Перайсці да зместу

Кашэвіцкае падняцце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кашэвіцкае падняцце (ад назвы вёскі Кашэвічы ў Петрыкаўскім раёне) — тэктанічная структура ў Акцябрскім і Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі, у межах цэнтральнай часткі Чырвонаслабодскай зоны падняццяў Прыпяцкага прагіну. Выяўлена ў 1966 годзе сейсмаразведкай па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы, а ў 1974 годзе плошчавымі сейсмічнымі працамі па міжсалявых задонска-ялецкіх адкладах верхняга дэвону.

Па міжсалявых адкладах Кашэвіцкае падняцце — антыкліналь субшыротнага распасцірання, якая прымыкае на поўдні да Чырвонаслабодскага разлому. На заходняй перыкліналі міжсалявыя адклады адсутнічаюць. Памеры 9×2,5 км. Амплітуда 100 м. Вугал падзення крылаў 10—12º. Па падсалявых адкладах Кашэвіцкаму падняццю адпавядае ўсходняя перыклінальная частка Чырвонаслабодскага падняцця. Па паверхні верхняй солі Кашэвіцкае падняцце — дыяпіроідная брахіантыкліналь паўночна-ўсходняга распасцірання памерам 4,5×2 км, амплітудай 50 м, ссунутая адносна міжсалявога падняцця на 2,5 км на поўдзень. Фарміраванне падняцця пачалося ў канцы задонска-ялецкага часу (позні дэвон). У лебядзянскі (позні дэвон) і каменнавугальны час рост Кашэвіцкага падняцця працягваўся, затухаць пачаў з пермі.