Людміла Генрыхаўна Бржазоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Л. Бржазоўская)
Людміла Генрыхаўна Бржазоўская
Дата нараджэння 4 чэрвеня 1946(1946-06-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 6 снежня 2023(2023-12-06) (77 гадоў)
Грамадзянства Сцяг СССР СССРСцяг Беларусі Беларусь
Адукацыя
Прафесія балерына, музычны педагог
Тэатр
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Народны артыст Беларускай ССР

Людміла Генрыхаўна Бржазоўская (нар. 4 чэрвеня 1946[1], Мінск, Беларуская ССР6 снежня 2023, Мінск[2]) — беларуская савецкая артыстка балета, балетны педагог, педагог-рэпетытар Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Народная артыстка Беларускай ССР (1975)[1][3][4].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў Мінску ў сям'і беларускага мастака-жывапісца Генрыха Бржазоўскага, які стварыў больш за 2 тысячы палотнаў. Сям'я Людмілы Бржазоўскай жыла на вуліцы Старажоўскай (дзе ў двары была бацькава майстэрня) недалёка ад Тэатра оперы і балета. У харэаграфічнае вучылішча яе адвяла мама (лейтэнант, урач-стаматолаг у паліклініцы МУС). Дзядуля Людмілы Бржазоўскай, выхадзец са збяднелай польскай шляхты, быў чырванадрэўшчыкам і афармляў у Мінску Чырвоны касцёл[5].

У 1966 годзе закончыла Беларускае харэаграфічнае вучылішча[1] (клас народнай артысткі Беларусі Ірыны Савельевай) і была прынята ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі[1]. У 1966—1989 гадах вядучая танцоўшчыца тэатра.

Першай яе сур'ёзнай працай на сцэне тэатра стала партыя Сольвейг у балеце «Пер Гюнт» (1967 год). Падчас працы ў спектаклях «Рамэа і Джульета» (1970) і «Трыстан і Ізольда» (1971) узнік творчы дуэт Людмілы Бржазоўскай з Юрыем Траянам[4].

У 1970 годзе Людміла Бржазоўская стажыравалася ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава ў Наталлі Дудзінскай. У 1975 годзе (у 29 гадоў) атрымала званне народнай артысткі Беларускай ССР[3],[6].

У 1987 скончыла навучанне на факультэце харэаграфіі Мінскага інстытута культуры. З 1989 года выкладала ў Беларускім харэаграфічным вучылішчы, з 1994 года — на кафедры харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі. З 2001 года працавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Адначасова з 1997 года — педагог-рэпетытар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі[3]. Сярод яе выхаванак балерыны Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Марына Вежнавец і Марына Парамонава[7].

Захапляецца выяўленчым мастацтвам — піша пейзажы, букеты кветак. Таксама малюе на тэму балета, алоўкам. Акрамя сваіх работ, работ бацькі і сястры, у яе доме — карціны прызнаных мастакоў, напрыклад два партрэта Людмілы Генрыхаўны, якія выканаў Барыс Забораў[5]. У Нацыянальным мастацкім музеі ёсць парадны партрэт балерыны Бржазоўскай пэндзля Аляксандра Шастакова[8].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Выканальніцкае мастацтва Бржазоўскай вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, спалучала ўменне выявіць унутраную сутнасць вобраза з сучасным пластычным малюнкам танца і завершанасцю ліній[1].

Першая выканала галоўныя партыі ў балетах, пастаўленых Валянцінам Елізар'евым і Атарам Дадзішкіліяні: Нэле («Тыль Уленшпігель» — 2-я рэдакцыя), Ева («Стварэнне свету»), Кармэн («Кармэн-сюіта»), Фрыгія («Спартак»), Маша («Шчаўкунок»), Каханая («Карміна Бурана»), Дзяўчына («Пасля балю»), Джульета («Рамэа і Джульета»), Нэле («Тыль Уленшпігель» — 1-я рэдакцыя)[1].

Яркая індывідуальнасць артысткі выявілася з балетах класічнага рэпертуару, у якіх створаныя ёю вобразы атрымалі новае гучанне: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера»), Аўрора («Спячая прыгажуня»), Жызель («Жызель»), Сільфіда («Сільфіда»), Ізольда («Трыстан і Ізольда»), Раймонда («Раймонда», Марыя («Бахчысарайскі фантан»), Паміраючы лебедзь («Паміраючы лебедзь», на музыку «Адажыета» Г. Малера[1].

У нацыянальных балетах выканала партыі Наталькі («Курган» Яўгена Глебава), Маці («Крылы памяці» Уладзіміра Кандрусевіча).

Здымалася ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў «Лебядзінае возера» і «Жызэль» (Бухарэсцкая студыя тэлебачання), «Шчаўкунок», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта». Ёй быў прысвечаны творчы тэлевечар «Танцуе Людміла Бржазоўская» (на Беларускім тэлебачанні).

Яе таленту апладзіравалі больш чым у 30 краінах[5]. Балерына выступала ў Італіі, Венгрыі, Фінляндыі, Індыі, Манголіі, Іарданіі, Кувейце, Румыніі, Сінгапуры, Польшчы, Турцыі і іншых краінах[4][7].

Фільмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Міф» — меладрама Аяны Шахмаліевай, 1986. У гэтай карціне, створанай па матывах аповесці Кірыла Ласкары «Дваццаць трэці піруэт», Людміла Бржазоўская сыграла таленавітую балерыну. У фільме таксама сыграў Марыс Ліепа[5].

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Увасабленне Бржазоўскай вобраза Кармэн часам параўноўвалі з выкананнем Маі Плісецкай. Часта — на карысць Бржазоўскай[9].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Бржозовская Людмила Генриховна // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 81. — 737 с.
  2. Умерла балерина Людмила Бржозовска. Zerkalo.io (6 снежня 2023). Праверана 1 снежня 2023.
  3. а б в Бржозовская Людмила Генриховна. Советские актеры театра. kino-teatr.ru (1 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2012. Праверана 1 мая 2012.
  4. а б в Людмила Бржозовская(недаступная спасылка). Балетмейстеры-репетиторы. НАБТ оперы и балета Республики Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2012. Праверана 5 студзеня 2012.
  5. а б в г А. Казакова Живопись в антракте // Вечерний Минск : газета. — Минск: 2012-04-05. — В. 12465. — № 14. — С. 16. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  6. Марина Коктыш Людмила Кудрявцева: «На эстраде сегодня гораздо легче получить звание...» // «Народная воля» : газета. — Минск: 2007-07-20. — № 115-116.(недаступная спасылка)
  7. а б «Сотворение мира» покажет к юбилею Людмилы Бржозовской белорусский Театр оперы и балета(недаступная спасылка) (28 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2012. Праверана 5 студзеня 2012.
  8. Е. Молочко. Маленькая княгиня белорусского балета. СБ (6 кастрычніка 2001). Праверана 19 красавіка 2012.(недаступная спасылка)
  9. Юбилей известной белорусской балерины. Культура. АНТ (4 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2012. Праверана 19 красавіка 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мушынская Т. М. Гармония дуэта. — Мн., 1987.
  • Мушынская Т. М. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. — Мн., 1993. — С. 24-32.
  • Чурко Ю. М. Бржазоўская Людміла Генрыхаўна// Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мн., 2002. — С. 161—162.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]