Канстанцін Горскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцін Горскі
польск.: Konstanty Antoni Gorski
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 13 чэрвеня 1859(1859-06-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 31 мая 1924(1924-05-31) (64 гады)
Месца смерці
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Педагог Леапольд Сямёнавіч Аўэр
Прафесіі дырыжор, кампазітар, музычны педагог, настаўнік, музыкант, скрыпач
Інструменты скрыпка
Жанры опера
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канстанцін Антоні Горскі (польск.: Konstanty Antoni Gorski; 13 чэрвеня 1859, Ліда — 31 мая 1924, Познань) — польскі кампазітар, скрыпач-віртуоз, педагог, дырыжор, грамадскі дзеяч, аўтар рамансаў, двух опер і многіх інструментальных твораў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Агульную адукацыю К. Горскі атрымаў у Віленскай філалагічнай гімназіі. Пасля гімназіі ён паступіў У Варшаўскі музычны інстытут, дзе вучыўся ў выдатнага польскага скрыпача Апалінарыя Концкага. Пасля заканчэння вучобы ў Концкага К. Горскі паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю ў клас знакамітага прафесара Леапольда Аўэра. Паралельна вучыўся ў класе кампазіцыі прафесара М. Рымскага-Корсакава. У 1881 годзе скрыпач закончыў кансерваторыю са срэбным медалём і атрымаў дыплом на званне вольнага мастака.

Наступныя пяць гадоў К. Горскі працаваў у Саратаве і Пензе выкладчыкам па класе скрыпкі ў мясцовых аддзяленнях Рускага Музычнага Таварыства. У 1885 годзе па запрашэнні М. Іпалітава-Іванава працаваў канцэртмайстрам аркестра опернага тэатра ў Тыфлісе. У Тыфлісе ж адбылося знаёмства Горскага з П. І. Чайкоўскім, якое перарасло ў сяброўства. У 1890 годзе К. Горскі прыняў запрашэнне з Харкава заняць пасаду выкладчыка па класе скрыпкі.

У Харкаве К. Горскі развіў актыўную дзейнасць: стварыў Польскі і касцельны хор, якія рэгулярна выступалі з канцэртамі, а ў пачатку 1890-х гадоў яшчэ і смычковы квартэт, у якім выконваў партыю першай скрыпкі.

Першая сусветная вайна і расійскія рэвалюцыйныя падзеі «адмянілі» канцэрты, спынілі заняткі з вучнямі… Пры такіх абставінах у 1919 годзе К. Горскі вярнуўся ў Варшаву, дзе спачатку імкнуўся атрымаць пасаду выкладчыка ў кансерваторыі, але безвынікова. Бліскучы канцэртуючы скрыпач, каб не памерці з голаду, ён быў вымушаны зарабляць на жыццё ігрой паміж сеансамі ў варшаўскіх кінатэатрах «Калізей» і «Вадэвіль».

Толькі ў 1922 годзе К. Горскі дамогся працы, дастойнай свайго музыканцкага ўзроўню — атрымаў месца канцэртмайстра аркестра Вялікага тэатра ў Познані. Там адбылася прэм’ера яго оперы «Маргер» (13. 01. 1927), аднак адбылася яна ўжо пасля смерці выдатнага скрыпача і кампазітара, — ён памёр 31 мая 1924 года.

Кампазітарская спадчына Канстанціна Горскага багатая і разнастайная. Ён аўтар шматлікіх скрыпічных мініяцюр (паланезаў, мазурак, канцэртных п’ес), 36-ці эцюдаў для скрыпкі, кадэнцыі да Скрыпічнага канцэрта Л. ван Бетховена, дзвюх мес (Es-dur, a-moll) для салістаў, хору і аркестра, Арганнай фантазіі, сімфанічных паэм «На Алімпе» і «Чарадзейны круг».

К. Горскі аўтар дзвюх опер: «За хлебам» (паводле навэлы Г. Сенкевіча) і «Маргер» на лібрэта В. В. Вальгера (паводле паэмы У. Сыракомлі). Сюжэт апошняй пабудаваны на падставе падзей змагання Вялікага княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам.

Вялікую ўвагу аддаваў кампазітар камерна-вакальнаму жанру. Усяго К. Горскім напісана болей за 100 рамансаў. У 1914-м годзе выйшаў з друку зборнік «12 песень на словы М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, З. Дэмбіцкага і іншых» («12 pieśni do słów M.Konopnickiej, Wł. Syrokomli, Zd. Dębickiego i in. na m-sopran lub tenor z towarzyszeniem fortepianu»).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Р. М. Аладава, Константин Горский и его опера «Маргер» в контексте белорусской культуры, Минск 2005.
  • Т. Бахмет, Т. Гончаренко, Польские нотные издания XIX — нач. XX ст. из фонда редких изданий Харьковской городской специализированной музыкально — театральной библиотеки им. К. С. Станиславского, [w:] Charków i Polska: ludzie i zdarzenia, Charków 2006, s. 165—176.
  • Andrzej Chylewski, Przywracanie należnej pamięci. Konstanty Antoni Gorski (1859—1924), [w:] «IKS — Poznański Informator Kulturalny, Sportowy i Turystyczny», maj 2009, s. 54.
  • Konstanty Gorski, Utwory odnalezione, Zebrał i wstępem opatrzył Grzegorz Seroczyński, Charków 2010, ss. 248.
  • Konstanty Gorski (1859—1924). Międzynarodowa Konferencja Naukowa poświęcona 150. rocznicy urodzin Konstantego Gorskiego, Almanach Polski t. IV, Charków 2009, ss. 248.
  • Józef Kański, Wydobyte z mroku, [w:] «Ruch Muzyczny» nr 20 (rok LIV), 3 października 2010 r.
  • Grzegorz Seroczyński, Konstanty Antoni Gorski — artysta zapomniany Архівавана 27 лютага 2012., [w:] «Gazeta Festiwalowa» nr 1 (34), Białystok 2009.
  • Jerzy Szurbak, K.A. Gorski — «Zriaszcze mia biezgłasna…» Архівавана 30 снежня 2009., [w:] «Gazeta Festiwalowa» nr 1 (34), Białystok 2009.
  • Татяна Веркина, К 150-летию Константина Горского Архівавана 7 студзеня 2018., [w:] «Акценти» червень 2009, s. 1-2.
  • Edward Wrocki, Konstanty Gorski. Życie i działalność 1859—1924, Warszawa 1924.
  • Z polskiej muzyki organowej XIX/XX w., red. Feliks Rączkowski i Jerzy Gołos, Polskie Wydawnictwo Muzyczne, Warszawa 1981.
  • Michał Żur, Irena Kozeniaszewa, Okres charkowski w życiu Konstantyna Gorskiego, [w:] Diaspora polska w Charkowie. Historia i współczesność, Charków 2004, s. 130—134.
  • Michał Żur, Irena Kozeniaszewa, Zapomniany kompozytor. Charkowski okres w życiu Konstantego Gorskiego, [w:] Znad Wilii, nr 3 (35), Wilno 2008, s. 115—117.