Сабор Святога Станіслава (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі
Галоўны фасад
Галоўны фасад
53°53′54″ пн. ш. 30°20′02″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Канфесія Каталіцызм
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Архітэктурны стыль Барока
Дата заснавання 1738
Будаўніцтва 17381752 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000020шыфр 513Г000020
Стан дзейнічае
Сайт jesus.by.com
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі, Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі і Святога Станіслава — каталіцкі сабор у Магілёве, Беларусь. Носіць статус сукафедральнага сабора Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Помнік архітэктуры ў стылі барока, пабудаваны ў 1738—1752 гадах. У інтэр’еры вылучаюцца фрэскі на біблейскія тэмы на скляпеннях храма.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш вядомая фрэска з касцёла з панарамай горада 1765 года. Злева двухвежавы кармеліцкі касцёл да перабудовы.

Сабор стаіць на месцы былога кляштара кармелітаў. У 1636 годзе на тэрыторыі кляштара была пабудавана драўляная царква, асвячоная ў імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1708 годзе падчас вялікага пажару гэта царква згарэла, а на яе месцы ў 1738—1752 гадах вялося будаўніцтва каменнага храма. Новы храм кармеліцкага кляштара быў асвячоны ў 1765 г. віленскім біскупам Ф. Зянковічам.

Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў 1871 г.

25 снежня 1772 года Кацярына II абвясціла пра стварэнне ў Расійскай імперыі каталіцкай Беларускай дыяцэзіі з цэнтрам у Магілёве. Дзесяццю гадамі пазней Беларуская дыяцэзія была ператворана ў Магілёўскую архідыяцэзію, якой падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія прыходы лацінскага абраду ў Расіі (у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу). З 1783 года храм кармеліцкага кляштара стаў кафедральным саборам магілёўскай архідыяцэзіі. Паколькі заступнікам сабора лічыўся Святы Станіслаў сабор звалі як саборам Унебаўзяцця, так і саборам Святога Станіслава. У звестках пра Магілёўскі кафедральны сабор у 1911 годзе ўказана: «Заступнік касцёла Св. Станіслаў Рымскі; назва касцёла Унебаўзяцце Найсвяцейшай Багародзіцы…»[1].

Інтэр’ер касцёла

У канцы XVIII стагоддзя сабор быў перабудаваны, у прыватнасці, да фасада быў прыбудаваны 4-калонны порцік. Роспісы на скляпеннях выкананы ў другой палове XVIII стагоддзя групай магілёўскіх мастакоў пад кіраўніцтвам Паўла Піятроўскага.

У жніўні 1929 г. ЦВК БССР зацвердзіў Пастанову аб пераводзе Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦАКР) БССР у Магілёў у сувязі з памежным становішчам Мінска. У 1930 г. архіў перавезлі ў Магілёў[2], дзе размясцілі ў былым будынку сабора Святога Станіслава[3].

У сувязі з нямецкай акупацыяй тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць архіва была прыпынена. Узімку 1941—1942 гадоў архіўныя фонды перавезлі ў клуб швейнікаў па Ленінскай вуліцы па загадзе нямецкага камандавання, каб вярнуць касцёл святога Станіслава вернікам[2].

У 1956 годзе сабор ізноў быў закрыты, у ім размясціўся Цэнтральны гістарычны архіў БССР. Паводле Пастановы Савета міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года архіў быў пераведзены ў Мінск. А ў будынак былога сабора пераехаў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. У гэты перыяд храм страціў частку роспісаў, быў беззваротна страчаны арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

Марка 1993 г. прысвечаная сабору

У пачатку 1990-х гадоў будынак сабора вернуты вернікам, рэстаўрацыя ішла аж да 1994 года. Сабор атрымаў статус сукафедральнага ва ўтворанай у 1991 годзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

З 1993 года сабор Св. Станіслава служыць адным з цэнтрам штогадовага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», які праводзіцца ў Магілёве.

