Рагачоўскі гаон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рагачоўскі гаон
Дата нараджэння 1858
Месца нараджэння
Дата смерці 5 сакавіка 1936(1936-03-05)[1]
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці рабін
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ёсеф Розін, больш вядомы як Рагачоўскі гаон (Rogatchover Gaon, «Рагачоўскі геній»; 1858, Рагачоў — 5 сакавіка 1936, Вена) — рабін, адзін з найзначнейшых у свой час знаўцаў Талмуда.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1858 годзе ў Рагачове.

Бліскучыя здольнасці праявіў яшчэ ў раннім дзяцінстве. Да 10 гадоў перасягнуў ведамі ўсіх настаўнікаў у акрузе і самастойна вывучаў раздзел Талмуда «Нязікін» з каментарамі. Па дасягненні ўзросту бар-міцвы бацька паслаў яго вучыцца ў Слуцк, дзе яго настаўнікам быў рабін Ёзэф Доў Салавейчык з Валожына. Затым Розін навучаўся ў Шклове ў хасідскага настаўніка Іехуды Лейба з Копысі, прадстаўніка сям’і Шнеерсон, і далучыўся да руху Хабад. У 1881 годзе пасля вяселля пасяліўся ў Варшаве, дзе вывучаў Тору і свецкія навукі. У 1889 годзе абраны духоўным равінам хасідскай абшчыны Дзвінска. Праславіўся шырокім і глыбокім веданнем Вавілонскага і Іерусалімскага Талмуда, старажытнай і сярэднявечнай равіністычнай літаратуры. У даследаванні Пяцікніжжа і Талмуда, у тлумачэннях ужываў нярэдка рацыянальны і гістарычны падыход, прыняты ў еўрапейскай навуцы. З меркаваннем Розіна лічыліся цадзікі (набожныя вернікі), з ім супрацоўнічалі і прадстаўнікі свецкай навукі.

У 1914 годзе апынуўся ў зоне баёў Першай сусветнай вайны і з’ехаў у Петраград, дзесяць гадоў быў там хасідскім рабінам. У 1924 годзе вярнуўся ў Дзвінск і зноў стаў на чале абшчыны.

Разін падрыхтаваў да друку і апублікаваў пяць тамоў сваіх каментароў да «Мішні Тора» Майманіда (1903—1908) і два тамы тлумачэнняў. Чатыры наступныя тамы тлумачэнняў падрыхтаваны да друку вучнямі Розіна і выйшлі ў 1935-1938 гадах. Збор твораў Розіна ў пяці тамах, які ўключае прававыя навелы (хіддушым) да Мішны і каментары да Пяцікніжжа, выйшаў у 1960-1965 гадах.

Памёр 5 сакавіка 1936 года ў Вене, дзе праходзіў лячэнне ў санаторыі.

Пахаваны ў Даўгаўпілсе на яўрэйскіх могілках паміж пахаваннямі рабіна Мэір Сімха і рэшткамі 25 скруткаў Торы, якія пацярпелі ад пажару. У 1939 годзе на ягонай магіле быў пастаўлены помнік па праекце мясцовага архітэктара Натана Кірша. У 1970-х гадах старыя яўрэйскія могілкі былі знішчаны, але па просьбе яўрэйскай абшчыны частку пахаванняў, у тым ліку прах Розіна, перанеслі ў так званую яўрэйскую секцыю камунальных могілак Даўгаўпілса[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]