Дзмітрый Віталевіч Лаеўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзмітрый Віталевіч Лаеўскі
Род дзейнасці адвакат
Альма-матар

Дзмітрый Віталевіч Лаеўскі — беларускі адвакат. Абараняў інтарэсы кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і ягонага былога адваката Максіма Знака.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў у 2008 годзе юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «правазнаўства», а праз год атрымаў ступень магістра па спецыяльнасці «юрыспрудэнцыя». У 2013 годзе скончыў аспірантуру Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь[1].

З 2007 года пачаў сваю працоўную дзейнасць юрыстам у юрыдычнай фірме. У 2008 годзе прайшоў стажыроўку ў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (МГКА), пасля чаго ў 2009 годзе здаў кваліфікацыйны экзамен, быў прыняты ў МГКА ў якасці адваката і пачаў самастойную адвакацкую практыку — спачатку ў юрыдычнай кансультацыі, а з кастрычніка 2010 года — у адвакацкім бюро. З верасня 2012 па снежань 2015 года займаўся аказаннем юрыдычных паслуг суб’ектам гаспадарання на падставе пасведчання аб атэстацыі юрыста. 15 студзеня 2016 года, пасля атрымання ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, прыняты ў МГКА і практыкаваў у якасці адваката ў адным з адвакацкіх бюро. З верасня 2016 па лістапад 2017 ажыццяўляў адвакацкую дзейнасць індывідуальна[1].

Са снежня 2017 года кіравальны партнёр адвакацкага бюро «Лаеўскі, Юльскі і партнёры». Спецыялізацуецца на судовай практыцы па пытаннях прыцягнення да розных відаў юрыдычнай адказнасці кіраўнікоў і заснавальнікаў арганізацый, спрэчках з удзелам суб’ектаў гаспадарання, прававым рэгуляванні атрымання і выкарыстання знешняй фінансавай дапамогі[1].

У час палітычнага крызісу ў Беларусі абараняў інтарэсы кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі у справе менеджараў Белгазпрамбанка і ягонага былога адваката Максіма Знака. У судовых спрэчках папрасіў апраўдаць людзей, чыя вымушаная згода з абвінавачваннем выкарыстоўвалася для незаконнага крымінальнага праследу Віктара Бабарыкі, што было расцэнена МГКА як «выказванні ў дачыненні да абвінавачвання іншых асоб, якія супярэчаць іх пазіцыі і пазіцыі іх абаронцаў» і «ацэнка пазіцыі і працы іншых адвакатаў у прысутнасці іх кліентаў». Дысцыплінарнай камісіяй МГКА выключаны з калегіі адвакатаў[2].

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У ліку чатырох беларускіх юрыстаў уганараваны прэміяй «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцей Еўропы[3].

Зноскі

  1. а б в Лаевский Дмитрий(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 ліпеня 2021. Праверана 10 ліпеня 2021.
  2. Дмитрия Лаевского исключили из коллегии адвокатов
  3. spring96.org