Наро́дны Альбо́м — беларускі супольны музычны праект, скампанаваны і выдадзены ў 1997 годзе. На фестывалі «Рок-каранацыя-97» прызнаны альбомам году, праходзіў у намінацыі «Найлепшыя тэксты году». 18 снежня 2007 году на юбілейным канцэрце быў пачаты продаж live-выдання складанкі з запісам ад 11 красавіка 2004 году. Паводле словаў Лявона Вольскага, падчас запісу Народнага Альбому з'явіліся ідэі запісаць асобны альбом патрыятычных песень «Я нарадзіўся тут», а таксама ідэя гурту «Крамбамбуля»[1].
Супольны музычны праект, які з'явіўся на свет дзякуючы Міхаілу Анемпадыставу, якому належыць ідэя альбома і амаль усе тэксты. Удзел у праекце бралі папулярныя беларускія рок-музыкі сярэдзіны 90-х: N.R.M., ULIS, Новае Неба і іншыя.
На некаторых перавыданнях песня «Надзенька» замененая на іншую.
Ёсць меркаванне, што песня «Казік» напісаная на матыў песні «Twist and Shout», вядомай у выкананні гурту The Beatles. Але больш верагодна, што вытокам была песня «La Bamba», вядомая ў выкананні Ritchie Valens а таксама гурту Los Lobos, кавер-версіяй якой, дарэчы, i з'яўляецца «Twist and Shout».
«Lomir zich iberbetn» (бел. давайце памірымся)— народная яўрэйская песня.
Песня «ЛаЛаЛаЛа» да выхаду «Народнага альбому» ўвайшла ў аднайменны першы альбом N.R.M..
У песні «Два польскіх шпіёны» спяваецца пра Болека ды Лёлека, прататыпам якіх сталі персанажы мультфільма 1960-х гадоў.
Каймар Ягер ды Клаўс Зэмдэта служылі ў войску разам з Міхаілам Анемпадыставым.
Запіс альбому быў зроблены на студыі Радыё 101,2 у лістападзе 1996 — снежні 1997. Удзел у рэалізацыі праекту браў фонд «Наша Ніва». Альбом быў выдадзены фірмай «Ковчег» у 1997 годзе.
Лявон Вольскі разам з Міхаілам Анемпадыставым напісалі ў 1999 годзе аднайменную п’есу, грунтуючыся на персанажах, якія сустракаюцца ў альбоме (апублікаваная ў 2000 годзе па-польску[2] і ў 2002 годзе па-беларуску). У 2001 годзе п’есу паставіў Уладзімір Колас з ліцэістамі Беларускага гуманітарнага ліцэя, а ў 2008 годзе адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Дзённік „Народнага альбома“»[3]
11 красавіка 2004, 18 снежня 2007 ды 2-3 снежня 2008 году прайшлі канцэрты «Народны альбом»[4]. Гурт N.R.M. нярэдка выконваў на сваіх канцэртах шэраг песень з «Народнага альбому», у тым ліку песню «Надзенька». Гэта можа падказваць, што пад інкогніта хаваўся Лявон Вольскі. Паводле іншых звестак, яе выканаўцам на альбоме быў выкладчык з кафедры славістыкі філфаку БДУ Мікалай Трус[5]. На песню «Надзенька» таксама зняты відэакліп.
Песня «Край ты мой, край» увайшла ў «Незвычайны канцэрт» рэж. Юрыя Хашчавацкага.
4 верасня 2016 года ў межах фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне» на сцэне Падляскай оперы ў Беластоку адбылася прэмʼера спектаклю «Народны альбом. 20 год».[6] Запіс канцэрта быў паказаны тэлеканалам БелСат у навагоднюю ноч з 31 снежня 2016 на 1 студзеня 2017.