Рэстаўрацыя 1990-х[правіць | правіць зыходнік]

Створаныя ў сярэдзіне XIX стагоддзя фрэскі цягам наступнага часу некалькі разоў панаўляліся, а ў XIX стагоддзі некалькі роспісаў былі перапісаныя наноў у клеявой тэхніцы. На пачатку XX стагоддзя часта сценапісу была закрыта слоем алейнай фарбы. Цяжкасці паўсталі пасля таго, як была пастаўлена некарэктная задача вярнуць інтэр’еру барочны выгляд, а значыць цалкам ачысціць яго ад пазнейшых напластаванняў. У выпадку з алейнай зафарбоўкай рана ці позна але яе трэба было б выдаляць, бо яе разбурэнне правакуе разбурэнне фрэскавага жывапісу[4].

Правядзенне мастацкіх работ Беларускай каталіцкай майстэрняй мастацтваў Беларускай каталіцкай грамады (БКММ БКГ), старшынёй якой быў Фелікс Янушкевіч, у інтэр’еры Станіславаўскага касцёла нанесла непапраўныя страты жывапісу. Часткова жывапіс быў страчаны незваротна без папярэдняй фіксацыі, часткова зроблена імітацыя роспісу XVIII ст. і г.д[4].

Пра культуру расчыстак магілёўскага сценапісу сведчыць публічнае прызнанне аднаго віцебскага мастака: ён адзін з 1992 года «адрэстаўраваў каля 2500 квадратных метраў старога жывапісу» — фактычна па некалькі метраў за дзень. Пры такіх тэмпах расчыстак страты магілёўскага сценапісу былі непазбежныя. Так была пашкоджана фальш-мармуровая паліхромія гзымсу, якая была затым папросту зроблена нананоў[4].

Праблема захавання сценапісу XIX стагоддзя нават не ставілася, ён не быў даследаваны і задакументаваны. Без выкарыстання спецыяльнай павелічальнай тэхнікі і інструментаў хірургіі вока, роўна як і без спецыяльнай методыкі ў прынцыпе немагчыма было зняць верхні клеявы слой не сапсаваўшы ніжні, «сухой» барочнай фрэскі, бо яны між сабой фактычна перамяшаныя[4].

Пасля татальных расчыстак магілёўскі сценапіс быў падноўлены, пры гэтым не было выканана патрабаванне Венецыянскай хартыі аб тым, што элементы, якімі замяняюцца страчаныя часткі мусяць адрознівацца ад арыгіналу такім чынам, каб рэстаўрацыя не фальсіфікавала мастацкі або гістарычны грунт. У выніку атрымаўся паноўлены сучаснымі мастакамі інтэр’ер, які адпавядаў утылітарным патрэба касцёльнай грамады, але як гістарычны дакумент страціў свае якасці[4].

Паводле пратаколу нарады ў начальніка Дзяржаўнай інспекцыі па ахове помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Бетарусь (Дзінас) ад 27.02.1992 з удзелам БКММ БКГ і прафесійных рэстаўратараў, якія на той час ужо працавалі ў Станіславаўскім касцёле, была адзначана «недапушчальнасць нескаардынаванага правядзення работ па рэстаўрацыі роспісаў асобнымі групамі выканаўцаў» і вырашана «ў мэтах паскарэння работ па рэстаўрацыі касцёла, затрымка тэрмінаў вытворчасці якіх пагражае беззваротнымі стратамі каштоўных вартасцяў помніка, прызнаць мэтазгодным арганізацыю сумеснай работы на аб’екце спецыялістаў Мінскага абласнога рэстаўрацыйнага ўпраўлення і Беларускай каталіцкай майстэрні мастацтваў БКГ»[4].

