Пафлагонія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пафлагонія на карце 1903 г.

Пафлагонія (стар.-грэч.: Παφλαγονία) — старажытная гістарычная вобласць на поўначы Малой Азіі.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Гамер у апісанні энетаў, першасных насельнікаў Пафлагоніі, кажа, што яны — «племя народаў, якія жывуць у Кіторы, Сесамі, каля ракі Парфенія, Кромны, Эгіяла, гары Эрыфін»[1]. Страбон вызначаў усходнюю мяжу Пафлагоніі ракою Галіс, адкуль пачыналася Кападокія. На поўдні мяжа праходзіла з Фрыгіяй, на захадзе — з Віфініяй. На поўначы Пафлагонія межавала з Чорным морам[2]. Такім чынам, гэта вобласць займала частку тэрыторыі сучасных паўднёвага Прычарнамор’я і горнай Анатоліі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, назва Пафлагоніі паходзіць ад імя Пафлагона, унука Лікаона. Гамер у «Іліядзе» ўзгадвае, што элінскаму насельніцтву Пафлагоніі папярэднічалі энеты, якія на чале са сваім мужным правадыром Пілеменам падтрымалі траянцаў у вайне з ахейцамі.

У VII ст. да н. э. Пафлагонія была каланізавана элінамі-іанійцамі. Найбольш багатай калоніяй лічыўся горад Сіноп. Герадот узгадваў пафлаганійцаў як саюзнікаў або падданых персаў ў вайне з Грэцыяй[3]. Але пасля грэка-персідскіх войн Пафлагонія фактычна стала незалежнай. У III ст. да н. э. гэта вобласць была ўключана ў склад Пантыйскай дзяржавы, а ў I ст. н. э. у склад Рымскай імперыі.

У еўрапейскіх геаграфічных сачыненнях назва Пафлагоніі традыцыйна выкарыстоўвалася да пачатку XX ст.

Зноскі

  1. Гамер, Іліяда, 2:852.
  2. Страбон. Кніга 12, III:9.
  3. Герадот, Палігімнія:72.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]