Нікан Мікуліч
Нікан Мікуліч | |
---|---|
Род дзейнасці | ваенны |
Дата нараджэння | 8 студзеня 1922 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 лютага 2013 (91 год) |
Месца смерці | |
Бацька | Канстанцін Іванавіч Мікуліч |
Маці | Таццяна Мікуліч |
Нікан Канстанцінавіч Мікуліч (8 студзеня 1922 года, в. Круплі, цяпер Іеўскі раён, Гродзенская вобласць — 7 лютага 2013 года, Мінск) — беларускі ваенны дзеяч, жаўнер паветрана-дэсантнага адмысловага батальёна «Дальвіц».
Біяграфічны нарыс
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў в. Круплі, цяпер Іеўскі раён, Гродзенская вобласць. Вучыўся ў Бакштах, спачатку ў польскай школе, а пасля — ў савецкай (у 1939—1941 гадах). Беларускай адукацыі не меў.
Падчас нямецкай акупацыі жыў з сям’ёй у Круплях. Ягоных братоў, якія служылі ў беларускай дапаможнай паліцыі, расстралялі савецкія партызаны. Вясной 1944 года брат Нікана Уладзімір Мікуліч, які служыў у Лідзе ў 13-ы Беларускім паліцыйным батальёне, дапамог сям'і пераехаць у Вільню — баяліся карных акцыяў савецкіх партызанаў.
Дальвіц
[правіць | правіць зыходнік]Улетку 1944 года Нікан Мікуліч трапіў у беларускі спецыяльны батальён «Дальвіц» пры Абверы ва Усходняй Прусіі. Мікуліч патрапіў у групу Родзькі, якая выехала з Вільні ў Вількавішкі, а адтуль — у Дальвіц. Нікан Мікуліч быў у спецбатальёне камандасаў ад самага пачатку яго існавання і да канца вайны.
У Польшчы
[правіць | правіць зыходнік]У маі 1945 года, пасля роспуску батальёна, Мікуліч спрабаваў перайсці ў амерыканскую акупацыйную зону, але выпадкова сустрэў украінскага вайскоўца, які яго папярэдзіў, што амерыканцы выдаюць усіх савецкаму боку. Тады ён на ровары паехаў у Польшчу.
Жыў у горадзе Любаж (каля дарогі Пазнань — Быдгашч). У 1946 годзе вучыўся ў Народным універсітэце, дзн атрымаў пасведчанне аб заканчэнні 7 класаў. Адвучыўся адзін год у кааператыўнай гімназіі ў Інаўроцлаве, пасля чаго там жа працаваў рахункаводам. Прозвішча не мяняў, хаця яго шукалі савецкія спецслужбы. Іншы службовец батальёну Дальвіц, Юрый Сянькоўскі, які ўцякаў з Польшчы на Захад, пакінуў яму некалькі адрасоў беларусаў, каб той скарыстаўся іх дапамогай у разе патрэбы, бо тыя «добра ўладкаваліся». Нікан Мікуліч напісаў лісты да дваіх чалавек. Адзін працаваў «сакратаром раёна», а другі — адміністратарам маёнтка. Як пазней адзначаў Мікуліч, менавіта па лісце яго і знайшлі савецкія службы.
Арышт
[правіць | правіць зыходнік]У ліпені 1948 года Нікана Мікуліча затрымала група аператыўнікаў, якая складалася з палякаў і рускіх. Ён быў асуджаны на 25 гадоў зняволення і 5 гадоў «паражэння ў правах».
Спачатку Мікуліча трымалі ў Польшчы, у Лігніцы, дзе ў савецкіх спецслужбаў быў аператыўны пункт. У лютым 1949 года яго прывезлі на месяц у Брэст, пасля былі Арол, Масква, Волагда і Варкута, дзе адразу адправілі ў шахту, на якой ён потым працаваў 7 гадоў.
Далейшы лёс
[правіць | правіць зыходнік]Вызваліўся ў 1956 годзе, але застаўся працаваць на шахце, У тым жа годзе наведаў родныя Круплі. Ажаніўся.
У 1972 годзе выйшаў на пенсію. Разам з жонкай пераехаў ва Украіну, дзе яны пражылі 18 гадоў у Днепрапятроўскай вобласці.
У пачатку 1990-х гадоў Нікан Мікуліч вярнуўся ў Беларусь, у свае родныя мясціны. Пасля смерці жонкі Нікан Мікуліч жыў у дачкі ў Мінску. Быў у добрым настроі, чытаў, спяваў беларускія песні. На ягоным стале ляжала «Новая зямля» Якуба Коласа і гістарычны часопіс «Беларускі Рэзыстанс», якому ён даў інтэрв’ю 27 студзеня 2013 года.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Бацька — Канстанцін Іванавіч Мікуліч — у Першую сусветную вайну ваяваў у складзе рускай арміі, быў вайсковым фельчарам, а ў міжваенны час працаваў на сваёй гаспадарцы. Падчас вайны атруціўся газам, таму быў слабы на лёгкія і пражыў усяго 63 гады. Памёр у красавіку 1944 года, пахаваны ў Іўі. Маці — Таццяна Мікуліч (да шлюбу Вееўнік) з Капашчава, пражыла амаль 100 гадоў. Сям’я была вялікая — восем дзяцей.
Нікан Мікуліч характарызаваў свайго брата Уладзіміра Мікуліча як «заўзятага беларуса». Падчас вайны ён, падафіцэр польскага войска, удзельнічаў у беларускім вайсковым руху, служыў у 13-м беларускім батальёне, а ў паваенны час жыў пад іншым прозвішчам у Польшчы. Савецкія спецслужбы яго так і не знайшлі. Найбольш на братоў Мікулічаў паўплываў іх дзядзька, брат маці, Цімафей Вееўнік, які падчас акупацыі быў бурмістрам Любчы. Ён загінуў пасля вайны ў савецкай турме.