Але ўжо ў траўні на нарадзе ў касцёле Станіслава, уважаючы «на грубыя парушэнні вядзення рэстаўрацыйных работ БКММ», а таксама на «поўнае ігнараванне задання, выдадзенага БКММ навуковым кіраўніком», было канстатавана, што «без папярэдняй навукова-даследчай дакументацыі свавольна праведзены татальныя расчысткі люнетаў, гзымсаў, алтара. Расчысткі праведзеныя бессістэмна, без папярэдняй праектна-рэканструкцыйнай працы, з грубымі парушэннямі тэхналагічных метадаў». Пратакол нарады завяршаецца папярэджаным — «калі рэстаўрацыйная дзейнасць БКММ не будзе спынена, помніку пагражаюць беззваротныя страты». Аб тым, што «без папярэдняй графічнай фіксацыі стану жывапісу да рэстаўрацыі, хімічных даследаванняў, даследчых зандажоў, распрацоўкі мастацкай і тэхналагічнай канцэпцыі… рэстаўрацыі помніка і зацвярджэння методыкі выканання работ, зроблены свавольныя расчысткі жывапісу» паведамляецца і ў дакладной запісцы афіцыйнага навуковага кіраўніка на імя старшыні Дзінас, які паводле «Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» нёс «персанальную адказнасць за зберажэнне адметных вартасцяў і ўнікальных фрагментаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама за навуковую і мэтазгодную абгрунтаванасць рашэнняў, якія прымаюцца і рэалізуюцца»[4].

У кастрычніку 1993 г. навуковы кіраўнік праз немагчымасць выконваць свае законныя абавязкі адмовіўся весці аўтарскі нагляд за ходам рэстаўрацыйных работ, бо ў часе яго адсутнасці «Беларуская Каталіцкая Грамада непапраўна пашкодзіла роспісы»[4].

У лістападзе кампетэнтныя эксперты канстатавалі парушэнне заканадаўства пры вядзенні рэстаўрацыі насценнага жывапісу ў Станіславаўскім касцёле. У пратаколе было адзначана, што «па-першае, без адпаведных узгадненняў праекта рэстаўрацыі і дазволу БКММ былі самавольна распачатыя работы ў цэнтральным і бакавым нэфах касцёла па татальнай расчыстцы жывапісу, таніроўцы фрагментаў, рэканструкцыі страчаных фрагментаў кампазіцый. Па-другое, поўнасцю знішчана выява „Хрост“ цэнтральнага нефа, выкананая ў клея-крэйдавай тэхніцы, плошчай 9,5 м² і часткова знішчана выява „Гісторыя Магілёва“ цэнтральнага нефа, плошчай 9,5 м²»[4].

Па факце знішчэння роспісаў у касцёле Св. Станіслава была праведзена экспертыза, вынікі якой пацвердзілі, што ў часе рэстаўрацыйных работ «мастакамі-рэстаўратарамі БКММ цалкам расчышчаны ад запісаў сярэдзіны XIX ст. дзве кампазіцыі», а таксама выдалены пазнейшыя напластаванні яшчэ чатырох кампазіцый, а «ў месцах страт выканана рэканструкцыя». Экспертызу праводзілі спецыялісты Дзяржаўнага мастацкага музея РБ, у сувязі з чым яго дырэктар у лісце № 60 ад 3.02.1994 на імя старшыні Дзінас палічыў неабходным «навядзенне парадку ў рэстаўрацыі помнікаў манументальнага жывапісу ў Рэспубліцы», маючы на ўвазе сярод іншага і «пераатэстацыю рэстаўратараў з прадстаўленнем права вядзення рэстаўрацыйных работ»[4].

Тым часам, Дзяржінспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны перадала ў пракуратуру матэрыялы па фактах парушэння заканадаўства пры рэстаўрацыі сценапісу[4].

XXI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

15 жніўня 2018 года, у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у касцёле быў урачыста прэзентаваны і асвячоны новы арган, створаны ў гатычным стылі ў 1928 годзе вядомым нідэрландскім майстрам Леанам Вершурэнам  (гал.) дэ Хэйтхусенам для касцёла ў Эйндхавене[5].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. давед. — Мн., 2000.
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 9. — Мн., 1999. — С. 467.
  • Республика Беларусь : энциклопедия. Т. 5. — Мн., 2007.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 224—226.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]