік]

Абеліск Сенусерта I

Цяпер Геліопалем таксама называюць сучасны прыгарад Каіра Міср аль-Джыдзіда (араб. مصر الجديدة‎‎, «Новы Егіпет»), размешчаны каля старажытнага горада. Сам старажытны Геліопаль знаходзіўся на тэрыторыі сучасных ускраінных каірскіх раёнаў Аль-Матарыя і Айн Шамс (араб. عين شمس‎‎). У Матарыі захаваўся абеліск Сенусерта I, вакол якога створаны невялікі музей пад адкрытым небам (каля плошчы эль-Масала).

Зноскі

  1. Напісанне паводле Беларускай энцыклапедыі, т. 6, с. 370, 371; гл. таксама Беларускую энцыклапедыю, т. 5, с. 140.
  2. Дыядор Сіцылійскі. Гістарычная бібліятэка V 57
  3. Быццё. 41:45, 50
  4. Іосіф Флавій. The Antiquities of the Jews, Book II, 6.1.91
  5. Freedman, Myers, & Beck. Eerdmans Dictionary of the Bible, (ISBN 0-80-282400-5, ISBN 978-0-80-282400-4), «City of the Sun», p. 261
  6. Іс. 19:18
  7. Ер. 43:13
  8. Ез. 30:17
  9. Езекіль 30:17 (пераклад American Standard Version) (англ.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]