Нацыянальная бібліятэка Іспаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальная бібліятэка Іспаніі

Нацыянальная бібліятэка Іспаніі (ісп.: Biblioteca Nacional de España) — галоўная публічная бібліятэка, найбуйнейшая ў Іспаніі. Знаходзіцца ў Мадрыдзе на бульвары Пасеа-дэ-Рэкалетас. Першапачаткова бібліятэка была створана з двума мэтамі — для распаўсюджвання ведаў і для размяшчэння ў сабе прыватных калекцый.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Іспанская нацыянальная бібліятэка была заснавана у 1712 годзе каралём Філіпам V як Каралеўская бібліятэка, аднак афіцыйны ўказ з’явіўся толькі 2 студзеня 1716 года. Бібліятэка была закліканая забяспечыць публічны доступ да ведаў і аб’яднаць некаторыя бібліятэкі іспанскіх арыстакратаў. Усе друкарні былі абавязаныя перадаваць адзін асобнік кожнай публікацыі ў Каралеўскую бібліятэку.

У 1761 годзе старэйшы бібліятэкар Хуан дэ Сантандэр па даручэнні караля Карла III перапісаў статут бібліятэкі. У той жа час пры бібліятэцы была заснавана каралеўская друкарня, якая таксама была падпарадкавана загадчыку бібліятэкі.

У 1836 годзе бібліятэка была перайменавана ў нацыянальную. З гэтага часу яна падпарадкоўвалася не каралю, а ўраду. У той жа час Нацыянальнай бібліятэцы былі перададзеныя кнігі, канфіскаваныя ў кляштарах. У 1896 годзе быў завершаны новы будынак бібліятэкі на бульвары Рэкалетас, дзе размясціліся музей і архіў.

У 1936—1939 гадах, падчас Грамадзянскай вайны фонды бібліятэкі выраслі на 500 000 адзінак за кошт мноства канфіскаваных тамоў. З 1986 года ў складзе бібліятэкі з’яўляюцца спецыяльныя аддзелы: архіў газет, Іспанскі бібліяграфічны інстытут і Архіўны цэнтр дакументальных фільмаў.

З 1991 года, з мэтай пашырэння бібліятэкі быў заснаваны філіял у Алькале-дэ-Энарэсе.