Народны фронт (Францыя)
Народны фронт (фр.: Front populaire) — кааліцыя левых палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якая знаходзілася ва ўладзе ў Францыі з 1936 па 1937 год. Французскі народны фронт выйграў парламенцкія выбары ў 1936 годзе і сфарміраваў першы ўрад, які ўзначаліў прадстаўнік SFIO Леон Блюм. Стварэнню Народнага фронту садзейнічала новая стратэгія Камінтэрна аб народным фронце.
Асноўнымі рухамі, якія ўваходзілі ў склад народнага фронту, з'яўляліся Французская камуністычная партыя, Французская секцыя Рабочага інтэрнацыяналу, Рэспубліканская партыя радыкалаў і радыкал-сацыялістаў і сіндыкалістычны прафсаюз Усеагульная канфедэрацыя працы.
Пасля прыходу да ўлады народнага фронту, у Францыі пачаўся рэзкі рост забастовак. Рабочыя займалі фабрыкі і заводы і дабіваліся выканання іх эканамічных патрабаванняў (павышэнне заработнай платы, заключэнне калектыўных дагавораў, скарачэнне працоўнага дня і інш.). На працягу лета 1936 года былі прыняты меры па рэалізацыі гэтых патрабаванняў на практыцы. Па выніках перагавораў паміж Усеагульнай канфедэрацыяй працы і Усеагульнай канфедэрацыяй прадпрымальнікаў падпісаны Маціньёнскія пагадненні, якія павысілі заработную плату і абавязалі прадпрымальнікаў паважаць правы прафсаюзаў, выконваць калектыўныя дагаворы. У чэрвені 1936 года прыняты законы па скарачэнні працоўнага тыдня (з 48 да 40 гадзін без памяншэння заработнай платы), увядзенню абавязковых (у выпадку патрабавання прафсаюза) калектыўных дагавораў на прадпрыемствах, а таксама аплатных 2-тыднёвых водпускаў. Былі павялічаны пенсіі франтавікам, адменены надзвычайныя дэкрэты 1935 года, якія памяншалі жалаванне дзяржаўных служачых. Для беспрацоўных арганізавалі грамадскія працы.
Аднак тым жа летам 1936 года ў Народным фронце з'явіліся ўнутраныя супярэчнасці паміж радыкаламі і сацыялістамі з аднаго боку і камуністамі з другога на фоне Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Камуністы патрабавалі ўрад Леона Блюма падтрымаць рэспубліканцаў у канфлікце і забараніць у Францыі ўсе ўльтраправыя палітычныя лігі. У лютым 1937 года ўрад Народнага фронта абвясціў аб прыпыненні рэформаў, на чым фактычна і скончыў сваё існаванне.